У пошуках шчасця ў БССР
Міжваенная Заходняя Беларусь была не вельмі багатым рэгіёнам Другой Рэчы Паспалітай. «Зямельны голад» і адсутнасць працоўных месцаў прымушала беларусаў і прадстаўнікоў іншых нацынальнасцяў ездзіць на сезонныя працы ў краіны Балтыі ці эміграваць у ЗША і Аргентыну.
Аднак значная частка заходніх беларусаў імкнулася збегчы на Усход. Ім падавалася, што ў БССР жылі тыя ж беларусы, была бясплатная адукацыя і наяўнасць працы. Да таго ж да сярэдзіны 1930-х гадоў у адносінах да большасці польскіх перабежчыкаў савецкія ўлады не прымянялі жорсткіх рэпрэсіўных мераў. «Заходнікаў» правяралі, а потым дазвалялі ўладкоўвацца на працу, паступаць у істытуты і ўніверсітэты. Пасля гэтага перабежчыкі яшчэ больш упэўніваліся, што ўсё кепскае ў іх жыцці ўжо прайшло.
Такія слупы ў міжваеннае дваццацігоддзе стаялі пад Мінскам
Увосень 1931 года з такімі думкамі на «рыжскую мяжу» накіраваўся жыхар вёскі Хатуцічы Маладзечанскага павету Васіль Манід. Хлопцу тады было 20 гадоў. Ён паспеў скончыць некалькі класаў вясковай школы і займаўся сялянскай працай. У бацькоўскай гаспадарцы было 7 дзесяцін зямлі, адна карова, дзве свінні, дзве авечкі. Грошай у бацькоў не было, таму маці аддала хлопцу свой залаты заручальны пярсцёнак, каб той расплаціўся каштоўнасцю з правадніком, які вадзіў «фігуркі праз кардон». Васіля павёў жыхар вёскі Урублеўшчына Фёдар Васюкевіч.
«Вакно на мяжы» знаходзілася побач з памежным знакам №580, у раёне вёскі Павязынь. Там, дарэчы, знаходзілася і аднайменная стражніца КАП. Польскі кардон беларус прайшоў без прыгод, а вось савецкія «зялёныя фуражкі» нелегала «прынялі». Вартавы Шухалаў (прозвішча пазначана ў Анкеце ДПУ — І.М.) затрымаў Маніда і даставіў яго на заставу ў Глушанах. Там беларуса абшукалі, дапыталі і хутка накіравалі ў Мінск, дзе змясцілі ў турму ДПУ. Пад час допыту хлопец шчыра распавёў пра бацькоўскую гаспадарку і пра тое, што сям’і прыходзілася плаціць падаткаў 80 злотых і яшчэ 22 злотых за страхоўку маёмасці.
Савецка-польская мяжа, 1920-я гады
Праз год польска-савецкую мяжу перайшоў сваяк Васіля, жыхар вёскі Вяжуць Лебедзеўскай гміны Маладзечанскага павета Рыгор Мялюк. Дакладна невядома, побач з якім памежным знакам гэты чалавек прайшоў у Саветы, аднак, дзякуючы дакументам з архіву КДБ Беларусі, мы ведаем, што сваё жаданне стаць грамадзянінам СССР гэты чалавек выказаў у сувязі з «цяжкім матэрыяльным становішчам яго сям’і і тым, што гаспадарка бацькоў не можа забяспечыць патрэбы іх сям’і».
На новай Радзіме
Пасля мінскай турмы і Васіля Маніда і Рыгора Мялюка (знаходзіўся ў турме 8 месяцаў — І.М.) накіравалі ў карантынны лагер АДПУ у Сароў пад Арзамасам, дзе вязні знаходзіліся ў будынках былога праваслаўнага манастыра. У 1933 годзе беларускіх хлопцаў вызвалілі. Манід пераехаў у Златавуст і там уладкаваўся на працу на металургічны завод. Здавалася, яго жыццё наладжваецца.
«Вітаю Вас дарагія мама і тата, браты і сёстры. Дасылаю Вам ліст, у якім паведамляю, што я жывы і здаровы і Вам жадаю ўсяго добрага. Ваш ліст я атрымаў, але атрымаў я яго са спазненнем, таму, што вы напісалі стары адрас, а я перайшоў на новае месца і змяніў свой адрас. Як атрымаў Ваш ліст, то быў вельмі рады, што вы мяне не забылі. Заробак мой у месяц у сярэднем 400 рублёў, так што грошы ў мяне ёсць, але праца небяспечная для жыцця, бо працуем там, дзе плавяць сталь, чугун. Але гэта ўсё пустое. Затое навучуся добра працаваць і далей будзе лягчэй . У войска (Чырвоную Армію — І.М.) я восенню не пайшоў. Быў залічаны ў пераменны склад. Буду кожны год хадзіць на вучэнні на працягу пяці гадоў. Першы год, то бок у 1937 годзе, пайду на тры месяцы (гутарка ішла пра вайсковыя зборы — І.М.), а потым па месяцу. Гэтую зіму, у связі з тым, што было шмат працы, я адарваўся ад вучобы. Але ў будучым збіраюся не кідаць яе, таму што без гэтага ў СССР жыць нельга. Калі атрымаеце мой ліст, напішыце мне, што ў Вас чуваць. Ці дасылае дадому лісты Міша і Мікола (відавочна, гутарка ідзе пра людзей, якія пераходзілі мяжу разам з Манідам — І.М.)?. Напішыце, як святкавалі Раство і як моладзь гуляла. Да пабачэння! Пішыце лісты часцей, не шкадуйце паперу. Перадавайце прывітанне ўсім хлопцам і дзяўчатам», — пісаў у студзені 1936 года ў лісце да сваякоў, якія засталіся за «рыжскім кардонам» Васіль Манід».
Дарэчы, гэтая вестка — адзіная, якая захавалася ў родных ад Васіля.
Ліст Васіля Маніда з СССР у Заходнюю Беларусь, 1936 год
Канец «казкі»
У жніўні 1937 года ўсе мясцовыя органы НКУС атрымалі загад №00485, а пазней ліст з назвай «Аб фашысцка-паўстанцкай, шпіёнскай, дыверсійнай, паражэнчай і тэрарыстычнай дзейнасці польскай выведкі ў СССР». Гэты дакумент распачаў так званую «польскую аперацыю» НКУС, падчас якой арышту падлягала значная колькасць грамадзян СССР польскага пахожання. Гутарка ішла не толькі пра этнічных палякаў, але ўсіх тых, хто нейкім чынам быў звязяны з Польшчай.
Напрыклад, меў сваякоў у Заходняй Беларусі, ці проста перабег з Польшчы ў БССР. НКУС абвінавачвала гэтую катэгорыю асоб, сярод якіх было шмат этнічных беларусаў, у супрацы з польскай выведкай ці арганізацыі шпіёнска-дыверсійнай дзейнасці. У Архіве Федэральнай службы бяспекі Расіі па Чалябінскай вобласці захоўваецца следчая справа Васіля Рыгоравіча Маніда, якога ў кастрычніку 1937 года арыштавалі на працоўным месцы ў Златавустаўскім металургічным заводзе.
Анкета затрыманага на мяжы Васіля Маніда. 1931 год
15 лістапада 1937 года беларуса прысудзілі па 58 артыкуле (пункты 6. 9 і 11 — вораг народа) Крымінальнага кодэкса РСФСР да смяротнага пакарання. Растралялі ўраджэнца Заходняй Беларусі 22 лістапада 1937 года ў Чалябінску. Варта адзначыць, што Васіль, знаходзячыся ў РСФСР, паспеў ажаніцца, у яго нават нарадзіўся сын. Што стала з сям’ёй, па-сёння невядома.
У гэты ж час арыштавалі і Рыгора Мялюка, які на той момант ужо паспеў уступіць у камсамол. Гэты чалавек пражыў на месяц больш за сваяка — яго расстралялі 28 снежня 1937 года як ворага савецкага народа. Усяго пад час так званай «польскай аперацыі» НКУС толькі на тэрыторыі Беларусі быў асужданы 19931 чалавек, з якіх 17772 прысудзілі да «вышэйшай меры сацыяльнай абароны». У маштабе усяго Савецкага Саюза рэпрэсіі па гэтай справе зазналі каля 140 тысяч чалавек.
Анкета арыштаванага Маніда, 1937 год
Пра лёс Маніда і Мялюка іх сваякі доўгі час нічога не ведалі. Калі ў 1937 годзе лісты ад блізкіх з СССР перасталі прыходзіць у Заходнюю Беларусь, бацькі хлопцаў пачалі падазраваць нядобрае. Праз два гады савецка-польскую мяжу перайшла Чырвоная Армія і хутка жыхары заходнебеларускага рэгіёна самі даведаліся, што такое рэпрэсіі і дэпартацыі. Каб не наракаць сям’ю на небяспеку, бацькі Васіля і Рыгора спалілі амаль усе здымкі і лісты, якія прыходзілі ад хлопцаў з СССР. Тады не тое, што за паперку — за неасцярожна кінутае слова можна было апынуцца ў курапацкіх ямах.
У пачатку 1930-х у БССР з Хатуцічаў і Вяжуцяў збегла некалькі дзесяткаў маладых людзей. Усе спадзяваліся на лепшае. Аднак, відавочна, амаль усе сталі ахвярамі сталінскіх рэпрэсій. Ужо пасля смерці Сталіна на Радзіму вярнуўся адзін з тых перабежчыкаў і распавёў, што застаўся ў жывых толькі дзякуючы таму, што доктар даў 17-цігадоваму беларусу пашпарт памерлага пацыента. Змяніўшчы прозвішча, перабежчык змог уратавацца ад НКУС.
Заходнебеларускія хлопцы. Шмат з іх шукала шчасця ў БССР
У студзені 1989 года пракуратура Чалябінскай вобласці пасмяротна рэабілітавала Рыгора Мялюка. Праз паўгады рэабілітавалі і Васіля Маніда. Іх бацькі так і не дачакаліся не толькі сыноў, але і прабачэнняў за злачынствы савецкай сістэмы. Месца пахавання гэтых людзей невядома. Магчыма, прах беларусаў і тысяч іншых ахвяр бальшавіцкіх катаў у спакоі ў прыгарадзе Чалябінска, у месцы Залатая гара, дзе былі знойдзены парэшткі ахвяр сталінскіх рэпрэсій.
Аўтар выказвае шчырую падзяку Віктару Голубу, сваяку Васіля Маніда і Рыгора Мялюка, за перададзеныя ім архіўныя матэрыялы.