Забытыя цені «Вялікай вайны»: маршрут ад Валожына да Смаргоні

Першая сусветная вайна пакінула на беларускай зямлі глыбокія шнары — лінія фронту стаяла тут цэлыя гады. Калі вы хочаце адчуць подых гісторыі, то прапануем выправіцца ў вандроўку па маршруце Валожын — Дзясятнікі — Баруны — Смаргонь. Гэта шлях праз маляўнічыя месцы і ціхія вёскі, дзе сярод высокіх соснаў і камянёў спачываюць жаўнеры малавядомай у Беларусі вайны.

Валожын: брама ў Налібоцкую пушчу

Panarama Valožyna
Панарама Валожына. Фота: bel.wikipedia.org

Пачынаем шлях з Валожына — горада на Міншчыне, вядомага з XIV стагоддзя. Цэнтральнае месца сярод славутасцяў Валожына займае палацава-паркавы ансамбль Тышкевічаў: палац у стылі класіцызму, аранжарэя, гаспадарчыя пабудовы і парк. Большасць будынкаў узведзеныя ў пачатку XIX стагоддзя. Комплексам валодаў вядомы магнацкі род Тышкевічаў да 1939 года. 

Palac Tyškievičaŭ
 Палац Тышкевічаў. Фота: vedaj.by

Затым палац быў перададзены дзяржаве. Сёння у сценах палаца Тышкевічаў і на прылеглай тэрыторыі з паркам размяшчаецца вайсковая часць.

Варта адзначыць касцёл Святога Юзафа (пачатак XIX стагоддзя) — цудоўны помнік архітэктуры класіцызму, а таксама валожынскі ешыбот — вышэйшую іўдзейскую навучальную ўстанову, навучанне ў якой арыентаванае на дасканалае вывучэнне Талмуда. 

Kasciol Sviatoha Juzafa
Касцёл Святога Юзафа. Фота: bel.wikipedia.org

У часы росквіту ў ешыбоце навучалася больш за 400 вучняў з усёй Расійскай імперыі. Валожынскі ешыбот стаў прататыпам большасці літвакоўскіх ешыботаў у свеце.

Valožynski ješybot
Валожынскі ешыбот. Фота: bel.wikipedia.org

З 1915 па 1918 гады тэрыторыя Валожынскага раёна знаходзілася блізка да лініі фронту, тут адбываліся лютыя баі, а ў горадзе месціліся акупацыйныя ўлады. Нягледзячы на вайну, ешыбот працягваў дзейнічаць, быў адкрыты і касцёл Святога Юзафа, які з 1864 года належаў праваслаўнай царкве і толькі ў 1919-м быў вернуты каталікам.

Дзясятнікі: манументальны мемарыял жаўнерам Першай сусветнай вайны

Гэтае месца на ўсім маршруце ўражвае, бадай, найбольш. Могілкі нямецкіх жаўнераў у Дзясятніках выглядаюць так, нібы вы апынуліся ў Нямеччыне. 

Калі шукаеце самае атмасфернае месца, звязанае з Першай сусветнай вайной, то Дзясятнкі пэўна туды трапляюць. 

Могілкі размешчаны на ўездзе ў вёску Дзясятнікі, на невялікім натуральным узгорку ля выгіну ракі. Яны былі ўпарадкаваны ўжо пасля вайны, у 1922 годзе, за польскім часам. Тут захавалася і мемарыяльная шыльда з нумарам пахавання: «cmentarz wojskowy nr. 361» — «вайсковыя могілкі № 361». 

Галоўны акцэнт — велічны бетонны арол, які сядзіць на паўсферы і нібы ахоўвае спакой пахаваных. Ён выглядае вельмі строга і манументальна. Ратонда з арлом была выраблена ў 1916 годзе архітэктарам Болманам з Брэмена. Невядома, ці быў помнік выраблены ў Нямеччыне і прывезены сюды або ўзведзены проста тут, на месцы.

Miemaryjal na mohilkach
Мемарыял на могілках. Фота: meridian28.com

Могілкі абнесены масіўнай мураванай агароджай з каменя, а ўваходная брама выглядае як партал у мінулае. Усё зроблена з нямецкай акуратнасцю і павагай да дэталяў. Усю плошчу пахавання займаюць невялікія акуратныя таблічкі-манументы, выкладзеныя роўнымі шэрагамі. Некаторыя з іх высечаны ў форме крыжа. Вылучаюцца дзве асобныя магілы з вертыкальнымі плітамі — хутчэй за ўсё, тут пахаваныя нямецкія афіцэры. 

На могілках побач спачываюць нямецкія, аўстрыйскія, беларускія і расійскія жаўнеры. Дата смерці ў пераважнай большасці — 1916 год, акурат калі тут усталяваўся фронт.

