Акрыццё выставы Тамары Мікалаеўны Курачыцкай «Скаванае полымя. Скульптура-рэльеф-жывапіс-графіка ў гліне»

04.04.2019 17:00 - 17:00 Нацыянальны мастацкі музей (вул. Леніна, 20) Бясплатнае

4 красавіка 2019 года а 17-й гадзіне ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адкрыецца персанальная выстава керамікі Тамары Мікалаеўны Курачыцкай «Скаванае полымя. Скульптура-рэльеф-жывапіс-графіка ў гліне», прымеркаваная да 70-годдзя мастачкі.

На выставе будуць прадэманстраваны каля 30 твораў са збору аўтара, некаторыя з якіх – упершыню.

Адметная, пазнавальная кераміка Тамары Курачыцкай – гэта і манументальныя працы (адны з найбольш вядомых упрыгожваюць Нацыянальную бібліятэку Рэспублікі Беларусь і канферэнц-залу Мірскага замка), і дэкаратыўныя рэльефныя пано, і скульптура, і вытанчаныя вазы, і малая пластыка. Мастачцы падуладны самыя розныя жанры, у тым ліку такія, якія больш характэрны для жывапісу і графікі (пейзаж, нацюрморт). Але, бадай, для яе самы любімы сярод усіх – анімалістычны жанр.

Парадаксальна тое, што, хоць кераміка нараджаецца з зямлі і агню, галоўнымі стыхіямі Тамары Курачыцкай усё ж з’яўляюцца паветра і вада. Мастачка ўмее ператварыць гліняную масу, скаваную полымем, у штосьці паветранае, бязважкае альбо, наадварот, у цякучае, зменлівае. Палёт, адкрытая нябесная высь і поўныя таямніц водныя глыбіні – гэта свет Тамары Курачыцкай, тыя прасторы, дзе яна адчувае сябе ўтульна і ўпэўнена.

Нездарма ўлюбёнымі “персанажамі” мастачкі сталі, з аднаго боку, птушкі, анёлападобныя істоты і нават касмічныя прышэльцы, а з другога – рыбы (самых неверагодных форм і колераў) і нават малюскі, і крэветкі.

Нават выявы жанчын-прыгажунь, якіх так шмат на рэльефных пано мастачкі, выглядаюць зусім нематэрыяльнымі, незямнымі, нагадваюць ці то ундзін, якія выйшлі з вады на бераг, ці то нейкіх фантастычных матылькоў.

Але, бадай, фаварыт сярод усіх вобразаў, якімі натхняецца Тамара Курачыцкая, – ракавіна. Мастачка літаральна зачаравана яе дасканалымі спіральнымі формамі. Спіраль са старажытных часоў лічылася сімвалам Сусвету, цыклічнасці развіцця ўсяго існага. Спіраль – гэта водны вір, смерч, касмічныя завіхрэнні, вечнае адраджэнне. І ўсё гэта Тамара Курачыцкая разгледзела ў ракавіне. Мастачка зноў і зноў спрабуе гэты вобраз, ўвасабляючы яго не толькі ў панцырах марскіх малюскаў ці смаўжоў, але і, напрыклад, у ручках ваз і нават у шахматных фігурах.

Напэўна, менавіта форма ракавіны натхніла мастачку на вынаходства адмысловай аўтарскай тэхнікі мазаічнага выкладвання з шамотнай масы.

Але, зразумела, гэта не адзіная вынаходка Тамары Курачыцкай. Мастачка здолела выпрацаваць адметны стыль, які акрэслены ў падзагалоўку гэтай выставы: “Скульптура-рэльеф-жывапіс-графіка ў гліне”. Яе працы, што нараджаюцца на мяжы скульптурных форм, жывапісу і графікі, утвараюць чароўны, загадкавы і вельмі прыцягальны свет. Гэта свет-мроя, свет-сон, у які Тамара Курачыцкая запрашае ўсіх наведвальнікаў выставы.


Вам можа быць цікава

Імпрэза “Прыйшла Каляда!” у Мінску

16.12.2025 (14:00 - 16:00) Музей Якуба Коласа (вул. Акадэмічная, 5)

Майстар-клас па вырабе торбачак з дываноў "Чароўны дыван" у Мінску

20.12.2025 (16:00 - 18:00) Галерэя Шчамялёва (вул. Рэвалюцыйная, 10)

Майстар-клас па вырабе агністага каня ў Гомелі (12+)

25.12.2025 (14:00 - 16:00) Філіял Веткаўскага музея (плошча Леніна, 4а)

Дзіцячы калядны баль у Мірскім замку

06.01.2026 (12:00 - 17:00) Мірскі замак (вул. Чырвонаармейская, 2)

Апошняе
на Budzma.org

чытаць яшчэ