Як спяваюць замежныя артысты на беларускай мове?

Рэдакцыя КЛІК разам з перакладчыцай і аўтаркай падкаста «Bellit» Настай Карнацкай вырашыла паслухаць, як гучыць беларуская мова ў выкананні замежных артыстаў. А там — цэлае поле эксперыментаў. То пакладзеная на біт народная песня, то клавішнае сола, мелодыю якога адгадае любы беларус, і наўпрост стары-добры ска-панк з малдаўскім каларытам. Зацікавіліся? То вось вам падборка з 5 адмысловых трэкаў.
Muzyka

Deep Purple — «Купалінка» 

У 2011 годзе ў Менск з канцэртам завіталі легендарныя Deep Purple. Пасля гурт прыязджаў у Беларусь яшчэ, але гэты выступ адметны сэтам клавішніка Дона Эйры. Ён сыграў мелодыю «Купалінкі» — беларускай народнай песні, найбольш вядомай у аўтарскай версіі паэта Міхася Чарота і кампазітара Уладзіміра Тэраўскага. Так, фактычна гэта музыка без словаў, але ці патрэбныя яны, калі гаворка ідзе пра такую песню?

Мумий Тролль — «Кантрабанды» 

У 2009 годзе выйшаў ачмурэнны па сваім начыненні зборнік «Тузін. Перазагрузка-2». На ім замежныя выканаўцы заспявалі па-беларуску. І аднымі з іх быў гурт Мумий Тролль. Дакладна, вы захочаце расчуць беларускае вымаўленне Лагуценкі, але за спробу і эксперымент трэба падзякаваць хлопцам.

Брутто — «К/Т «Дружба»» 

Адзін з лідараў азербайджанскага рэп-дуэта Каспийский Груз у 2019 годзе выпусціў свой сольнік «Гаддем». На ім ёсць песня «К/Т «Дружба»», у аснове біта якой ляжыць беларуская народная песня «Штой па мору». Інтэрпрэтацый гэтай песні шмат, але Брутто ўзяў версію, запісаную польскім жаночым праектам Laboratorium Pieśni у 2015 годзе. Іх ролік стаў вірусным і зараз мае 16 мільёнаў праглядаў у ютубе. Дарэчы, гэта не першае выкарыстанне народных спеваў у творчасці артыста. У аснову біта «Табор уходит в небо» Каспийский груз паклаў балгарскую народную песню.

Воплі Відоплясова — «Краіна мрой» 

Яшчэ адзін трэк з праекта «Тузін. Перазагрузка-2». Знакаміты ўкраінскі гурт спеў сваю песню, беларускі пераклад якой выканаў паэт Андрэй Хадановіч. Дарэчы, у 2015 гурт Жадан і Собаки выпусціў украінскую кавер-версію песні «Рок-музыкант» гурта Мроя. Вось такая атрымалася раўнавага.


Zdob și Zdub — «Стоп-мафія» 

Гурт з Малдовы, які большасць з вас ведае па каверы на «Кино». Але Zdob și Zdub гэта круты ска-панк гурт, які за сваю гісторыю запісаў ажно 11 альбомаў і заняў 6-е месца на «Еўрабачанні» ў 2005 годзе. Ну і заспяваў па-беларуску, канешне. «Стоп-мафія» па вайбе вельмі падобная да Ляпісаў і гэта невыпадкова. У расейскамоўнай версіі песні на фіт да гурта заляцеў Сяргей Міхалок. Беларускамоўную ж версію малдаване выканалі самі, і гэта атрымалася аднолькава мілагучна і бадзёра.


А якія песні замежных артыстаў/к на беларускай мове ведаеце вы? Пішыце ў каментарыях. Мо назбіраем на цэлы плэйліст.