На фасад Нацыянальнага гістарычнага музея, будаўніцтва якога цяпер ідзе, змесцяць шэсць барэльефаў з выявамі людзей, якія сімвалізуюць шэсць гістарычных перыядаў Беларусі, піша reform.news са спасылкай на Сталічнае тэлебачанне.
Скрыншот відэа
Цяпер на скульптурным камбінаце пятнаццаць майстроў працуюць над барэльефамі. У распрацоўцы першы перыяд — дадзяржаўны. На першым барэльефе размесціцца зборны вобраз трох плямёнаў — крывічоў, радзімічаў і дрыгавічоў.
Другі барэльеф — ранняе сярэднявечча — будзе ўтрымліваць вобразы прадстаўнікоў Полацкага і Тураўскага княстваў, гэта Усяслаў Чарадзей, Еўфрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, Рагвалод, Тур, Брачыслаў Ізяславіч, Рагнеда, Ізяслаў, Юрый Яраславіч (Тураўскі князь).
Трэці барэльеф прысвечаны XIII — XVIII стагоддзям. Гэта Францыск Скарына, Войшалк, Афанасій Філіповіч, Сімеон Полацкі, Георгій Каніскі, Давыд Гарадзенскі, Васіль Цяпінскі, Казімір Семяновіч, Сымон Будны.
На чацвёртым барэльефе — прадстаўнікі канца XVIII — пачатку XX стагоддзяў: Яфім Карскі, Максім Багдановіч, Іван Насовіч, Іосіф Гурко (расійскі генерал), Францишак Багушэвіч, Браніслаў Эпімах-Шыпіла, Ігнат Буйніцкі, Алаіза Пашкевіч (Цётка). Таксама будзе паказаны Іосіф Сямашка. Выданне «Наша Ніва» нагадвае, што гэты мітрапаліт змагаўся з «цвіковай ерассю», асабіста распілоўваючы ногі тых статуй Ісуса Хрыста, на якіх абедзве нагі былі прыбітыя адным цвіком — пры пераводзе з уніяцтва ў праваслаўе ён дабіваўся вынішчэння слядоў першага.
Пяты барэльеф адлюстроўвае перыяд з 1917‑га па 1991-ы. Тут будуць змешчаны Янка Купала, Якуб Колас, Аляксандр Чарвякоў, Пятро Машэраў, Кірыла Мазураў, Кірыла Арлоўскі, Мікалай Барысевіч, Максім Танк, Вера Харужая, Сяргей Прытыцкі.
Шосты барэльеф прысвечаны сучаснаму перыяду, які, на думку ўладаў, сімвалізуе Міхаіл Савіцкі, мітрапаліт Філарэт, Міхаіл Высоцкі, Іван Шамякін, Аляксандр Дубко, Ігар Лучанок, Уладзімір Мулявін, Стэфанія Станюта, Міхаіл Пташук, Аляксандр Мядзведзь.
У сюжэце тэлеканала расказалі, што выбар нацыянальных герояў не абышоўся без гарачых спрэчак. Аднак камісія, што рыхтавала спіс, імкнулася, каб не было «неадназначных трактовак». Напрыклад, Касцюшка, хоць і нарадзіўся на тэрыторыі Беларусі, «адстойваў інтарэсы Польскай дзяржавы і ЗША ў яе барацьбе за незалежнасць», Кастусь Каліноўскі таксама быў названы неадназначнай асобай.
Нагадаем, што асноўны акцэнт новага гістарычнага музея зроблены на гісторыі інстытутаў улады, на дзяржаўнасці, якая вызначаецца як тысячагадовая.