Што паглядзець на Іўеўшчыне. Частка першая

Вось і лета. Самы час працягваць спазнаваць Беларусь праз вандроўкі. Гэтым разам плануем маршрут па Іўеўскім раёне.


Што паглядзець у самім раённым цэнтры, горадзе Іўі, мы распавядалі раней. Да першага пункту маршрута ад Мінска каля 120 км., па ўсіх пунктах можна праехаць на ўласным аўто ці спынам за суткі, атрымаецца кола каля 100 км.

Такім чынам, прапануем наступную вандроўку: Дуды — Ліпнішкі — Геранёны — Суботнікі — Жамыслаўль — Трабы — Сурвілішкі — Лаздуны.

1.jpg

Дуды

Праз 120 кіламетраў ад Мінска, збочыўшы направа з М6, трапляем у вёску Дуды Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці. Асноўнай славутасцю, якую трэба пабачыць тут, з’яўляецца драўляны барочны касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі 1772 года пабудовы. Гэты храм унікальны, бо ваенныя ліхалецці абышлі яго бокам, і ён ад часу ўзнікнення ніколі істотна не перабудоўваўся, сёння ўбачыць яго можна ў першасным выглядзе. За савецкім часам касцёл быў пераабсталяваны пад зернясховішча, вернуты вернікам у 1990 годзе. У Беларусі зусім няшмат драўляных архітэктурных помнікаў, захаваных у добрым стане ажно з XVIII стагоддзя, таму храм у Дудах абмінаць не варта.

Чытайце таксама: Што паглядзець на Шчучыншчыне. Частка першая

2.jpg
Фота: vedaj.by

Побач з касцёлам можна пабачыць званіцу, пабудаваную адначасова з касцёлам. Тэрыторыя побач з храмам абнесеная каменнай агароджай, тут варта звярнуць увагу на шматлікія надмагіллі, некаторыя з іх датуюцца ажно XVIII стагоддзем.

3.jpg
Фота: vedaj.by

У храме знаходзіцца дзейны арган 1893 года, зроблены майстрам Фларыянам Астраменцкім.

4.jpg
Фота: vedaj.by

5.jpg
Фота: vedaj.by

Ліпнішкі

Наступны наш прыпынак — колішняе магдэбургскае мястэчка, вядомае з ХV стагоддзя, сёння — вёска Ліпнішкі Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці.

Чытайце таксама: Што паглядзець на Шчучыншчыне. Частка другая

6.jpg
Герб Ліпнішак, упершыню нададзены мястэчку 6 чэрвеня 1633 года

Архітэктурная перлінай Ліпнішак — неагатычны касцёл Святога Казіміра, пабудаваны ў 1910 годзе. Касцёл фундаваны Аляксандрам Вольскім — тагачасным гаспадаром Ліпнішак. Храм быў узведзены па праекце французскіх архітэктараў з камянёў, сабраных у ваколіцах (частка была прывезеная з Геранёнскага замка) менавіта для будаўніцтва, якія ўласнаручна апрацоўваліся месцічамі і запрошанымі майстрамі. Касцельная агароджа і брама таксама пабудаваныя разам з касцёлам і ўяўляюць цікавасць для аматараў даўніны.

7.jpg
Фота: planetabelarus.by

Унутры касцёла захоўваецца самы вялікі цалкам механічны арган у Беларусі, зроблены майстрам Фларыянам Астрамнецкім у пачатку ХХ стагоддзя.

8.jpg
Фота: argany.by

Ліпнішкі вядомыя ў пісьмовых крыніцах ажно з XVI стагоддзя праз звесткі аб мясцовай каталіцкай парафіі. Першы касцёл тут быў узведзены ў 1510 годзе. На месцы старога касцёла ў 1890 годзе была ўзведзеная каплічка, якая ўнесеная ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі.

Чытайце таксама: Вандруем па сталіцы заходняга Палесся — Пінску

9.jpg
Фота: vedaj.by

У Ліпнішках да 1939 года была і сядзіба апошніх гаспадароў мястэчка — роду Вольскіх. Да нашых дзён захавалася толькі некалькі гаспадарчых пабудоваў, але і тыя напаўразбураныя.

