Савецкія падручнікі. Больш дысцыпліны. Ідэалогія. Выхаванне працай. Ангельская мова — не трэба. «Школа — гэта храм». Вось кароткі змест апошняй адукацыйнай нарады з удзелам чыноўнікаў Лукашэнкі. Відавочна, што адукацыі стане менш, кантролю — больш.
Даўным-даўно, на пачатку нулявых у нас у класе гісторыі нехта заляпіў вочы на партрэце Лукашэнкі «жуйкамі». Ідэалагічныя рамкі яшчэ не былі такімі жорсткімі, але выкладчыца гісторыі паклікала дырэктарку. І пачалося... «Вы ж бульбу ядзіце?!» — я запомніў толькі гэты дырэктарскі крык. І ўжо тады сама пастаноўка пытання падалася дзіўнай: пры чым тут бульба? Лукашэнка ўсіх корміць?..
Ты — абавязаны Левіяфану. Бо вылез з мамы на гэтай тэрыторыі...
Але гэта і ёсць квінтэсенцыя пытання адукацыі. Адначасна — ключык да ўсіх пытанняў. У разуменні Лукашэнкі, чыноўнікаў і ўсіх бюджэтнікаў ніжэй па лесвіцы, адукацыя — гэта такі мега-бонус, які дзяржава, гэты Левіяфан, дае дзеткам. Бясплатна! Таму, уласна, і можа ўзамен патрабаваць літаральна ўсё: лаяльнасць, адпрацоўкі па 7 гадоў, паходы ў кіно і на мітынгі.
У нас радыкальна розныя падыходы да таго, што такое адукацыя і навошта яна патрэбная. Гэта важна. Адна справа, калі адукацыя, хаця б базавая, — гэта трамплін у вялікі свабодны свет, дзе ты далей круцішся сам. Стаеш дастаўшчыкам піцы або мэнеджарам у вялікай кампаніі. Гэта твая асабістая справа. Можаш наогул паляцець на Месяц ці скончыць жыццё самагубствам пасля атрымання дыплому. Нікога, апроч цябе, гэта не тычыцца.
Зусім іншая справа, калі ёсць Левіяфан. Людзі, якія нараджаюцца, вучацца, працуюць, выходзяць на пенсію і паміраюць, — яго ўласнасць. Ад нараджэння ты — абавязаны. Ужо таму, што вылез з мамы на гэтай канкрэтнай, падкантрольнай Левіяфану, тэрыторыі. І тую ж адукацыю проста так табе ніхто не дае. Яе даюць таму, што Левіяфану патрэбныя зварчышкі, чыгуначнікі, лекары, тэхнолагі, міліцыянты і так далей. Новыя кадры замест састарэўшых і памерлых.
Калі мы слухаем Лукашэнку і яго сяброў — пра школьныя аўтобусы, школьныя абеды, працоўнае выхаванне, удзел бацькоў у рамонтах, адпрацоўкі пасля ВНУ па 5-7 гадоў — гэта ж не пра ўзровень адукацыі, інтэлекту ці канкурэнтаздольнасць выпускнікоў. Гэта пра тое, каб ад чалавечай адзінкі была карысць. Яму — Левіяфану. І не было шкоды.
Ангельская мова — каб дапытваць амерыканскіх палонных у ІІІ Сусветную
Самае балючае пытанне зараз: масавы выезд народу з Беларусі. Яшчэ пару год таму на гэта заплюшчвалі вочы. Бо сістэмы накшталт РБ ці РФ — гэта «сокавыжымалкі», каб выціскаць нязгодных з краіны. Няхай усе нязгодныя валяць на Захад, каб не было лішніх незадаволеных. Але калі працэс стае лавінападобным, паўстае пытаннечка: хто ж тады будзе працаваць на заводах ці фельдшэрска-акушэрскіх пунктах на далёкай перыферыі?..
Так стае зразумелым, адкуль гэтая злосць і метал у голасе.
