Аўдыявыдавецтва audiobooks.by і Незалежная тэатральная група «Купалаўцы» адкрылі збор на стварэнне аўдыяверсіі кнігі Максіма Знака «Зэкамерон»

«Зэкамерон. Вершы. Гутаркі» — гэта апошняе дапоўненае выданне кнігі Максіма Знака на беларускай мове (выдавецтва «Полацкія лабірынты»).

Тэксты гэтага зборніка ствараліся ў першы год утрымання Максіма Знака ў СІЗА, калі творчая дзейнасць за кратамі і перадача рукапісаў яшчэ былі магчымыя. Частка твораў у апошнім выданні была апублікаваная ўпершыню. 


Zekamieron

«Чытач/слухач гэтай кнігі можа стаць часткай гутарак з Максімам, наведаць яго ў камеры, дзе пад кубачак гарбаты пажартаваць пра сумнае ці паспрачацца пра высокае. Або проста прачытаць тэксты і праспяваць песні на словы Максіма, даючы ім голас, якога яны на сёння пазбаўленыя.

Мы аб’ядналіся, каб даць магчымасць голасу Максіма Знака прагучаць паўсюль, дзе можа быць уключаны аўдыязапіс», — распавядаюць прадстаўнікі аўдыявыдавецтва audiobooks.by і Незалежнай тэатральнай групы «Купалаўцы».

Хто гэта робіць?

Праект стварэння аўдыяверсіі апошняга выдання кнігі па-беларуску — гэта супольная праца аўдыявыдавецтва audiobooks.by і Незалежнай тэатральнай групы «Купалаўцы».

Сёлета акторы Сяргей Чуб і Алег Гарбуз разам з музыкам Уладзімірам Пугачам і рэжысёрам Войтэкам Урбаньскім прэзентавалі спектакль паводле кнігі палітвязня Максіма Знака

Разам з творчым складам спектакля плануецца стварыць не проста аўдыякнігу, а сапраўдны аўдыяспектакль, галасамі выдатных беларускіх актораў і акторак з легендарнай тэатральнай трупы нацыянальнага Купалаўскага тэатра. 

Як паўдзельнічаць у зборы?

На выданне аўдыяверсіі кнігі Максіма Знака «Зэкамерон» неабходна сабраць 4500 еўра. Сабраныя сродкі пойдуць на запіс, мантаж, музычнае аздабленне. Аўдыязапіс будзе выкладзены на ўсіх буйных платформах у бясплатным доступе.

Падтрымаць збор можна на платформе gronka.org па спасылцы.