Прэзентацыя кнігі «Рымкі: вёска на краі вечнасці» ў Паставах

19.12.2014 17:00 - 19:00 Пастаўская раённая бібліятэка Бясплатнае

Прэзентацыя кнігі «Рымкі: вёска на краі вечнасці» адбудзецца 19 снежня ў Пастаўскай раённай бібліятэцы.

Падчас прэзентацыі аўтары выдання, краязнаўцы Мікалай Арэх і Ігар Пракаповіч, пазнаёмяць чытачоў з адметнасцямі прыроды і гісторыяй вёскі Рымкі. Аснову кнігі склалі ўспаміны былых жыхароў вёскі і матэрыялы Глыбоцкага занальнага архіва.

«Калі ўпершыню трапляеш сюды, дык душа замірае ад прыгажосці, а вусны шэпчуць: “Божа мой! І ёсць жа яшчэ рай на Зямлі!”. Перад вачыма раскрываюцца шырокія прасторы з высокімі травамі, якія павольна калышуцца ад подыхаў ветру, велічная плынь Дзісны з зелянінай дрэў уздоўж рэчышча, блакітным небам з промнямі сонца, і над усім гэтым – беламураваны храм… Але гэта – першае ўражанне. І здалёк. А заходзіш у вёску – і жах напаўняе душу…

Вясковыя хаты – гэта калекі-прывіды з павыбіванымі вокнамі, выразанымі сценамі, разрабаваным і раскіданым начыннем. Сады – перакручаныя зараснікі яблынь і сліў, якія параслі высачэзнай крапівой ды чарнобылем і пачынаюць дзічэць. Вёска памерла, а белы храм узвышаецца над ёй, як помнік. Толькі каму і чаму?..

У вёскі пакуль што ёсць імя і адрас: Рымкі, Пастаўскі раён Віцебскай вобласці. Некалькі гадоў таму, калі мы з вучнямі прыходзілі сюды ў вандроўку, у адной з хат яшчэ была магчымасць сагрэцца ды пагутарыць з ейнай гаспадыняй Ганнай Яловік. З сумам распавядала жанчына, якая нарадзілася ў 1922 годзе, пра заняпад і смерць вёскі на яе вачах. А з гаспадаром пагаварыць тады не ўдалося, бо ён быў вельмі заняты: невысокі хударлявы 90-гадовы дзядок майстраваў вятрак. Так, вятрак для свайго невялікага млына. “Ён жа думае, што калі ў вёсцы будзе млын з ветраком, дык і людзі часцей да нас заязджаць будуць, а то толькі аўтакрама раз на тыдзень…” – са скрухай сказала тады яго жонка. Цяпер вокны ў хаце апошніх жыхароў Рымак пазабіваны дошкамі, а вятрак выглядае, як яшчэ адзін помнік знікаючай вёскі», – пісаў пра паселішча Ігар Пракаповіч на сайце газеты «Культура».

На прэзентацыю запрашаюцца ўсе, хто цікавіцца гісторыяй роднай замлі. Пачататк а 17-й гадзіне. Уваход вольны.

kraj.by


Вам можа быць цікава

Чытальня ТБМ у Лодзі

08.11.2025 (18:00 - 20:00) MAL - Miejsce Aktywności Lokalnej (Wólczańska 168)

DLINA VOLNY ў Дрэздэне

09.11.2025 (20:00 - 22:00) Blechschloss Scheune Dresden (Alaunstraße 36-40)

"Петля Пристрастия" ў Празе

18.11.2025 (19:00 - 23:00) Club 007 - Strahov (Chaloupeckého 1903/6)

Апошняе
на Budzma.org

чытаць яшчэ