Левіяфан даў дзеткам «усё». А яны — здрадзілі. Бо паехалі ў Польшчу, Грузію, ЗША. Падалей ад «самага чыстага месца на глобусе», ленінаў і ГУБАЗіКаў. Што рабіць? Прывязаць. На ўсё жыццё пакуль тэхнічна цяжка. Трэба «подготовить общество», як там кажуць. Давайце гадкоў на 5-7 для пачатку. І платнікам, і бюджэтнікам.
Найбольш грунтоўна да тэмы падышоў генпракурор Швед, заявіўшы, што навучаючы дзетак ангельскай мове, мы «рыхтуем працоўную сілу для Захаду». Самае страшнае, што з логікай сённешняга дня — ён цалкам мае рацыю. Беларус не тое што размаўляць па-ангельску не павінен. Ён не павінен па-ангельску разумець. Ангельская — для спецыяльна навучаных людзей. Каб дапытваць амерыканскіх палонных у часе ІІІ Сусветнай...
На жаль, таварышу генпракурору ніхто не далажыў, што ІТ-сектар немагчымы без ангельскай. Куча тэхналагічных «прымочак» — таксама. Роўна, як і сервіс сачэння за людзьмі ў афлайне і анлайне, настолькі запатрабаваны сілавікамі. Роўна, як і праграмы для стварэння «забойных» прапагандысцкіх ролікаў, якімі так хваліцца афіцыйнае тэлебачанне. Але гэта ўжо не справа генпракурора.
Нашчадкі Белкі і Стрэлкі
А зараз пра савецкую адукацыю, па якой так сумуе Лукашэнка. Адукацыя ў СССР была ідэалагізаванай, але — не была прымітыўнай. І мовы там вучылі: ангельскую, нямецкую, французскую, іспанскую і так далей. У навуцы былі цудоўныя школы арыенталістыкі, археалогіі, акеаналогіі і далей па спісе. Было мноства здольных як гуманітарыеў, так і «тэхнароў».
«Вярнуць савецкую адукацыю» ў разуменні чыноўнікаў — гэта вярнуць кантроль і дысцыпліну. Але размах, глыбіню, веды — вярнуць ніхто не можа. Роўна як і энтузіязм. Можна смяяцца з савецкага камсамолу ці піянерыі, але ў вялікай долі гэта было шчыра. Зараз гэтага няма і блізка. Застаўся адно разлік на кар’ерны рост і кватэру ад дзяржавы.
Такім чынам, з савецкага, калі адкінуць веды і энтузіязм, застанецца адно сістэма забаронаў. Ва ўсім астатнім — гэта будзе прымітыўная мадэль выхавання, нават не адукацыі. Царкоўна-прыхадская школа. Вось у такую мадэль словы Лукашэнкі кладуцца ідэальна: школа — «храм», падручнік — «ікона», адукацыя — «святое»... Каму будуць маліцца ў гэтым храме — і так ясна.
Глыбокае падзенне
Ці магчыма ў рэаліях ХХІ стагоддзя настолькі глыбокае падзенне адукацыйнай сістэмы для краіны ў сэрцы Еўропы? На жаль, так. Але з умовай: курс ізаляцыі будзе вытрыманы да канца. Закрыццё межаў. Адключэнне ці абмежаванне інтэрнэту. Выманне «няправільнай» літаратуры і жорсткія пакаранні за парушэнні. Падрыхтоўка матываваных выкладчыкаў-выхавацеляў...
Ці можа быць падобная сістэма ўстойлівай? На шчасце — не. Бо, вяртаючыся да пытання з «савецкай адукацыяй», тут не будзе рэальных ведаў + энтузіязму. Свабоды і так, і так не будзе. Пабудаваць «прыгонную сістэму» ці «Планету малпаў» — можна. Утрымаць у ёй кантроль на доўгую перспектыву — не. Бо як бы ні хацелі аматары СССР бачыць сябе нашчадкамі Гагарына і Каралёва, самі яны больш нагадваюць нашмадкаў Белкі і Стрэлкі.
Алесь Кіркевіч, budzma.org
Меркаванне аўтара можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі