– Я стаў беларусам праз мову. Дзесьці на працягу году пераконваў сябе, што варта пачаць размаўляць па-беларуску. На той час я займаўся самаадукацыяй, шмат чытаў, спасцігаў іншыя рэчаіснасці, знаёміўся з правільнымі людзьмі, стасункі з якімі дапамагалі мне пераканацца, што абраны мной шлях – правільны, і па-беларуску размаўляць варта. І вось на працягу ўжо досыць доўгага часу я карыстаюся беларускай, што ніяк не замінае ў стасунках з іншымі людзьмі.
Маё станаўленне як беларуса ішло паэтапна, не было моманту, які б мяне раптоўна “запаліў”. Я лічу, што менавіта мова тытульнай нацыі ёсць паказчыкам нацыянальнай прыналежнасці чалавека.
Мае бацькі калі і паўплывалі на маю беларускасць, то несвядома. На генным узроўні. У атачэнні, дзе я рос, людзі размаўлялі на “лёгкай” (каб не ўжываць іншых тэрмінаў) беларускай мове. А цяпер ужо хутчэй я на іх уплываю. Бо мая прафесія – філолаг і мой абавязак – правільна авалодаць мовай.
Быць беларусам – гэта найперш не саромецца таго, што ты беларус. Адказ абстрактны, але тым не менш наўпрост прывязаны да рэчаіснасці. Шмат якія людзі, пазіцыянуючы сябе беларусамі, не ведаюць элементарных беларускіх каштоўнасцяў, не атрымліваюць самабытнай інфармацыі, звязанай з беларушчынай, бо не кожны можа дайсці да бібліятэкі, але кожны дойдзе да радыё і тэлевізара. А калі б гэтая інфармацыя была паўсюль, можа, яна б натхніла якогась чалавека, як і мяне калісьці.
Зміцер Трафімчук, студэнт філалагічнага факультэта