«Захад-2021»: удар па ўсіх напрамках

Вучэнні «Захад-2017» мелі настолькі вялікі розгалас у Еўропе, што да падобных манеўраў у 2021-м на Захадзе ставіліся больш сур'ёзна, чым чатыры гады таму. Дадатковым фонам сёлета для вайсковых мерапрыемстваў на тэрыторыі Расіі і Беларусі была перакідка ўзбраенняў да мяжы з Украінай у сакавіку-красавіку, а таксама грамадска-палітычная турбулентнасць у Мінску.


Таму цікава даведацца аб рэакцыі заходніх экспертаў у вайсковай галіне на мінуўшыя манеўры, іх параўнанні з вучэннямі ў 2017-м.

zapad-2017-russia-belarus-military-manuovers-drills-summary.jpg

Калі ў краінах Балтыі ў большай ступені спасылаюцца на думку амерыканскіх аналітыкаў і рухаюцца ў фарватары заакіянскай палітыкі, польскія і нарвежскія вайсковыя спецыялісты маюць магчымасць больш дэтальна знаёміць грамадскасць з уласнымі меркаваннямі.

Ад лагістыкі да атамнай зброі

У дэтальным матэр'яле польскага сайта defence24.pl аўтары разабралі сцэнар мінуўшых манеўраў і параўналі іх з вучэннямі ў 2017-м г. Засяродзіўшы асаблівую ўвагу на ролі беларускай тэрыторыі, якая мае істотнае значэнне ў сцэнары расійскіх вайскоўцаў.

Адразу неабходна адзначыць, што ва ўсіх падобных вучэннях тэрыторыя нашай краіны разглядаецца толькі як адзін з плацдармаў для канцэнтрацыі вялікай колькасці жывой сілы і тэхнікі. Агулам жа сцэнар прадугледжвае фронт ад Баранцавага да Чорнага мора.

Асобна ва ўсіх вучэннях праходзіць адпрацоўка прымянення атамнай зброі.

«Напрыклад, у 2017 была інсцэніроўка нанясення ўдараў з паветра (былі ўзнятыя бамбардзіроўшчыкі на Балтыйскім і Нарвежскім марамі), на палігоне ў Плясецку праведзены запуск міжкантынентальнай ракеты, таксама быў задзейнічаны падводны човен.»

Польскія аналітыкі ўважліва сочаць за ходам мілітарызацыі Беларусі. На старонках партала defence24.pl аўтары падкрэсліваюць усё большую, у параўнанні з 2017, інтэграванасць беларускай вайсковай структуры ў расійскую.

Адзначаецца, што ўзброеныя сілы Рэспублікі Беларусь і поўная інфраструктура ў Беларусі (аэрапорты, дарогі, палігоны, базы, склады) з’яўляюцца своеасаблівым лагістычным вузлом для групоўкі саюзнікаў — Рэгіянальнай вайсковай групы. Такім чынам, надзвычай важную ролю адыгрывае, напрыклад, беларуская чыгуначная інфраструктура, якая дазваляе хутка перамяшчаць сілы і рэсурсы. Падкрэсліваецца разбудова вучэбнай інфраструктуры, якая дазваляе прымаць буйныя саюзныя сілы, лагістычныя адзінкі і размяшчаць іх у палявых лагерах, на розных базах і складах.

Кідок з Гарадзеншчыны на поўнач

Як і польскія эксперты, нарвежцы звяртаюць увагу на значнасць так званага Сувалкскага калідора для злучэння Калініградскай вобласці РФ з пастаўкамі вайсковай тэхнікі па чыгунцы. Нягледзячы на тое, што расійская авіяцыя адпрацоўвае прымяненне буйных авіяўдараў па поўначы Нарвегіі, нарвежскія вайскоўцы падкрэсліваюць істотнасць і «беларускага напрамку» для бяспекі сваёй краіны: «Падчас вучэнняў была разгорнута лагістычная група для забеспячэння расійскіх войскаў, у тым ліку паветраныя сілы і ракетныя падраздзяленні. Застаецца высветліць, ці гэта не падрыхтоўка да сталай прысутнасці?

zapad-2017-russia-belarus-military-manuovers-drills-summary-tanks.jpg

Верагодна, адной з мэтаў вучэнняў у гэтым раёне было ўзмацненне магчымасцяў Расіі па ўзяцці пад кантроль Сувалкскага калідора.»

Пакуль што адсутнічае дастаткова інфармацыі пра адпрацоўку перакіду на тэрыторыю Беларусі расійскіх ракетных сістэм з вялікай адлегласцю прымянення. Але адзначаецца, што інфраструктуру могуць рыхтаваць да такіх захадаў.

Падкрэсліваецца асаблівая ўвага падчас манеўраў 2021 да каардынацыі дзеянняў расійскіх і беларускіх вайскоўцаў па падтрыманні функцыянавання чыгуначных пад’ездаў, рамонце мастоў і дарог.

Украінскі напрамак

Вельмі істотным з’яўляецца і авіяцыйны складнік узаемадзеяння расійскіх і беларускіх вайскоўцаў. Менавіта авіяцыйныя манеўры, якія лічацца часткай вучэнняў Захад, могуць адбывацца не абавязкова падчас фінальнай фазы. Нарвежскія эксперты адзначаюць авіяцыйныя манеўры ў паветры за палярным кругам увесну.

Прыблізна ў гэты ж час, па інфармацыі афіцыйнага сайта mil.by, адбылася сумесная беларуска-расійская штабная трэніроўка паветраных сілаў і супрацьпаветранай абароны. Адпрацоўвалася перабазіраванне авіяцыі Паветрана-касмічных сіл Расіі на аэрадромы Рэспублікі Беларусь. А менавіта на поўдзень нашай краіны.

Такім чынам, верагодна, што беларуская тэрыторыя можа разглядацца расійскім вайскоўцамі не проста як геапалітычны плацдарм для націску на заходнія краіны, але і ў якасці лагістычнага хаба для здзяйснення аперацый на ўсіх накірунках — захад, поўнач і поўдзень.


Аляксей Гайдукевіч, budzma.org

Фота: warsawinstitute.org