Жыццё Мікалая Радзівіла Чорнага выпала на апошнія дзесяцігоддзі незалежнасці Вялікага Княства Літоўскага. І завяршылася акурат перад Люблінскай уніяй, калі маштабы гэтай незалежнасці рэзка скараціліся. За сваё жыццё Чорны паспеў пабыць вайскоўцам, дыпламатам, пакінуць след у культуры і рэлігіі. На нейкі час з яго падачы палітычная эліта ВКЛ прыняла новую веру. Нарадзіўшыся ў легендарным сямействе Радзівілаў, дзе і так не бракавала «зорак», Мікалай здолеў вылучыцца, зрабіўшыся ў выніку адным з самых вядомых і заслужаных прадстаўнікоў роду. Паспрабуем распавесці пра асноўныя моманты яго біяграфіі.
Дзяцінства, юнацтва, вайна
Марк Твэн пісаў: «Ёсць шмат спосабаў зрабіць кар’еру, але самы надзейны — нарадзіцца ў патрэбнай сям’і». З гэтым будучы канцлер ВКЛ справіўся бліскуча: наўрад ці ў Княстве быў хоць адзін род, які багаццем, знакамітасцю і старажытнасцю мог на роўных канкураваць з будучымі «нясвіжскімі каралямі» Радзівіламі. Бацькам Чорнага быў маршалак літоўскі Ян Радзівіл Барадаты, маці была з роду Кішак. Зрэшты, хлопец рана застаўся без бацькі, і выхоўваў яго родны дзядзька, польны, а потым і вялікі гетман літоўскі Юрый Радзівіл Геркулес. Ён па праве насіў сваю мянушку і мог лічыцца адным з найлепшых палкаводцаў дзяржавы. За доўгую і насычаную падзеямі ваенную кар’еру яму давялося ваяваць з маскоўскімі войскамі, граміць крымскіх татараў, хадзіць на Тэўтонскі ордэн… Лагічна, што выхаванец такога чалавека быў проста абавязаны абраць ваенную кар’еру і стаць «першай шабляй Княства».
Але Мікалай не прызнаваў стэрэатыпаў. Паводле адной з гіпотэз, скончыўшы хатняе навучанне ў Нясвіжы, наступныя гады падлетак правёў у Кракаве, каля 1534 года паступіўшы ў Кракаўскі ўніверсітэт, адзін з самых прэстыжных ва Усходняй Еўропе. Але галоўная «карта» выпала юнаку не ў выглядзе выдатнай адукацыі: у польскай сталіцы ён пазнаёміўся і пасябраваў з адным досыць лянівым, капрызным і разбэшчаным маладым чалавекам. Гэтае знаёмства стала значнай падзеяй у жыцці Радзівіла: маладога чалавека клікалі Жыгімонт Аўгуст, і быў ён плоць ад плоці Ягелонам, сынам караля і вялікага князя Жыгімонта Старога і спадчыннікам трону. Нягледзячы на суцэльнае непадабенства характараў, хлопцы хутка паразумеліся і захоўвалі сяброўскія адносіны дзесяцігоддзямі.
Правучыўшыся ў Кракаве некалькі гадоў, Мікалай усё ж не змог скончыць адукацыю: Радзіма паклікала на абарону. Пасля смерці вялікага князя маскоўскага Васіля III у дзяржаве запанавала смута. Лагічна, што эліта ВКЛ вырашыла не праспаць гістарычны шанец і напасці на ўсходняга суседа, вярнуўшы зямлі, захопленыя Масквой у папярэдніх войнах. Адным з вядучых камандзіраў у той вайне, пазней названай Старадубскай, і быў апякун Мікалая Радзівіла — Юрый Геркулес. Адправіўся на фронт і сам Мікалай, памяняўшы студэнцтва ў Кракаве на камандаванне конніцай.
Зрэшты, асаблівых поспехаў не дамогся ні сам малады Радзівіл, ні яго стрыечны брат, сын Геркулеса, Мікалай Радзівіл Руды, ні ўсё войска ВКЛ: ваенная машына Княства ўжо пачала трухлець. Тры гады вайны з пераменным поспехам прывялі толькі да займання гомельскіх і старадубскіх земляў, за што давялося аддаць Маскве іншыя тэрыторыі.