Чорны крыж і мемарыяльная шыльда з надпісам «Тут спачываюць жаўнеры — ахвяры Першай сусветнай вайны» была ўсталяваная ў 2010-х гадах з дапамогай нямецкіх дабрачынных фондаў. 

Пахаванне вельмі дагледжанае.

Баруны: барочная краса і могілкі жаўнераў Першай сусветнай

Далей наш шлях ляжыць у Баруны, дзе стаіць уражвальны барочны касцёл Святых Пятра і Паўла 1757 года пабудовы, а таксама кляштар базылянаў. 

Каля касцёла ўзвышаецца званіца.

У сутарэннях кляштара і касцёла падчас вайны былі склады і сховішчы, а ў самім кляштары немцы размясцілі вайсковы шпіталь.

Kasciol Piatra i Paŭla
 Касцёл Пятра і Паўла. Фота: bel.wikipedia.org

Але ў кантэксце нашай вандроўкі найбольшую цікавасць уяўляюць могілкі на ўскраіне Барунаў, дзе пахаваныя жаўнеры Першай сусветнай. Баруны блізка да лініі фронту, якая праходзіла каля Крэва і Смаргоні. Тут захаваліся тыповыя нямецкія бетонныя крыжы з імёнамі і датамі смерці (пераважна 1916–1917 гады). Многія з тых, хто пахаваны на мясцовых могілках, — гэта жаўнеры, якія памерлі ад ранаў у мясцовым кляштарным шпіталі.

Mohilki achviaram Pieršaj susvietnaj vajny ŭ Barunach
Могілкі ахвярам Першай сусветнай вайны ў Барунах. Фоты: 34mag.net

Нават праз 100 гадоў структура могілак чытаецца выразна, як прадуманы архітэктурны аб’ект.

У Барунах, як і у Дзясятніках, могілкі адносяцца да тых нешматлікіх, дзе нямецкія і расійскія жаўнеры пахаваныя разам. Гэта вынік асаблівага стаўлення тагачасных вайскоўцаў да гонару. Найвядомейшае пахаванне тут — экіпаж расійскага бамбавіка «Ілля Мурамец».

25 верасня 1916 года велізарны чатырохматорны самалёт «Ілля Мурамец» (экіпаж Макшэева) уступіў у бой з чатырма нямецкімі знішчальнікамі. Расійскія лётчыкі збілі тры самалёты праціўніка, але самі загінулі. Немцы былі так уражаны адвагай экіпажу, што пахавалі іх з усімі вайсковымі ўшанаваннямі, паставілі помнік і напісалі на ім імёны герояў-ворагаў. 

Арыгінальны помнік, на жаль, не захаваўся. У 2009 годзе на ўзбочыне дарогі Баруны-Крэва быў устаноўлены памятны валун у гонар загінулага экіпажу.

Sučasny pomnik ekipažu ŭ Barunach
Сучасны помнік экіпажу ў Барунах. Фота: strada.by

Смаргонь — месца бескампраміснага гераізму і жаху 

Гэты горад на Гарадзеншчыне трымаў абарону 810 дзён. Пасля вайны з 16 тысяч жыхароў сюды вярнуліся засяляць руіны каля 150 чалавек. Смаргонь, цалкам разбураная нямецкай артылерыяй, перакапаная акопамі і траншэямі, выглядала жудасна. Сучаснікі называлі Смаргонь «мёртвым горадам». 

Менавіта пад Смаргонню 6 жніўня 1916 года расійскія войскі ўпершыню прымянілі атаку газавымі аэрастатамі. 

Мемарыяльны комплекс на вуліцы Савецкай — найбуйнейшы ў Беларусі аб’ект, прысвечаны тым падзеям. Гэты помнік — цэлая філасофская прастора, якая праводзіць наведніка праз пекла пазіцыйнай вайны. Адкрыццё помніка адбылося 1 жніўня 2014 года, да 100-й гадавіны ўступлення Расійскай імперыі ў Першую сусветную вайну.

Ahuĺny vid na miemaryjal
 Агульны від на мемарыял. Фота: bel.wikipedia.org

Помнік займае плошчу 12 гектараў і складаецца з трох частак:

Скульптура «Бежанцы» — балючы напамін пра сотні тысяч беларусаў, чый спрадвечны лад жыцця зруйнавала вайна.

Кампазіцыя «Праклён вайне», якая перадае ўвесь абсурд і трагедыю сусветнага канфлікта.

«Крылаты геній славы жаўнера» — велічны сімвал памяці тых, хто застаўся ў гэтай зямлі.

На тэрыторыі мемарыяла пракладзены дарожкі, пабудавана капліца, а таксама ўсталяваны «Камень памяці» з тэкставым зваротам да нашчадкаў.

Kamień pamiaci
Камень памяці. Фота: shimoff.livejournal123

Уваход у мемарыяльны комплекс пазначаны Георгіеўскім крыжам.

budzma.org