Як распавяла Край.бай дырэктар музея Любоў Белуш, усе працы па стварэнні залы былі завершаны 27 лістапада, зараз яна адчынена для наведвальнікаў і працуе ў адпаведнасці з музейным раскладам – штодня з 9.00 да 18.00, акрамя панядзелка.
Паўтара гады таму ў музеі завяршылася рэканструкцыя. У адным з пустуючых памяшканняў вырашылі размясціць залу народнай творчасці.
«Плошча новай залы складае больш за 30 квадратных метраў. Экспазіцыю музея заканчвае тэма народнай творчасці, і зала – своеасаблівы яе працяг “, – патлумачыла Любоў Белуш.
Паводле задумы стваральнікаў, новая зала завяршае экспазіцыю і адначасова прадастаўляе наведвальнікам магчымасць пазнаёміцца з сучаснай народнай творчасцю і набыць штосьці на памяць. Дадатковая плата за яе наведванне не прадугледжваецца. А навуковы супрацоўнік музея зможа распавесці гасцям аб традыцыях беларускіх рамёстваў і сялянскім побыце і адказаць на іх пытанні.
«У зале народнай творчасці прадстаўлены работы рамеснікаў, пакуль толькі смаргонскіх. Але мы не плануем гэтым абмяжоўвацца. Магчыма, з часам з’явяцца вырабы майстроў з іншых раёнаў », – адзначыла Любоў Белуш.
Пры гэтым, паводле слоў суразмоўцы, тут можна будзе ўбачыць і купіць практычна ўсё, што робяць мясцовыя майстры. Рамеснікам прадастаўляецца магчымасць мяняць асартымент сваіх вырабаў, прыносіць нешта дадаткова. «Майстры – частыя госці розных кірмашоў і фестываляў і добра ведаюць, якая прадукцыя карыстаецца попытам у пакупнікоў. Таму для іх існуюць такія мяккія ўмовы, па-за строгіх рамак. Што ж тычыцца саміх вырабаў, у зале прадстаўлены дрэва, метал, кераміка, лён, скура, саломка. Вось нядаўна прынеслі дамавічкоў з ільну », – распавяла дырэктар музея.
Яна адзначыла, што выраб розных прадметаў ўручную – працаёмкі працэс, які займае не адзін дзень. Таму шматлікія майстры працуюць толькі пад заказ. Асабліва гэта тычыцца вышыўкі, вырабаў з лазы, якія таксама плануюць размясціць на выставе.
Субяседніца удакладніла, што друкаваную прадукцыю музея, кнігі, паштоўкі, буклеты, фотаальбомы, сувеніры прамысловай вытворчасці, як і раней, будзе прапаноўваць сувенірны кіёск музея. А ў новым зале прадстаўлены выключна вырабы ручной працы. «Знайсці незвычайны падарунак, штосьці на памяць гасцям горада, прапанаваць замежнікам сувеніры з мясцовым каларытам – такія рэчы будуць толькі ў нас, больш нідзе», – сказала яна.
Плануецца, што ў зале народнай творчасці Смаргонскага гісторыка-краязнаўчага музея таксама будуць прадстаўлены жывапісныя работы мясцовых мастакоў.
Вольга Няўзорава, kraj.by