Пад такім дэвізам прайшла чарговая сустрэча паэтэсы Веры Аляксандраўны Буланда 10 студзеня з дзесяцікласнікамі ў санаторыі “Жамчужына”, што ў Лепельскім раёне. Так, у санаторыі адпачываюць штогод вучні з Гомельшчыны, Магілёўшчыны, з раёнаў, сапсаваных чарнобыльскай катастрофай.
Вершы П. Панчанкі і біяграфію народнага паэта школьнікі вывучалі напярэдадні сустрэчы. А Вера Аляксандраўна, зямлячка знакамітага паэта, распавядала хлопцам і дзяўчатам пра сваю перапіску і нават сустрэчу з вялікім чалавекам.
Вучні разам з госцяй абмяркоўвалі пранізлівасць і шчырасць вершаў Пімена Емельянавіча. Асабліва юнакам запаў у душу верш “Герой”, напісаны на падставе рэальных падзей, калі Аляксандар Фяцісаў, які ахвяраваў сваім жыццём дзеля жыцця іншых.
Спадарыня Вера таксама чытала свае вершы, сярод якіх быў улюблёны верш Пімена Панчанка. Вось радкі з яго:
Я не хачу сабе замнога,
Каб толькі к дому найчасцей
Мяне прыводзіла дарога
З далёкіх, спозненых гасцей.
Каб зноў прайсціся па вясёлцы,
Да сонца рукі працягнуць,
І ў лесе ёлчынай іголцы
Травінку ў вушка працягнуць.
Я не хачу сабе замнога:
Даверу, шчырасці, цяпла,
Да сэрцаў каб людскіх дарога
І мной пракладзена была.
А ў кніжках, якія дасылаў ёй народны паэт, зазвычай быў такі подпіс: “Пішы праўдзіва, жыві праўдзіва – будзеш шчаслівай!” Быць праўдзівымі і шчаслівымі Вера Аляксандраўна пажадала выхаванцам і настаўнікам, а на памяць ад сустрэчы самыя актыўныя суразмоўцы атрымалі сувеніры ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”.