Адкрыццё выставы “Іерусалім. Спёка і холад вечнага гораду

23.06.2021 18:00 - 19:00 Гарадская мастацкая галерэя твораў Л. Шчамялёва (ул.Рэвалюцыйная, 10) Бясплатнае

23 чэрвеня 2021 года а 18-й гадзіне ў Гарадской мастацкай галерэі твораў Л.Д. Шчамялёва адбудзецца адкрыццё персанальнай выставы “Іерусалім. Спёка і холад вечнага гораду” вядомага віцебскага мастака-манументаліста Васіля Васільева у рамках рэспубліканскага фестывалю манументальнага мастацтва “МАНУМЕНТ” Беларускага саюза мастакоў. Праект падрыхтаваны секцыяй манументальна-дэкаратыўнага мастацтва Беларускага саюза мастакоў.

У экспазіцыі выставы “Іерусалім. Спёка і холад вечнага гораду” прадстаўлена серыя з 14 маштабных жывапісных работ Васіля Васільева, якія адсылаюць да падзей, апісаных у Бібліі. Мастак не ілюструе святыя тэксты, ён спрабуе асэнсаваць выяўлены ў біблейскай гісторыі агульначалавечы і, разам з тым, індывідуальны вопыт.

Васіль Васільеў: “Для мяне праект стаў важнай размовай аб Вечным – аб жыцці і смерці, каханні, цярпенні, надзее, здрадзе і адданасці. Біблейскія сюжэты, убачаныя нейкім унутраным зрокам, увасабляліся ў эскізах, над якімі я працаваў у мінулым годзе. А вось карціны былі завершаны ўжо ў пачатку 2021 года”.

Гэта канцэптуальны мастацкі праект на біблейскую тэматыку, які не мае адносіны да канону рэлігійнага мастацтва, такой і была першапачатковая задума аўтара. Манументальныя палотны “Ты сказаў”, “Абмыванне рук”, “Тайная вячэра”, “Уваход Гасподні ў Іерусалім” і іншыя карціны – свецкі жывапіс, ён не з'яўляецца ілюстрацыяй да біблейскага тэксту, які стаў для мастака “крыніцай паэзіі”.

Часткова выстава была прэзентавана ў Віцебску ў Арт-цэнтры Марка Шагала. І невыпадкова. У свой час Марк Шагал зазначаў, што лічыць Біблію галоўнай крыніцай паэзіі на Зямлі, і, як многія мастакі, звяртаўся да сюжэтаў Кнігі кніг, стварыў графічныя і жывапісныя работы да Старога Запавету. А вось Васіль Васільеў зрабіў цыкл работ на сюжэтны шэраг Новага Запавету.

Да біблейскіх сюжэтаў Васіль Васільеў звяртаўся ў розныя перыяды творчасці. З гэтай тэмай была звязана абарона яго дыплома ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. У той жа час ён атрымаў заказ на 12 абразоў для іканастаса царквы Уваскрэсення ў Дзісне. Так што размова з Вечнасцю для мастака не спынялася...

Выстава працягнецца да 18 липеня 2021 года.

ВАСІЛЬ ВАСІЛЬЕЎ

Кароткая біяграфія:

Нарадзіўся ў 1954 годзе ў Оршы.

У 1982 годзе скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута, пазней, у 1992 годзе – аддзяленне манументальна-дэкаратыўнага мастацтва Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

Старшы выкладчык (1992), дацэнт кафедры дызайну Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта (1998).

З 1993 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза мастакоў.

У якасці аўтара і куратара Васіль Васільеў удзельнічае ў розных калектыўных канцэптуальных праектах. Працуе з мастацтвам «аб'екта», стварае інсталяцыі, кампазіцыі ў галіне «лэнд-арту».

Творы мастака знаходзяцца ў фондах Беларускага саюза мастакоў, Полацкай мастацкай галерэі, Мастацкім музеі Віцебска.


Вам можа быць цікава

Купалле ў Нацпарку «Прыпяцкі»

05.07.2025 (10:00 - 23:00) МУзей пад адкрытым небам (Гомельская вобл.)

Папа Бо ў Варшаве

05.07.2025 (14:00 - 16:00) Inclusive Barista Social Cafe (Stefana Okrzei 8 (local U3),)

Сямейны Фэст Маці Божай Будслаўскай у Лодзі

06.07.2025 (13:15 - 18:00) касцёл св. Ёзафа (Ul. Ogrodowa 22)

Купалле гуртом «Relikt» у Таліне

06.07.2025 (18:00 - 22:00) Paavli Kultuurivabrik (Paavli tn 7)

Апошняе
на Budzma.org

чытаць яшчэ