Лекцыя Дзяніса Лісейчыкава «Ars Moriendi: пахавальныя практыкі шляхты і мяшчан Вялікага княства Літоўскага ў XV-XVIII стст.» у Вільні і анлайн
22.01.2025
18:30 - 20:00
ЕГУ (Savičiaus g. 17)
Бясплатнае
У сераду, 22 студзеня, у Еўрапейскім гуманітарным ўніверсітэце — адкрытая лекцыя Дзяніса Лісейчыкава «Ars Moriendi: пахавальныя практыкі шляхты і мяшчан Вялікага княства Літоўскага ў XV-XVIII стст.»
З другой паловы XV ст. у еўрапейскім грамадстве набыў вялікую папулярнасць трактат «Ars Moriendi» («Мастацтва паміраць»), у якім тлумачыліся асноўныя працэдуры падрыхтоўкі да «добрай смерці».
У Вялікім княстве Літоўскім папулярнасць ідэй розных варыянтаў гэтага трактата наклалася на даўнюю царкоўную традыцыю захавання «памяці па душы», а таксама супала па часе з імклівым пранікненнем свецкага дакументальнага пісьменства ва ўсе сферы жыцця тагачаснага грамадства.
Асобныя главы Статута ВКЛ XVI ст. рэгулявалі практыку складання тастаментаў (завяшчанняў) шляхты, мяшчан і інш. саслоўяў.
Актавыя кнігі судовых устаноў і магістратаў XVI-XVIII стст. утрымоўваюць велізарную колькасць гэтых цікавых эга-дакументаў, у якіх адлюстравана стаўленне людзей да жыцця і смерці.
Пры манастырах і цэрквах ВКЛ вяліся спецыяльныя кнігі-«памяннікі», у якія запісваліся імёны асоб рознага паходжання, якіх трэба было памінаць у богаслужэнні.
Глыбіня памяці некаторых з іх дасягала некалькіх стагоддзяў. У XVI-XVII стст. у ВКЛ былі выпрацаваны асноўныя элементы надмагільных помнікаў-эпітафій, многія з якіх захаваліся да нашых дзён.
Гэтаму і многім іншым аспектам пахавальнай культуры будзе прысвечана лекцыя.
Уваход вольны. Будзе таксама анлайн-трансляцыя праз ZOOM. Проста далучайцеся па
спасылцы.