Вітаўт Руднік — вядомы ў Беларусі і за яе межамі журналіст, трэнер і адукатар. А яшчэ ён з’яўляецца знаўцам міжнароднага футбола і выдаў ужо не адну кнігу. Budzma.org дае аўтару слова, каб распавесці пра сваё захапленне і новае выданне пад назвай «Вялікая кніга чэмпіёнаў 1908 — 2018».
Я вырас у вёсцы побач з Астраўцом, і футбол быў адной з нешматлікіх дасяжных тады дзецям забаваў. Колькі сябе помню — з ранняй вясны да позняй восені ў вольны ад вясковай працы час ганяў з сябрамі мяч на крывым полі з самаробнымі варотамі, а вечарамі спрабаваў лавіць на старэнькім тэлевізары матчы мінскага «Дынама», «Жальгірыса» (літоўскае тэлебачанне паказвала лепш, чым БТ) ды зборнай СССР.
Да 10 класа я быў упэўнены, што буду паступаць у інстытут фізкультуры, стану футбольным трэнерам і зраблю дзіцячую каманду са сваёй вёскі чэмпіёнамі вобласці:) Але ў апошні момант выбар быў зроблены на карысць гісторыі, і ўрэшце я паступіў на гістфак. Ну а з цягам часу любоў да футбола і да гісторыі атрымалася лагічна спалучыць у напісанні кніг, прысвечаных гісторыі футбола.
Думаю, што тут у мяне «стандартны» для беларусаў майго пакалення набор «сімпатый». Спачатку гэта было мінскае «Дынама», якое перамагло ў чэмпіянаце СССР 1982 г. і стала 3-м у 1983 г. Затым я даведаўся пра гродзенскі «Хімік», які гуляў у другой саюзнай лізе і хутка стаў маёй другой «сімпатыяй». Добра помню, як гэта ўратавала мяне ў час аднаго з першых прыездаў у Гродна. Адразу на аўтавакзале мяне ўзялі ў кола хлопцы моцнага целаскладу ды пачалі распытваць у мяне — «калгасніка» пра тое, як згуляў «Хімік», хто забіваў галы. Аказалася, што гэта былі такія хуліганы-фанаты, але ў выпадку са мной ім не пашанцавала, бо я ведаў адказы на ўсе пытанні.
Ну, а сярод замежных каманд у мяне дзве вялікія сімпатыі — гэта бел-чырвона-белы нідэрландскі «Аякс» ды брытанскі «Ліверпуль». Не здраджваю ім дагэтуль.
Спартыўная журналістыка вабіла мяне заўсёды. Як толькі ў краіне з’явіліся першыя прафесійныя выданні (спачатку «Прессбол», а затым «Футбол Беларусі»), я пачаў супрацоўнічаць з імі як пазаштатны аўтар. Затым, дзякуючы вядомаму гродзенскаму журналісту Валерыю Задалю, атрымаў прапанову весці спартыўныя навіны на гродзенскім тэлебачанні, каментаваць футбол са стадыёна «Нёман». Затым, аднак, на тэлебачанні змянілася ўлада, і я сышоў з тэлебачання, сфакусаваўшся на працы ў газеце «Пагоня», дзе таксама шмат пісаў пра спорт. Ну, а потым давялося абіраць паміж прафесійнай журналістыкай і грамадскай дзейнасцю...