«Санта-барбара» Барбары Радзівіл
Магчыма, гэты замах на рубель з ударам на капейку і стаўся апошняй кропляй, што канчаткова адвярнуў Мікалая ад ваеннай кар’еры. Пасля таго як быў заключаны мір, род Радзівілаў узмацніўся: быў заключаны адносна выгадны шлюб з іншым магнацкім сямействам — Гаштольдаў. Тут у гісторыі ўсплывае асоба, да якой мы яшчэ не раз вернемся ў апавяданні: за Станіслава Гаштольда была выдадзеная стрыечная сястра Мікалая Барбара Радзівіл. Вяселлю папярэднічала неблагая «санта-барбара»: першапачаткова Гаштольд мусіў ажаніцца са старэйшай сястрой Барбары Ганнай, а сама дзяўчына была заручаная з Іллём, сынам вялікага Канстанціна Астрожскага. Але здарылася адразу дзве неспадзяванкі: Ілля закахаўся ў нейкую Беату Касцялецкую, і Барбара яму зрабілася не патрэбная. А Ганна кінулася ва ўсё цяжкія і нарадзіла немаведама ад каго двух пазашлюбных дзяцей, таму Гаштольд быў таксама не надта задаволены будучай жонкай. Наўздагон пайшлі спробы разарваць абодва заручыны, што для рэпутацыі Радзівілаў было б катастрофай. Кароль Жыгімонт Стары вырашыў праблему, проста памяняўшы нявест месцамі: Ганна цяпер прызначалася Іллю, а Барбара — Станіславу. Астрожскі быў у роспачы: яму падсунулі Ганну з сумнеўнай рэпутацыяй. Таму ён наадрэз адмовіўся жаніцца, і ў выніку дамова была скасаваная. Станіслаў Гаштольд, хоць нявесту сваю і не кахаў, аказаўся больш рахманым і ў выніку зрабіўся мужам Барбары Радзівіл.
Узмацненне магутнасці роду Мікалая Радзівіла працягвалася і надалей. Але сапраўдны ўзлёт кар’еры чакаў маладога чалавека ў 1544 годзе: менавіта тады Жыгімонт Стары (не без радзівілаўскіх інтрыгаў) прызначыў паўнаўладным уладаром ВКЛ таго самага Жыгімонта Аўгуста, з якім герой нашага артыкула пасябраваў у Кракаве дзесяцігоддзем раней. Дарэчы, для захавання сувязяў паміж Вільняй і Кракавам Жыгімонт-бацька, прызначыўшы сына вялікім князем, сам прыняў тытул «вярхоўнага князя літоўскага» — за паўтара стагоддзя гэтак жа зрабіў Ягайла, аддаўшы літоўскі трон Вітаўту Вялікаму.
Радзівілы ўзмацняюцца
За гэтыя гады Жыгімонт Аўгуст не зрабіўся больш працавітым і не выгартаваў моцны характар — які-небудзь больш дасведчаны ў справах палітык мог з лёгкасцю ўплываць на вялікага князя. Няцяжка здагадацца, хто заняў месца такога палітыка… Адначасова з гэтым Мікалай зрабіўся маршалкам літоўскім, атрымаў непасрэдны ўплыў на соймы і ўзначаліў Раду ВКЛ — у 29 гадоў! Паралельна з ім уздымаўся па службовай лесвіцы і стрыечны брат, Мікалай Радзівіл, сын Геркулеса. Паколькі браты звычайна дзейнічалі разам і насілі адно імя, навакольныя не прыдумалі нічога лепш, чым адрозніваць іх паводле колеры барады: Мікалай Чорны і Мікалай Руды. Смерць Жыгімонта Старога ў 1548 годзе толькі ўзмацніла Радзівілаў — новы кароль быў моцна з імі павязаны.
Сувязь гэтая была, дарэчы, не толькі сяброўская. Пабраны шлюбам у 1542 годзе з дачкой аўстрыйскага імператара Лізаветай Габсбург, жанчынай непрыгожай і хворай, Жыгімонт Аўгуст жонку ніколі не кахаў. Але кахаў Барбару Радзівіл (якая аўдавела ўжо ў 1542 годзе, праз чатыры гады пасля вяселля), таемныя стасункі з ёй цягнуліся гадамі. Абодва Мікалаі — Чорны і Руды — былі ў курсе адносінаў, але нічога не рабілі. Калі ж настаў удалы момант, паставілі вялікага князя перад ультыматумам: спыняць «злачынную» сувязь альбо жаніцца. Жыгімонт, які шмат гадоў быў пад абцасам уладнай матухны Боны Сфорцы, гэтым разам паказаў сябе мужчынам: вяселле, хай і таемнае, але цалкам законнае, адбылося ў 1547 годзе. Барбара Радзівіл зрабілася жонкай вялікага князя, а патэнцыйна — і польскай каралевай.
