Златка і Хадун. Казка для дарослых ад Яны Вольскай

У рубрыцы «Казкі жыцця» Яна Вольская расказвае гісторыю з’яўлення любімых многімі беларусамі папулярных страваў — златкі і хадуна.

Jana-Volskaia-fb02.png
Яна Вольская. Фота з асабістай старонкі ў Фэйсбуку

Злата Вясёлкіна вучылася ў Мінскім дзяржаўным каледжы кулінарыі на спецыяльнасьці «кухарская і кандытарская справа». У гэтым жа каледжы ў ейнай групе апынуўся і хлопец зь Віцебску, Максім Хадуноў. Разам зь іншымі студэнтамі яны спасьцігалі майстэрства бражэньня цеста ды карамэлізацыі цукру, вучыліся абыходзіцца зь пячамі, цестамесамі ды міксэрамі. Напрыканцы навучаньня абое на памяць ведалі рэцэпты казінакаў, зэфіру, шчарбэту, лукуму ды іншых слодычаў.

Максіму падабаліся розныя пляцёнкі, сайкі і булачкі. Яшчэ ў дзяцінстве ён з завадальненьнем ляпіў кулічы ў пясочніцы, а калі падгадаваўся, дык радасна гуляўся з сябрамі са двара ў лічылку, якая пачыналася словамі: «Сайка, пончык, макарончык...»

Вось гэтыя самыя пончыкі ды слойкі і сталі для яго ўлюбёнай справай. З выгляду Максім з часам і сам стаў падобны да дабрадушнага пончыка з круглым усьмешлівым тварам. Настаўнікі яго хвалілі, казалі, што з Максіма атрымаецца ўзорны кандытар, за якога будуць гатовыя пабіцца і Жодзінскі хлебазавод, і Віцебскхлебпрам з Мінскхлебпрамам.

А Злаце добра ўдаваліся хлябы. Яно й ня дзіўна — ейная бабуля працавала на мінскім хлебазааводзе № 2, часьцяком езьдзіла ў Літву і разведала сакрэт чорнага заварнога хлеба. Так паўстаў будучы нацыянальнага хлебны хіт — «Нарачанскі». Вось кажуць, ёсьць дзеці, што нарадзіліся з залатой лыжкай у роце, а Злата дык нарадзілася з лустай хлеба. У каледжы ведалі пра яе знакамітую бабулю, і да Златы ставіліся з павагаю.

Што да Максіма — ён наогул Златаю захапляўся. Толькі пабачыў, як засяроджана яна замешвала ўручную цеста ды ўважліва кантралявала расстойку, адразу зразумеў — прапаў. З таго часу ён сьціпла, але з усяго сэрца ёй дапамагаў. Заўважыў, што ў Златы ня вельмі атрымліваюцца прафітролі ды круасаны — падказваў і раіў, у якой пасьлядоўнасьці зьмешваць інгрэдыенты, пры якой тэмпэратуры пячы. На занятку па кампазыцыях і дэкоры вырабіў ёй цукровае ўпрыгожваньне — дыядэму.

— Хадуноў закахаўся ў Вясёлкіну! — як сарокі стракаталі аднагрупніцы.

Злаце дабрадушны і круглы Максім таксама падабаўся. Ейную дыплёмную працу — вясельны бісквітны торт упрыгожваў надпіс: «З + М», зроблены з мастыкі. А Максім абараніў дыплём з булачкамі пад назвай «Буські».

Студэнцкі час мільгануў імкліва, і выпускнікі пачалі раз’язджацца па сваіх гарадах і мястэчках. Сьвежасьпечаных кандытараў і кухараў выпраўлялі па разьмеркаваньні на хлебазаводы. Паехалі маладыя спэцыялісты ў Баранавічы, Пінск, Ганцавічы, Кобрын, Давыд-Гарадок ды Лунінец. Максіма выправілі ў Віцебск, а Злата засталася ў Мінску.

Яны ўвесь час сумавалі адно па адным. Пячэ Максім булачкі — быццам і цеста замяшанае па рэцэпце, і печ разагрэтая да патрэбнай тэмпэратуры, а раз праз раз, булачкі возьмуць дый падгараць. У той самы час Злата і інгрэдыенты зьмяшае слушна, і кансыстэнцыю падбярэ дакладную, а эклеры ды чызкейкі раз праз раз возьмуць дый атрымаюцца салёнымі.

Цягнулася гэта й цягнулася, як неўзабаве ў Мінску з’явіўся першы ў гісторыі гораду шапік «Хутка-Смачна». Хто толькі не адведваў яго — і студэнты, і прафэсары, і сантэхнікі, і турысты. І было ў гэтым самым шапіку мэню, а ў мэню сярод беляшоў ды чабурэкаў арыгінальная міні-піца. І называлася яна — «Златка». І кожны замаўляў сабе тую «Златку» і нацешыцца зь яе ня мог.

chutka-smaczna.jpgЧароўны шапік «Хутка-Смачна». Малюнак Лявона Вольскага

Зусім хутка сетка «Хутка-Смачна» стала страшэнна папулярнай і дабралася да Віцебску. Зьдзівіліся людзі, што гэта за сталічны цуд такі, пачалі наведваць чароўны шапік. А самай улюбёнай булачкай у людзей стала булачка з сасіскай, якую называлі «Хадун».

Самыя абазнаныя людзі і дасюль ведаюць, што гэта закаханыя Злата ды Максім, раскінутыя разьмеркаваньнем па розных гарадах і хлебазаводах, так перадавалі адно адному прывітаньне. І палюбілі беларусы сваіх «Златку» ды «Хадуна». А беларускі музыка Лейбонік дык нават напісаў песьню пра гэтую гісторыю каханьня і назваў яе «Ты мая Златка, а я твой Хадун».

Яна Вольская, Budzma.org

______________________________________________________________________

Калі вы працуеце ў Літве, вы можаце падтрымаць «Будзьма беларусамі!», пералічыўшы нам 1,2% ад сваіх падаткаў. Вам уласна гэта не будзе каштаваць анічога.

Вось як можна гэта зрабіць