Ужо ў канцы 80-х, у студэнцкім інтэрнаце ў Гродне, я пачаў сістэмна збіраць інфармацыю пра футбалістаў і трэнераў, якія вызначыліся ў гісторыі футбола. Кампутараў тады не было, і я запісваў сабраныя звесткі ад рукі на картках, якія складаў у самаробныя фанерныя скрынкі. У выніку такая «картатэка» складалася з амаль 10 тысяч картак і некалькіх скрынак. У канцы 90-х спатрэбілася пару гадоў, каб перавесці гэта ўсё ў электронны фармат. Тады і з’явілася ідэя, што наспеў час паспрабаваць выдаць некалькі футбольных даведнікаў па-беларуску. Ідэя была амбітнай і натхняла на тое, каб назбіраць як мага больш цікавых лічбаў і фактаў. Шматгадовыя корпанні ў біблітэках (у Гродне ў пошуках інфармацыі даводзілася перачытваць нават газету французскіх камуністаў «Юманітэ»), пошукі маладасяжных у тыя часы замежных выданняў, перапіска з такімі ж фанатамі футбольнай гісторыі з іншых гарадоў і краін — дзякуючы ўсяму гэтаму і назбіралася інфармацыя, якую не сорамна было ўжо паказваць людзям.
Першае маё выданне было прысвечана футбалістам і трэнерам, якія перамагалі ў чэмпіянатах свету па футболе ў 1930-2006 гг. Яно выйшла ў 2006 г. Далей па задуме павінны былі з’явіцца асобныя кнігі, прысвечаныя чэмпіёнам Еўропы, чэмпіёнам Паўднёвай Амерыкі, а таксама пераможцам Алімпійскіх гульняў. Але потым з’явілася задума аб’яднаць гэта ўсё пад адным «дахам». Так і з’явілася «Вялікая кніга чэмпіёнаў. 1908-2018».
Гэта такі энцыклапедычны даведнік, у якім сабраныя звесткі пра ўсіх футбалістаў і трэнераў, якія перамагалі на чатырох наймацнейшых турнірах нацыянальных зборных каманд: Алімпійскіх гульнях, чэмпіянатах свету, чэмпіянатах Еўропы і ў Кубку Амерыкі. Апроч стандартнага набору звестак (дзе нарадзіўся, дзе і за каго гуляў, дзе перамагаў і г.д.), у даведніку хапае і розных цікавых фактаў пра маіх герояў, не звязаных з футболам. У гэтым сэнсе асабліва цікавыя біяграфіі гульцоў, якія гулялі ў пачатку і ў сярэдзіне ХХ стагоддзя. Многім з іх давялося прайсці праз войны, палоны, вымушаныя эміграцыі ды іншыя жыццёвыя цяжкасці.
Праца над гэтай кнігай заняла больш за 10 год, бо працаваць даводзілася ў вольны ад маёй адукатарскай і грамадскай дзейнасці час. Складана было таксама знайсці сродкі, бо першачарговыя планы на тое, што атрымаецца знайсці генеральнага спонсара і выдаць кнігу вялікім накладам, абваліліся разам з пандэміяй, а затым і з палітычнай сітуацыяй у краіне. Таму я вельмі ўдзячны людзям, якія паспелі ахваряваць на кнігу праз «Талаку». Гэтых грошай акурат хапіла на дызайн і ўкладанне кнігі. Ну, а на друк ужо давялося збіраць уласныя грошы, што заняло крыху часу. У выніку кніга, якая мела з’явіцца на свет на пачатку лета 2021 г., надрукавалася толькі зараз.
Тут няма чаго фантазіраваць, бо ёсць канкрэтныя планы. Ужо ў значнай ступені гатовыя матэрыялы для даведніка з умоўнай пакуль назвай «Кавалі перамог». Кніга будзе прысвечаная трэнерам, якія прыводзілі свае дружыны да перамог на кантынентальных турнірах: Кубку Азіі, Кубку Амерыкі, Кубку Афрыканскіх Нацый, Кубку Акіяніі, Кубку Цэнтральнай і Паўночнай Амерыкі, чэмпіянаце Еўропы.
Даўно ўжо чакае свайго часу і чарнавы варыянт кнігі пра пераможцаў Лігі чэмпіёнаў. Ёсць і яшчэ некалькі цікавых ідэй. Былі б час і здароўе!
Падрыхтаваў Алесь Масевіч, budzma.org