10.jpg
Фота: vedaj.by

11.jpg
Фота: fotobel.by

Геранёны

Чарговым пунктам нашай вандроўкі будуць Геранёны — колішняе магдэбургскае мястэчка Віленшчыны, а сёння аграгарадок у Іўеўскім раёне. Геранёны вядомыя з пісьмовых крыніц ажно з ХVстагоддзя.

12.jpg
Герб Геранёнаў, упершыню нададзены мястэчку ў 1630-я

Вядома, што ўжо ў 1529 годзе тут з’явіўся касцёл. Да сёння ён шмат разоў перабудоўваўся, набыў рысы позняга барока, пазней — класіцызму, але ў аснове храма заставалася пабудова пачатку ХVІ стагоддзя. Сёння касцёл асвечаны ў гонар Святога Мікалая і адкрыты для вернікаў.

13.jpg
Фота: vedaj.by

Інтэр’ер касцёла выкананы ў стылі класіцызму. Сюжэтныя і арнаментальныя роспісы сценаў храма датуюцца 1934 годам.

14.jpg
Фота: vedaj.by

Асаблівую цікавасць выклікае арган у стылі ракако, зроблены адным з братоў-майстроў, Паўлам ці Мікалаем Цэле, напрыканцы ХVІІІ стагоддзя, грунтоўна перабудаваны ў 1929 годзе.

15.jpg
Фота: argany.by

Познебарочны фасад інструмента лічыцца адным з самых прыгожых у Беларусі. Цэнтральная вежа ўпрыгожаная скульптурай караля Давіда з арфай, бакавыя вежы — фігурамі анёлаў з трубой і траверсфлейтай.

16.jpg
Фота: argany.by

Побач з касцёлам размешчаная званіца, закладзеная ў ХІХ стагоддзі, агароджа вакол храма і брама таксама будаваліся ў гэты час.

17.jpg
Фота: vedaj.by

Насупраць касцёла можна заўважыць парослы дрэвамі маляўнічы пагорак. У ХV стагоддзі тут размяшчаўся замак роду Гаштольдаў — тагачасных гаспадароў мястэчка. Сёння ад замка засталіся толькі фрагменты муроў.

18.jpg
Фота: vedaj.by

Вядома, што замак быў узведзены на высокім падмурку, даўжыня яго каменных сценаў складала 27 метраў, таўшчыня — 2 метры, па кутах узвышаліся 4 цыліндрычныя вежы дыяметрам 8 метраў. У ХVІ стагоддзі да адной са сцен замка быў прыбудаваны двухпавярховы каменны палац замест драўлянага.

19.jpg

Замак быў разбураны ў ХVІІ стагоддзі, а ў ХІХ ст. яго канчаткова расцягалі на будаўнічыя матэрыялы. Як выглядаў замак у ХІХ стагоддзі, мы можам пабачыць на малюнках Напалеона Орды.

Чытайце таксама: Вандруем па старажытнай Наваградчыне. Дзень першы

20.jpg
Фота: vedaj.by

Мяркуецца, што падчас пабудовы касцёла ў вёсцы Ліпнішкі, сядзібнага дома Корвінаў-Мілеўскіх у Геранёнах былі скарыстаныя камяні, якія засталіся ад сярэднявечнага замка. Ад сядзібы Корвін-Мілеўскіх у Геранёнах сёння захавалася толькі некалькі гаспадарчых пабудоў.

21.jpg
Фота: radzima.org

Па дарозе да наступнага пункта нашай вандроўкі, Суботнікаў, амаль на выездзе з Геранёнаў, варта звярнуць увагу на каплічку ХІХ стагоддзя. Увогуле ў гэтым кутку Беларусі прыдарожныя капліцы — асобны від мастацтва: бадай у кожнай вёсачцы можна сустрэць як больш, так і менш старадаўнія капліцы са сваімі адметнасцямі.