Са шлюбнымі клопатамі была звязаная і такая важная справа Чорнага: у 1547 годзе яго даслалі да двара Фердынанда Габсбурга, бо частка пасагу памерлай Лізаветы Габсбург так і не даехала ні да Кракава, ні да Вільні, і цяпер яго трэба было папросту выбіваць у аўстрыйцаў. Патрабаваць грошы ў няўцешнага бацькі, які страціў дачку, з маральнага боку больш чым сумнеўна. Але дзяржаўныя справы ёсць дзяржаўныя справы, і даручэнню Радзівіл даў рады традыцыйна бліскуча. Адначасова атрымаўшы для сябе і Рудога тытулы князёў Свяшчэннай Рымскай імперыі.
Вярнуўшыся, наваспечаны князь даведаўся, што Бона Сфорца прадказальна закаціла сыну скандал, даведаўшыся пра вяселле з Барбарай. Польская шляхта, якая даведалася на сойме ў Петрыкаве, што ў яе, аказваецца, ёсць каралева, таксама прыйшла ў шаленства. Сандамірскі ваявода Ян Ценьчынскі крычаў, што на польскім троне яго больш задаволіць турэцкі султан, чым Барбара Радзівіл. Але звычайна нерашучы Жыгімонт Аўгуст заступіўся за жонку і дамогся свайго — каралева была прызнаная, таму засылаць сватоў да турэцкага султана не спатрэбілася. У 1550 годзе Барбара была каранаваная, а праз паўгады памерла — магчыма, ад атруты.
Адразу ж па вяртанні з Еўропы 33-гадовы Радзівіл ажаніўся і сам: абранніцай стала пятнаццацігадовая Альжбета Шыдлавецкая. Іх гісторыя не мае падрабязнасцяў а-ля «Рамэа і Джульета», але жонкай Альжбета была дастойнай.
Тым часам кар’ера Чорнага працягвала развівацца. Зрабіўшыся брэсцкім старастам, у канцы 40-х гадоў ён атрымаў прапанову стаць вялікім гетманам Літоўскім. Але вайна, як мы пісалі вышэй, не так цікавіла магната так, як высокая дыпламатыя і палітыка, і ў выніку ў 1550 годзе ён атрымаў пасаду канцлера ВКЛ.
І зноў Мікалаю давялося арганізоўваць асабістае жыццё караля і вялікага князя. Пасля смерці жонкі ў 1551 годзе Жыгімонт доўга не мог суцешыцца, але шлюб кіраўніка дзяржавы — гэта найперш палітыка. У памерлай Лізаветы Габсбург была малодшая сястра Катарына, і менавіта яе вяселле з Аўгустам у 1553 годзе зноў зладзіў Радзівіл, нават пабыўшы ў ролі жаніха на папярэдняй жаніцьбе. Саюз Ягелонаў і Габсбургаў быў адноўлены.
Рэфарматар
Тады ж, у пачатку 50-х гадоў, Радзівіл захапіўся моднымі ў Еўропе ідэямі Рэфармацыі. Для магнатэрыі ВКЛ пратэстантызм мог значыць больш, чым для іншых краінаў — наогул, у большасці заходнееўрапейскіх дзяржаваў праваднікамі новай рэлігіі былі не вярхі. Толькі не ў ВКЛ. Сітуацыя тут была спецыфічная: да гэтага выбар для эліты дзяржавы адбываўся паміж каталіцызмам і праваслаўем. Першы варыянт амаль непазбежна азначаў апалячванне, другі — русіфікацыю. Бязмежна магутныя магнаты Княства вырашылі паспрабаваць зрабіць пратэстантызм, як у Англіі, асновай сваёй незалежнасці ад каго б там ні было.
Ужо ў 1553 годзе адкрываецца першы рэфарматарскі храм у Брэсце, у ВКЛ з’яўляюцца першыя пратэстанцкія святары. У 1555 годзе Радзівіл Чорны ўсур’ёз захапіўся кальвінскімі ідэямі, і з таго часу менавіта гэты кірунак пратэстантызму зрабіўся на землях ВКЛ асноўным. Толькі ў сваіх уладаннях Радзівіл адкрыў 132 саборы, прычым не грэбаваў адбіраць на патрэбы кальвіністаў праваслаўныя цэрквы і каталіцкія касцёлы. Паводле некаторых звестак, планы ў Чорнага былі круцейшыя за напалеонаўскія: стварыць сваю асобную царкву на аснове пратэстантызму, але з уключэннем усіх хрысціянскіх канфесіяў. Зразумела, каб дамагчыся ўсё той жа рэлігійнай незалежнасці. Не атрымалася: задужа амбіцыйныя былі маштабы пачынанняў. Тым не менш значная частка эліты Княства стала кальвінісцкай, адкрываліся школы, прытулкі, друкарні. У Беларусі памятаюць Сымона Буднага, але мала хто задумваецца, што аўтар «Катэхізіса» быў найперш пратэстанцкім пастарам, і без пачынанняў Радзівіла яго праца хутчэй за ўсё не была б запатрабаваная ў ВКЛ.
