30 сакавіка ў Беларусі на гадзіну пагаснуць агні і падсветка вядомых помнікаў, знакавых установаў, адміністратыўных будынкаў і інш. Такім чынам нашая краіна ў 11 раз далучаецца да глабальнай экалагічнай акцыі “Гадзіна Зямлі”. Таварыства “Зялёная сетка” падрыхтавала шэраг актыўнасцяў на цёмны час і запрашае жадаючых падумаць пра планету далучацца.
Гадзіна Зямлі – сусветная экалагічная акцыя, закліканая прыцягнуць увагу да глабальных праблем чалавецтва і наваколля. Праз простае дзеяння, адключэнне святла і асвятлення роўна на адну гадзіну, з 20.30 да 21.30 па мясцовым часе, краіны і людзі дэманструюць сваю неабыякаваць да стану навакольнага асяроддзя, змянення клімату і праблемы абмежаванасці прыродных рэсурсаў. Паказваюць сваё жаданне дзейнічаць накарысць планеце.
У мінулым годзе да акцыі далучылася 188 краін, сярод якіх была і Беларусь.
“Для нашай краіны Гадзіна Зямлі стала сапраўднай экалагічнай падзеяй, да якой далучаюцца, буйныя прадпрыемствы, установы, культурніцкія пляцоўкі, кафэ, бары і простыя людзі. З кожным годам гэты спіс становіцца ўсё больш”, – кажуць у таварыстве “Зялёная сетка”, якое з’яўляецца нацыянальным каардынатарам акцыі ў Беларусі.
З году ў год для акцыі абіраецца галоўная тэма, што становіцца скразной для ўсіх мерапрыемстваў, які праходзяць у розных гарадах краіны. На гэты раз таварыствам былі выбраны тры: за чыстае паветра, за чыстае наваколле і за чыстую энергетыку.
“Кожная з тэмаў невыпадковая і важная для сённяшняй дня. Напрацягу апошняга года нам, як экалагістам, даводзіцца назіраць пагаршэнне сітуацыі са станам паветра ў многіх гарадах. Вядомыя гісторыі Светлагорска, Гомеля, Магілёва, дзе з-за працы буйных прадпрыемстваў пакутуюць мясцовыя жыхары. Не выключэннем з’яўляецца барацьба брэсцкіх актывістаў супраць будаўніцтва і запуска акумулятарнага завода. Актуальнай тэма становіцца і для мінчан з улікам планаў на будаўніцтва завода па спальванні смецця.
Нельга абмінаць увагай і будаўніцтва Беларускай АЭС. Сёння станцыю збіраюцца запускаць, не маючы стратэгіі на абыходжанне з адпрацаваным ядзерным палівам. Ёсць і іншыя пытанні яе бяспекі і мэтазгоднасці, што да гэтага часу застаюцца без адказаў”, – зазначаюць арганізатары акцыі.
Што і дзе будзе праходзіць 30 сакавіка
Мінск
На гадзіну адключыцца падсветка ГЦ “Сталіца”, ААТ “ЦУМ”, гатэля Renaissance, Музея Вялікай Айчыннай вайны, ДУ “Чыжоўка-Арэна”, Банка развіцця Беларусі, УП “Мінгарсвятло”, Дэпартаменту па энергаэфектыўнасці Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі, а таксама з 21.00 да 21.30 Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
Нацыянальны мастацкі музей падтрымае акцыю ў другі раз. З 15.00 да 19.00 у па мастацкіх галерэях музея пройдуць незвычайныя экскурсіі. На іх наведвальнікам прапануюць паглядзець на творы М. Данцыга, В. Волкава, І. Шышкіна, А. Куінджы, І. Айвазоўскага не толькі з пункту гледжання мастацкай годнасці, але і падумаць якую б экалагічную рэчаіснасць адлюстравалі творцы, калі б яны жылі сёння. Каб патрапіць на экскурсію дастаткова набыць квіток у музей.
У 16.00 у музеі адбудзецца сустрэча з экалагічным актывістам Паўлам Коўшалем, на якой ён прапануе інтэрактыўны майстар-клас па абыходжанні з бытавымі адходамі і пагаворыць пра спосабы скарачэння ўтварэння смецця праз адказнае стаўленне да выбару тавараў. Зарэгістравацца на майстар-клас можна па спасылцы, колькасць месцаў абмежаваная.
Галоўнай жа падзеяй Гадзіны Зямлі стане канцэрт-джэм гурта Recha у рэгі-бары “Жованы крот” (вул. Зыбіцкая, 6 з боку ракі). Імпрэза пачнецца а 20.00 і ўваход на яе вольны. У час акцыі будзе працаваць зялёная пошта, кожны жадаючы зможа даслаць тэматычныя паштоўкі сваім блізкім і сябрам. Таксама арганізатары раяць захапіць з сабой чыстыя крышачкі ад пластыкавых бутэляк і падтрымаць ініцыятыву “Новае жыццё ўзамен на крышачкі”.
Гродна
Вечарам у горадзе адключыцца падсветка па вуліцы Савецкай, ГД “Нёман”, Моладзевага цэнтра “Гродна” і Гродненскай праваслаўнай епархіі. Далучацца да акцыі і гарадскія кафэ, дзе можна прыемна і рамантычна правесці вечар: “Раскоша”, “Каралеўскае паляванне”, “Рэтра піца”, “Карчма”.
У першым гродненскім веганскім кафэ “Несцерка” з нагоды акцыі адбудзецца акустычны канцэрт Dot K/.K і Андрэя Кірэя пры свячах. Пачатак а 20.30, уваход вольны.
Брэст
У гэты дзень у Брэсце пройдзе Бясплатны кірмаш, на якім кожны жадаючы зможа падзяліцца непатрэбнымі яму рэчамі з іншымі і знайсці для сябе штосьці карыснае. FreeMarket адбудзецца з 14.00 да 18.00 на другім паверсе па адрасе вул. Піянерская, 53.
А вечарам у прасторы “Дзедзіч” (вул. Маякоўскага, 46/1) зайграе кавер-бэнд “К.А.Д.Р.ы”. Пасля чаго святочны вечар працягнецца настолкамі з гарбатай у прыемнай сяброўскай атмасферы. Пачатак імпрэзы а 20.00.
Шуміліна і Шумілінскі раён
У гарадскім пасёлку Шуміліна на Гадзіну Зямлі збярэцца суседская чайная сустрэча па вуліцы Юбілейная, 75. Арганізатары прапануюць захапіць з сабой печыва і пачастункі, свечы і музычныя інструменты, каб зрабіць гэты вечар утульным і вясёлым разам.
У аграгарадку Башні прапануюць сустрэцца аднасяльчанам на чайны фуршэт у сельскім клубе.
Адключыцца таксама падсветка на будынках Магілёўскага гарадскога выканаўчага камітэта, Маладзечненскага раённага выканаўчага камітэта, а таксама Торфазавода “Глінка” у Столінскім раёне. І спіс працягвае расці.
Таварыства “Зялёная сетка” прапануе фіксаваць гістарычныя моманты адключэння і ўдзельнічаць у фотаконкурсе да Гадзіны Зямлі. Падрабязнасці на Зялёным партале.