Гэтыя радкі належаць славутай берасцёйскай паэтцы і перакладчыцы Ніне Мацяш, у дзень народін якой у Белааазёрску, на малой радзіме паэткі, 20 верасня традыцыйна праводзяцца паэтычныя чытанні “Бабіна лета з Нінай Мацяш”. Пад час гэтай падзеі, ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”, у Бярозаўскай школе №3 Валянціна Осіпава і Мікола Папека сустрэліся з вучнямі 11-ых класаў, каб расказаць ім пра творчы шлях паэткі, падзяліцца ўспамінамі пра Ніну Мацяш, раскрыць больш падрабязна тэму аб месцы сучаснай беларускай паэзіі ў нашым жыцці. Валянціна Осіпава пазнаёміла таксама вучняў з дзейнасцю кампаніі“Будзьма беларусамі!” і са сваімі апошнімі вершамі, у якіх прагучала заклапочанасць духоўнымі праблемамі грамадства, крызісам памкнення да вышэйшых чалавечых ідэалаў, адсутнасць якіх ставіць пад пагрозу існаванне чалавецтва.
НАД БЕЗДАННЮ
Такая на свеце напруга,
Так жорстка нявечыць Дабро!
Пасобніца зла – Каліюга
На век наш наклала таўро:
Раз’юшаны кіч агрэсіі,
Калыска кахання – панэль,
Нясцерпны прэсінг дэпрэсіі,
Ратунак – іголка ды хмель.
Развенчаны годнасць і гонар,
Кіруе лакеяў мараль,
Змяніў сціпласць скрутны нораў,
Як міні змянілі вуаль.
Падман у пашане, чэрствасць,
За золата душы зводзяць,
Імкнецца да ўлады нікчэмнасць,
Куміры – падлюка, злодзей…
Бліжэй і бліжэй пагроза –
Наперадзе зеўрыць бездань!
Дай БОГ абудзіць нам розум,
Дай сілы канца пазбегнуць.
Мікола Папека, паэт і пчаляр, вядомы заснавальнік Мядовай прэміі, якую ўручае штогод за лепшы твор берасцейскіх літаратараў, распавёў вучням пра свой творчы шлях, прачытаў асабістыя вершы і пазнаёміў слухачоў з арыгінальнымі перакладамі з Гіёма Апалінэра, Веляміра Хлебнікава, Міхаіла Лермантава. Вучні з вялікай цікавасцю ўспрыймалі паэтычнае Слова. На памяць аб сустрэчы школьная бібліятэка атрымала ў падарунак ад кампаніі“Будзьма беларусамі” чарговы нумар часопіса “Дзеяслоў”, а вучні, прыняўшыя ўдзел у гістарычнай і інтэлектуальнай віктарыне, сталі абладальнікамі сувеніраў і памятных паштовак на беларускай мове.