Лівонская вайна і смерць
Апошнія гады жыцця Радзівіла Чорнага прайшлі ў абставінах крызісу, вайны і паступовай страты ВКЛ незалежнасці. У 1558 годзе пачалася Лівонская вайна, прычыны якой мы ўжо падрабязна апісвалі. У 1563 годзе быў здадзены Полацк, і Іван Жахлівы ўжо прадчуваў канчатковую перамогу. Палякі маглі дапамагчы войскамі, але не бясплатна: Кракаў выкарыстаў цяжкасці ўсходняга партнёра для ўзмацнення кантролю над ім, а ў перспектыве — для поўнай інкарпарацыі ВКЛ у склад Польшчы. Шляхта Княства, дарэчы, не заўсёды была супраць — «залатыя вольнасці» засцілі вочы многім. У 1562 шляхта пад Віцебскам аб’ядналіся ў Канфедэрацыю і звярнулася да Жыгімонта Аўгуста з просьбай хутчэй заключыць унію з Польшчай і даць няшчасным больш правоў. Дзяржаўныя інтарэсы канфедэратаў цікавілі мала, “свая кашуля” пераважвала.
Радзівіл Чорны і яго асяроддзе стаялі бастыёнам на шляху ліквідацыі незалежнасці дзяржавы. Яшчэ ў 1551 годзе, задоўга да вайны, канцлер адбіў першы націск, адмовіўшыся весці перамовы па пытаннях уніі і дабіўшыся ад Аўгуста прывілею з гарантыямі самастойнасці ВКЛ. Цяпер сітуацыя была ў разы горшая — даводзілася гандлявацца на нявыгадных умовах. Тым не менш перамовы пачаліся. У 1563 годзе ў Варшаве адкрыўся сейм, найважнейшым пытаннем якога была унія. Ці ўвойдзе ВКЛ у склад Польшчы, ці застанецца самастойнай саюзнай дзяржавай, ці адмовяцца палякі дапамагаць, пакінуўшы Вільню на з’ядзенне Масквой, — усё вырашалася тут. Дэлегацыя Княства на чале з Радзівілам ужо пагадзілася было на аб’яднанне, але тут Чорнага брата выручыў брат Руды: войска ВКЛ на чале з Мікалаем разграміла маскоўскі корпус ваяводы Пятра Шуйскага, і акцыі літоўскага боку рэзка пайшлі ўверх. Перамовы былі перапыненыя.
Мікалай Чорны вельмі разлічваў на сваё сяброўства з Жыгімонтам Аўгустам, які некалі пакінуў польскія інтарэсы дзеля Барбары і ледзь зрабіўся незалежным князем літоўскім. Але за мінулыя гады слабавольны кіраўнік канчаткова зрабіўся каралём польскім, і пастаянныя патрабаванні Радзівіла папросту каштавалі яму сяброўства венцаносцы. Пра унію гаворка пакуль не вялася, але пасля чарговага сейма 1 ліпеня 1564 года Радзівіл вымушаны быў пагадзіцца на ўвядзенне ў ВКЛ шляхецкіх судоў паводле польскага ўзору: раўнд застаўся за палякамі.
У пачатку 1565 года ў Петрыкаве Жыгімонт абвясціў пра скліканне чарговага ўсеагульнага сейма для канчатковага заключэння уніі. Мікалай такога развіцця падзей не хацеў і з дапамогай ваеннай сілы здолеў сарваць правядзенне сейма.
Хто ведае, як бы павярнуліся падзеі Люблінскай уніі, калі б і ў 1569 палітыкай ВКЛ «кіраваў» Радзівіл. На жаль, у тым жа 1565 годзе канцлер, хворы на падагру, неабачліва вырашыў скарыстаць у якасці лекаў навамодную ртуць. 29 мая 1565 года палітыка не стала. Яму было толькі 50.
Дзяніс Буркоўскі для budzma.by