Зміцер Чэ — тэатральны рэжысёр, які, як і многія беларускія культурныя дзеячы, вымушаны быў эміграваць з Беларусі. Цяпер ён жыве і працуе ў Нямеччыне. Як заявіць пра сябе беларускім творцам у Берліне? Ці магчымы дыялог з аўдыторыяй унутры краіны? На гэтыя (ды не толькі) тэмы Зміцер паразважаў у размове з budzma.org.
— Раскажыце, як даўно вы ў эміграцыі і чым займаецеся зараз у Берліне?
— Я лічу, што я не эмігрант, а дысідэнт. Гэта іншы ментальны падыход. З’ехаў я ў 2006-м. За год да гэтага мяне выгналі з Акадэміі мастацтваў за ўдзел у палітычных рухах. Я з’ехаў у Польшчу, вучыўся на рэжысуры па праграме Каліноўскага. З тых часоў дадому я едзіў нячаста.
І цяпер ужо не езжу ў Беларусь, бо мне, як і маім сябрам, там абяцаюць «гарачы прыём» з «гатэлем» і розгамі.
Па адукацыя я тэатральны рэжысёр, але зараз больш займаюся перфарматыўнымі практыкамі. Таксама я адзін з ініцыятараў RAZAMKUNST. Яно ўтварылася на базе аб’ядання беларусаў Нямеччыны Razam, якое з’явілася пасля пратэстаў 2020 года.
Заклалі мы пляцоўку RAZAMKUNST у 2021 годзе і цяпер базуемся ў Берліне, у вялікім сацыяльным артхабе.
— Распавядзіце, што за перформансы?
— Тое, што мы робім, мы робім на вуліцах, плошчах. Мы паказваем перформанс і знікаем. Гэтае такое мастацтва, яно ўвесь час мяняецца.
Я бы назваў такую форму — размова з аўдыторыяй на актуальную павестку. Таму яна заўсёды перформатыўная, жывая, з нейкімі дадаткамі. У Берліне вельмі шмат чаго адбываецца, глядач вымагае новых фарматаў.Некаторыя мастацкiя творы, праявы, калі паказваць больш за 2–3 разы,можна згубіць аўдыторыю. Такія вынікі сучаснага постінфарматыўнага свету. Даводзіцца быць чуйным i гатовым да жывога дыялогу.
Цяпер робім мы «Touch OF Emotion» — відэамузычны эмбіент-перформанс у межах берлінскага фестывалю ў Field-Notes. Гэта міжнародны праект, у якім мы выступаем як адна з пляцовак.
— Берлін прыцягваў беларускіх творцаў яшчэ з часоў Тахелеса (мастацкі сквот, які ўзнік на пачатку 1990-х — ад рэд.) Чаму вы таксама выбралі гэты горад? Ці ён выбраў вас?
— Берлін — культурная сталіца, гэта як такая вялікая рака, яна зацягвае творцаў з усяго свету. Тут вельмі цікава, хаця за гэты час моцна што змянілася. Тахелес зачыніўся, аднак мы знаходзімся ў іншым андэграўдным месцы.
Берлін усё яшчэ перапрацоўвае свае старыя траўмы пасля падзення берлінскай сцяны. У гэтым горадзе вельмі творчая атмасфера, перакрыжаванні розных культур.
Тут лёгка згубіцца, разблытацца ў сцежках. Але калі не згубішся, то знойдзеш сябе і выйдзеш вельмі моцным мастаком. Ён, з аднаго боку, прываблівае, а з іншага боку, тут вельмі моцная канкурэнцыя, якую не ўсе могуць вытрымаць.
— Ці стала цяжэй шукаць падтрымку беларусам пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне?
— Мастацкая павестка ў Берліне іншая, яна больш мультыкультуральная. Большасць праграмаў фінансавання не змянілася, але змянілася колькасць ахвяраванняў, больш падтрымкі зараз ідзе на Украіну, гэта зразумела, збіраюцца грошы для людзей, якія на фронце, якія пацярпелі ад вайны. Хаця пра беларускіх палітвязняў таксама не забыліся.
Трэба памятаць, што мы канкуруем з іншым павесткамі. З сірыйскай, афганской культурай, культурай Тыбету i так далей... Няма такога, каб беларусы, як i iншыя, займалі нейкае выключнае месца.Таму што канфлікты адбываюцца па ўсім свеце, па спiралi. Калі ў цябе варты праект, цябе падтрымаюць. Калі не, то не, і не важна, адкуль ты прыехаў.
— На Кангрэсе беларускай культуры ў эміграцыі гучалі такія думкі, што нашыя творцы часам занадта засяроджаны на беларускай павестцы, на траўмах пасля падзей 2020 года. Ці перашкаджае гэта развіццю беларускага мастацтва?
— Тут трэба адказаць сабе на пытанне: што мы хочам стварыць, якіх вышынь хочам дабіцца? Ці хочам, каб нашае кіно, напрыклад, паказвалі на Netflix ці працаваць на Warner Bros? Якая наша мэта?
Калі ты проста ходзіш пакрыўджаны і просіш дапамогі, то ў Берліне так нічога не даб’ешся. Або якасць, або нічога. Трэба быць да мастацтва галодным i засмоктваць сучаснае беларускае мастацтва як «Эўропа газпрам».
Мне спадабалася на кангрэсе думка Юрыя Дзівакова, што трэба быць асобай у першую чаргу.
Нацыянальную культуру, вядома, неабходна захоўваць, але пры гэтым трэба дакладна зразумець, хто твая аўдыторыя і як дагрукацца да яе. Можна крычаць у сцяну, але гэта нічога не дасць. А можна знайсці тэхналогію, каб цябе пачулі па той бок мура. На шчасце, сучасны свет гэтаму спрыяе.
— Як працаваць з тымі, хто застаўся ў краіне? Наколькі ўвогуле магчыма пабудаваць гэты мост?
— Узаемадзеянне з беларускай аўдыторыяй нагадвае азбуку Морзе: ты грукаешся, табе адстукваюць, а потым ты гэта расшыфроўваеш. І гэта зразумела, бо зараз у Беларусі лягчэй пералічыць тое, за што цябе могуць не пасадзіць, чым наадварот.
Мне падаецца, трэба пачакаць. Мастацтва — гэта рэвалюцыйнасць, падлеткавы бунт. Можна быць творцам у Беларусі, не чапаючы палітычныя тэмы, але яны цябе знойдуць, таксама як новыя формы, тэхнікі i штучная iнтэлiгенцыя.
Мастацтва будзе прарывацца, нават часам праз такі падлеткавы бунт, супраць бацькоў, супраць сістэмы. Мы будзем пра гэта чуць. І яны будуць нас чуць таксама.
Пакуль што ў краіне адбываецца перыяд адаптацыі да новай рэчаіснасці. Але нават у часы сталінізму, нават з Аўшвіца прыходзілі лісты, малюнкі. Так, гэта балючы шлях, але ідзе новая трансфармацыя.
Мастакi будуць ствараць новыя формы, каб выказвацца, ствараць новую мову ўсё роўна.
budzma.org