Бліжэйшы пятнічны вечар запрашаем берасцейцаў і гасцей горада правесці на пазнавальным мерапрыемстве – “Кірмашы праектаў”, прысвечаным тэме, да якой мала хто на зямлі абыякавы, – музыцы.
“Кірмаш праектаў”, які друг год запар праводзіцца грамадскай культурніцкай кампаніяй “Будзьма беларусамі!” у розных гарадах краіны, ставіць мэтай сабраць у адным месцы і ў адзін час адмыслоўцаў, што хочуць свае мары зрабіць рэчаіснасцю на карысць роднага горада: прыдумляюць цікавыя культурніцкія ідэі, ствараюць дзеля іх рэалізацыі каманды і ўмовы, натхняюць сваім запалам і/ці шукаць натхняльнага досведу. Першыя “Кірмашы” мелі шырокую культурніцкую скіраванасць. Гэтым жа разам на берасцейскім “Кірмашы”, адразу ўслед за гомельскім, асноўная ўвага будзе аддадзеная музычнай сферы, яе канструктыўнаму ўплыву на жыццё асобы і грамадства агулам.
“Кірмаш праектаў” – гэта публічная прэзентацыя ў фармаце “маланкавай размовы”, вельмі блізкай да сусветна папулярнай “печакучы”, калі за некалькі хвілін трэба яскрава прадставіць сваю ідэю ці бачанне. Нефармальная атмасфера, гутарка з прафесіяналамі і аднадумцамі, цікаўнасць патэнцыйных партнёраў і новых паплечнікаў, прасоўванне свайго праекта – вось што чакае Вас 25-га кастрычніка.
Да ўвагі наведнікаў “Кірмашу праектаў” у Берасці рыхтуюцца:
Тры праекты ад Зміцера Назарава і каманды прома-суполкі “Зала чакання”
– Men’s Fest, ужо вядомы жыхарам горада і ўкраінска-польскага памежжа,
– Новы, пакуль таямнічы музычны конкурс, які раскрые новыя музычныя таленты цэлага рэгіёну
– Дабрачынны праект “Падаруй дзецям сонца”
Шырокі міжнацыянальны праект “Музей электроннай музыкі” ад Арцемія Панькова (Берасце, Мінск, Масква, онлайн-платформа talaka.by).
Два Яўгены – Скрабец і Скрабутан – прадставяць “Zrobliena u Bielarusi” – праект, які спалучае музыку і стыльнае адзенне і арыентуецца на інтэлектуальную беларускую моладзь.
Фестываль “Рок-вясна” ў Пружанах, аўтар – Інга Воран.
No Logo Fest – праект-госць ад Уладзіміра Булаўскага (Віцебск, культурная прастора Vitebsk4me)
У праграме таксама будуць сюрпрызы і, канешне, музыка!
Калі вы таксама маеце файную ідэю, якая палепшыць музычнае жыццё Берасця, то ў вас яшчэ ёсць шанец даслаць прэзентацыю сваёй ідэі на email kirmash.brest@gmail.com да 9:00 раніцы 24 кастрычніка. Інфармацыю, як падрыхтавацца, шукайце тут.
Уваход вольны, запрашаем!