Сустрэча з беларусамі з Сібіры ў аг. Рагінь

Аграгарадок Рагінь (Буда-Кашалёўскі раён Гомельскай вобласці) Бясплатнае

2–4 чэрвеня аг. Рагінь Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці прымае сваіх суродзічаў – нашчадкаў сялянскіх перасяленцаў, якія ў канцы ХІХ стагоддзя з прычыны малазямелля выехалі ў Сібір і заснавалі на тэрыторыі сучаснага Вікулаўскага раёна Цюменскай вобласці Расіі некалькі вёсак – Ермакі, Асінаўка, Ялоўка. За беларусамі ў Сібіры замацавалася назва “самаходы” – гэта значыць, што яны прыйшлі па ўласнай волі і жаданню.

Нашчадкі перасяленцаў-самаходаў ідэнтыфікуюць сябе як беларусы. Яны захавалі традыцыйныя беларускія абрады: Купалле, Каляды, штогадовы перанос на Раство іконы – Свячы, у сваёй гаворцы – шмат беларускіх назваў, багаты песенны фальклор, традыцыю варыць на святы самаробнае піва.

Супольнасць актыўна зберагае і ўмацоўвае сваю культурную самабытнасць, таму і прымае ўдзел у беларуска-расійскай сацыяльна-культурнай праграме “Вяртанне”, якая мае на мэце пашырэнне ведаў аб лакальнай гісторыі і культуры жыхароў аг. Рагінь, а таксама стварэнне культурнай прасторы для ўзнаўлення мясцовых традыцый і сваяцкіх сувязей з суродзічамі з с. Ермакі Вікулаўскага раёна Цюменскай вобласці Расіі.

З с. Ермакі прыбудзе дэлегацыя з адзінаццаці чалавек, у складзе якой начальнік Адміністрацыі Ермакоўскага сельскага пасялення Святлана Ажгібесава і народны фальклорны калектыў “Расіяначка” пад кіраўніцтвам загадчыцы Ермакоўскага сельскага клуба Надзеі Вычужанінай.

На зямлі сваіх продкаў у гасцей будзе вельмі насычаная праграма, гэта і наведванне музею славы Рагінскай сельскай школы, куды яны перададуць унікальныя матэрыялы аб першых перасяленцах у Сібір з Ермакоўскага краязнаўчага музея, і візіт у Рагінскі цэнтр народнай творчасці, дзе прысутныя абмяркуюць радаводы сем’яў Мельнікавых, Новікаў, Черняковых, якія пачаліся ў аг. Рагінь, паглядзяць дакументальную стужку “Самаходы” (2017) і сустрэнуцца з яе творчай групай.

3 чэрвеня госці наведаюць могілкі у аг. Рагінь, а таксама вёску Бушэўка Маразовічскага сельскага савета Буда-Кашалёўскага раёна, адкуль у канцы ХІХ ст. перасяленцы выязджалі ў Сібір. А ўвечары народны фальклорны ансамбль “Расіяначка” Ермакоўскага сельскага дома культуры зладзіць у Буда-Кашалёве канцэрт “У песень – родная душа”.

4 чэрвеня дэлегацыя з Сібіры паўдзельнічае ў малебне ля будоўлі храма Свяціцеля Мікалая Цудатворцы ў аг. Рагінь і закладзе зямлю, прывезеную з с. Ермакі, у заснаванне будынка храма. У гэты ж дзень адбудзецца Свята вёскі у якім свае абрады “Троіца” прадэманструюць як мясцовыя калектывы “Крыніца” і “Верасок”, так і “Россияночка” Ермакоўскага дома культуры з Расіі. Што вельмі цікава, у канцы дня будзе праведзеная дэгустацыя самаробнага піва, рэцэпт прыгатавання якога сібірскія самаходы захавалі і ўзнавілі разам з жыхарамі аг. Рагінь.

5 чэрвеня нашчадкі беларусаў-самаходаў наведаюць выставу “Людзі і птушкі. Вобраз птушкі ў традыцыйнай культуры” і адкажуць на пытанні мясцовай прэсы.

Гэты візіт стаўся магчымым дязкуючы Міжнароднаму грамадскаму аб’яднанню “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”, Буда-Кашалёўскаму райвыканкаму, Рагінскаму сельскаму савету, Адміністрацыі Вікулаўскага муніцыпальнага раёна Цюменскай вобласці Расіі і Муніцыпальнай аўтаномнай установе культуры “Цэнтр культуры і дасуга Вікулаўскага раёна”.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Глядзіце таксама:

У сеціве фільм “Самаходы” пра беларусаў Сібіры (Відэа)


Вам можа быць цікава

Варштаты ткацтва ў Лідзе

20.06.2025 12:00 - 21.06.2025 16:00 аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры (вул. Савецкая, 12)

Майстар-клас па гарлячках у Гомелі

21.06.2025 (12:00 - 14:00) філіял Веткаўскага музея (плошча Леніна, 4а)

«Петля Пристрастия» ў Варшаве

22.06.2025 (20:00 - 22:00) Hydrozagadka (11 Listopada 22)

Апошняе
на Budzma.org

чытаць яшчэ