Суботнікі

Наступным разам раім прыпыніцца праз 12 кіламетраў у былым мястэчку, сёння аграгарадку, Суботнікі. Мястэчка вядомае з часоў Вітаўта, але пад назвай Суботнікі ўпершыню ў пісьмовых крыніцах згадваецца толькі ў 1545 годзе.

22.jpg
Фота: vetliva.by

Сёння тут немагчыма абмінуць касцёл Святога Станіслава. Першы касцёл у Суботніках (раней Геранёны Манівідавыя) згадваецца ў 1423 годзе. Сённяшні мураваны касцёл узведзены на пачатку ХХ стагоддзяў у неагатычным стылі па фундацыі графа Уладзіслава Умястоўскага. Пад самім касцёлам знаходзіцца крыпта з родавай пахавальняй Умястоўскіх і Дунін-Раецкіх, тут пахаваны і сам фундатар. Пахаванні перанеслі сюды з папярэдняга драўлянага касцёла. Тут усталяваны жалобны алтар, скляпенні дэкараваныя паліхромнымі мазаікамі ў стылі мадэрн, сцены аздобленыя скандынаўскім гранітам. Над уваходам размешчаны надпіс на лаціне «Frangas, nonflectes», так кажуць пра моцных: «Зламаеш, але не схінецца».

Чытайце таксама: Вандруем па старажытнай Наваградчыне. Дзень другі

23.jpg
Фота ivie-lib.by

24.jpg
Фота: planetabelarus.by

Унутры храма варта звярнуць увагу на левы бакавы алтар, на другім ярусе якога размешчаны цудадзейны абраз Маці Божай з Дзіцяткам Езусам. Сам абраз невялікі па памерах, намаляваны на меднай дошцы, упрыгожаны дыяментамі.

25.jpg
Фота ivie-lib.by

Абраз быў перанесены з папярэдняга драўлянага касцёла, як і драўляны арган, 1895 года, выкананы ў неагатычным стылі. Першы суботніцкі арган быў зроблены ў 1809 годзе, некалькі трубаў з яго пазнейшы майстар скарыстаў для пабудовы аргана, які можам сёння пабачыць у храме.

26.jpg
 Фота: argany.by

Мясцовыя жыхары распавядаюць гісторыю пра то, як пасля смерці ксяндза ў 1962 годзе ўлады хацелі забраць арган з касцёла, але арганіст Ян Навіцкі, які шмат гадоў працаваў у суботніцкім касцёле, запэўніў камісію, што ў касцёле будзе ў хуткім часе адкрытая дзіцячая музычная школа, і ў якасці аргумента зайграў ім на аргане «Кацюшу». Так арган застаўся ў касцёле і дайшоў да нас у добра захаваным стане.

27.jpg
 Фота: vedaj.by

Каменная агароджа вакол касцёла таксама старэйшая за сам будынак — датуецца ХІХ стагоддзем. У агароджу пазней убудавалі некалькі каплічак, што сімвалізуюць крыжовы шлях, і ўзвялі неагатычную, адпаведна касцёлу, браму.

28.jpg
Фота: generation.by

Яшчэ Суботнікі вядомыя тым, што тут нарадзіўся адзін з выбітных нацыянальных дзеячаў сучаснасці — Зянон Станіслававіч Пазняк, унук Яна Пазняка, вядомага выдаўца і публіцыста, таксама народжанага у Суботніках. Хата Зянона Станіслававіча захавалася ў добрым стане, ёй апякуюцца суседзі. Маці Зянона, Гання Яўхімаўна, што спачыла ў 2012 годзе, пахаваная на мясцовых каталіцкіх могілках.

29.jpg
Фота: generation.by

У цэнтры Суботнікаў ёсць рэстаран, але ён працуе толькі на спецабслугоўванне, і паесці там у звычайны дзень наўрад ці атрымаецца. Але ёсць пара крамаў, дзе можна падсілкавацца, каб працягнуць шлях па Іўеўшчыне.

Працяг будзе. Вандруйце разам з «Будзьма!».

ПЖ, Budzma.by