У чацвер, 1 траўня, у музеі гісторыі беларускай літаратуры ладзяць філамацкую маёўку.
Гэтай сустрэчай музей працягвае праект «Магія слова».
«Маёўкі» — адна з традыцый на беларускіх землях, якая цудоўна спрыяла такім сустрэчам.
Пачуўшы слова «маёўка», многія згадаюць традыцыі савецкай моладзі. Але гэта стэрэатып апошніх дзесяцігоддзяў. Маёўкі з’явіліся значна раней. Студэнты, якія ладзілі маёўкі больш за дзвесце год таму, — удзельнікі таварыства філаматаў.
Першая маёўка адбылася за Вільняй 6 мая 1820 года. Была яна добра падрыхтавана.
Адкрыў маёўку вершаванай прамовай Тамаш Зан. Пасля выступленняў філаматаў моладзь пайшла, згодна з рытуалам «піць малако». Гэта была своеасаблівая вясёлая, безалкагольная бяседа, дзе гучалі вершы, прамовы, спевы, жарты, наладжваліся гульні.
Прыходзьце пазнаёміцца з гісторыяй і традыцыяй філамацкай кагорты: Адам Міцкевіч, Тамаш Зан, Ян Чачот, Ігнат Дамейка і яшчэ некалькі дзясяткаў найцікавейшых удзельнікаў таварыства аматараў навук.
Вас чакае расповед пра жыццё, творчасць, каханне і прыгоды адной з самых яскравых суполак у гісторыі беларускай літаратуры.
Квіткі — 5 рублёў.