Адкрыццё выставы “Рэчаіснасць” да 80-годдзя Генадзя Шутава

26.03.2019 18:00 - 18:00 Нацыянальны мастацкі музей (вул. Леніна, 20) Бясплатнае

26 сакавіка а 18-й гадзіне ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца ўрачыстае адкрыццё выставы “Рэчаіснасць”, прысвечанай 80-годдзю з дня нараджэння Генадзя Фёдаравіча Шутава (1939–2017)

Генадзь Фёдаравіч Шутаў (18.07.1939, г. Запарожжа, Украіна – 03.06.2017, г. Віцебск) – беларускі акварэліст, графік. Скончыў Віцебскае мастацка-графічнае педвучылішча ў 1959 годзе, у 1970 – Маскоўскі паліграфічны інстытут. У 1967 годзе ўступіў у Беларускі саюз мастакоў. З 1976 па 1986 год Генадзь Фёдаравіч быў Старшынёй праўлення Віцебскай абласной арганізацыі Саюза мастакоў БССР. Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны» ў 1986 годзе. У 1996 годзе мастаку было прысвоена званне «Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь».

У 2011 годзе Генадзь Шутаў стаў лаўрэатам Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за значны ўклад у развіццё сучаснага выяўленчага мастацтва і стварэнне ўнікальных нацюрмортаў.

У экспазіцыі, прысвечанай 80-годдзю за дня нараджэння мастака, будуць прадстаўлены творы 1960–2010-х гадоў. Вядучымі тэмамі творчасці Генадзя Шутава з’яўляюцца жанры нацюрморта і пейзажа. Выстава дазволіць прасачыць мастацкі шлях, убачыць творчыя пошукі мастака, раскрыць грані асобы аўтара.

Творы Шутава апавядаюць аб навакольным жыцці чалавека – пейзажах, якія ён бачыў, нацюрмортах, прадметах побыту, прадметах гісторыі. Уменне разгледзець паэзію жыцця ў яе прастаце – асаблівы дар.

Назва выставы – «Рэчаіснасць». Вызначэнне рэчаіснасці – аб’ектыўная рэальнасць як сума прыродных і гістарычных з’яў. У дадзеным выпадку мы аказваемся ў аб’ектыўнай рэальнасці аўтара.

Нацюрморты, створаныя мастаком, скампанаваны з добра знаёмых прадметаў: ключы, часткі драўлянай пабудовы, гліняныя гаршкі, засохлыя букеты, фатаграфіі, шкляныя пасудзіны, абрыўкі газет, часопісаў.

Прастата выбраных прадметаў штодзённасці пры іх спалучэнні, выбудоўванні нацюрмортных кампазіцый напаўняе рэчы новымі сэнсамі, важнасцю, значнасцю.

У сваіх пейзажах, кампазіцыя ў якіх віртуозная, мастак не проста фіксуе мясцовасць, а «прапускае» яе праз прызму сваёй асобы.

Работы Генадзя Шутава захоўваюцца ў розных музейных і прыватных калекцыях: Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі (Масква), Метраполітэн-музеі (Нью-Ёрк), Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, музеях Парыжа, Кіева, Ашхабада, Смаленска, Віцебска, Магілёва, Полацка.

Выстава “Рэчаіснасць” экспануецца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь да 25 красавіка 2019 года.

 


Вам можа быць цікава

Выстава «Таямніцы беларускай выцінанкі» ў Мінску

04.06.2025 17:00 - 02.07.2025 20:00 бібліятэка імя Пушкіна (вул. Гікалы, 4)

Майстар-клас па вырабе лялькі Купавкі ў Гомелі

05.07.2025 (12:00 - 14:00) філіял Веткаўскага музея (пл. Леніна, 4а)

Купалле ў Азярцы

05.07.2025 (19:00 - 22:00) музей народнай архітэктуры і побыту

Апошняе
на Budzma.org

чытаць яшчэ