Спадарыня Вера Буланда, выступаючы ў СШ №212 г. Мінска 27 кастрычніка 2017 года, пачала размову з вучнямі пра цікавасць да кнігі. Ці любяць яны чытаць і што чытаюць. Якім аўтарам аддаюць перавагу. Засяродзіўшы ўвагу на кнізе А. Клышкі “Францыск Скарына або Як да нас прыйшла кніга”, паэтэса распавяла, з якім задавальненнем яна аднойчы прачытала гэты цікавы і пазнавальны твор. У гэтым годзе, падкрэсліла спадарыня Вера, адзначаем 500 год з таго часу, калі ўпершыню была надрукавана нашым славутым земляком Францыскам Скарынам першая кніга ў Падуі. Паэтэса нагадала, якія кнігі ўсхвалявалі яе на працягу жыцця.
Сапраўды,
Ён множыў Слова, адліваў у шрыфце,
Па полі белым сыпаў, як з сяўні.
Патрэбна ж людзям столькі дабрыні,
Святла,
Прачыстай праўды з глыбіні
І мудрасці —
без іх хто мы, скажыце?
Вера Буланда прыгадала цікавыя і важныя моманты незвычайна велічнага і трагічнага лёсу любімага са школы Францішка Скарыны, якому даўным-даўно прысвяціла верш, а кампазітар з Лепеля Эдуард Міхайлавіч Літвін напісаў да яго музыку.
Жывеш у сэрцах паспалітых
Нязгаснай зоркай у вяках,
Прыйдзі ка мне: пазнаць, які ты –
Табой асвечаны мой шлях.
Прыпеў:
Ты сэрца ўзяў маё, Францішак,
Ты праз стагоддзі ўладар.
Гляджуся ў вочы тваіх кніжак,
Шаную твой каштоўны дар.
Ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” былі падораны кабінету беларускай мовы плакаты “500-годнасці”, а вучням за актыўны ўдзел уручаны паштоўкі з назвамі месяцаў, кветак, фарбаў і інш. па-беларуску.