ПАДЗЕЯ ДНЯ: «Беларусь у фантастычных апавяданнях»: літаратурныя падарожжы з Андрэем Хадановічам у Гданьску

12.04.2023 17:00 - 19:00 (ulica Długa 35, 80-827) Бясплатнае

У сераду, 12 красавіка, у Гданьску пачынаецца серыя літаратурных сустрэч — сапраўднае літаратурнае падарожжа з Андрэем Хадановічам, паэтам, бардам, перакладчыкам.



Дата: 12 красавіка

Час: 17:00 (час мясцовы)

Месца: ulica Długa 35, 80-827, Гданьск.


Вас чакаюць чатыры размовы пра класічную і сучасную беларускую літаратуру. Пра аўтараў у часы, калі беларусы ўжо мелі такую назву — і яшчэ не мелі яе, карысталіся беларускай мовай — і іншымі мовамі, ад сераднявечнай лаціны да ідышу міжваеннага часу.


Пра выпадкі, калі пісьменнікі пісалі па-польску, але належаць Беларусі ў большай ступені, чым Польшчы. Пра важнасць перакладаў, што захоўваюць актуальнасць, якую ў значнай ступені ўжо страцілі арыгіналы. Пра белую (часам бел-чырвона-белую) магію літаратурнага тэксту, якая пераадольвае геаграфічныя, часовыя і лінгвістычныя межы. Нам усім на радасць.

Сустрэча першая:
Францыск Скарына vs Мікола Гусоўскі: як сышліся супрацьлегласці

Што яднае паляўнічага-лучніка і доктара лекарскіх навук? Як першы робіцца паэтам, а другі — перакладчыкам і друкаром? Што мы ведаем (і чаго не ведаем) пра аўтараў? Якія аўтапартрэты пакінулі яны ў сваіх творах? Якую стратэгію абралі: апавядаць «вялікаму свету» пра нас альбо нам пра «вялікі свет»? І як праз 500 гадоў гэта так ці іначай ператворыцца ў аповед пра нас саміх для нас жа. Як вырашылі дылему: родная мова ці мова-пасярэдніца? І як праз 500 гадоў і тое, і гэтае будзе патрабаваць перакладу? Хто найлепей пераклаў Гусоўскага з лаціны, а Скарыну — з беларускай?

Андрэй Хадановіч — паэт, перакладчык, эсэіст і выкладчык літаратуры. Аўтар 10 кніг паэзіі і аднаго зборніка вершаў для дзяцей. Перакладае паэзію з французскай, ангельскай, польскай, украінскай моваў. Выкладаў літаратуру ў Менску — на філфаку БДУ і ў Гуманітарным ліцэі імя Якуба Коласа, а таксама вёў заняткі ў «Беларускім Калегіюме» і ў «Перакладчыцкай майстэрні». З восені 2022 выкладае класічную і сучасную літаратуру ў віленскім ЕГУ, з вясны 2022 чытае літаратурныя лекцыі на ютуб-канале chadanovič. Песьня «Муры» ў ягоным перакладзе стала адным з галоўных беларускіх гімнаў пратэсту ў 2020 годзе. З кастрычніка 2022 г. жыве ў Гданьску як стыпендыст ICORN.

Спатканне па-беларуску з перакладам на польскую мову.

Уваход вольны!


Вам можа быць цікава

Выстава «Bad Story Art» у Мінску

01.09.2025 18:00 - 19.10.2025 19:00 «МЫ» (пл. Свабоды, 8)

Выстава Уладзіміра Тоўсціка «Мелодыі святочнага горада» ў Мінску

10.09.2025 18:00 - 05.10.2025 18:00 галерэя Савіцкага (пл. Свабоды, 15)

Багач у Суле

20.09.2025 14:00 - 21.09.2025 17:00 парк гісторыі Сула

Вольскі ў Н’ю-Ёрку

24.10.2025 (19:00 - 21:00) Nublu (151 Loisaida Ave)

Апошняе
на Budzma.org

чытаць яшчэ