Не хочацца адпускаць сыходзячае лета? Нам таксама. Таму зрабілі для вас падборку яскравых трэкаў ад беларускіх артыстаў, якія дакладна дапамогуць захаваць летні настрой. Дадавайце ў свой плэйліст і насалоджвайцеся!
Супертанцавальны, гарачы і максімальна электронны трэк ад Падляскага сквада — Niczos і Sw@da, запісаны супольна з беларускай спявачкай і мастачкай Насцяй Рыдлеўскай і спявачкай ангольскага паходжання Гіяй (Лузія Авеліна). Праз свае сацсеткі выканаўцы доўгі час падагравалі аўдыторыю, і вось цяпер можна сказаць, што чаканне было не дарэмным. Мая вам парада: на апошняй летняй тусоўцы абавязкова ўключыце гэты трэк і як след падэнсіце.
Паміж першым і другім сінглам гурта прайшло не так шмат часу, і вось Help YourSelf — атмасферная кампазіцыя, якая спалучае інды-рок з электроннымі элементамі. Музычны складнік вылучаецца мінімалістычнымі аранжыроўкамі, ствараючы прастору для вакалу. Лірыка тут закранае тэму ўнутранага пошуку і самапазнання і яшчэ больш раскрывае гурт для слухача.
У жніўні ў Стаса выйшла адразу 2 песні: Таксін і Ціха. Шчыра кажучы, яны падобныя, бо напісаны на памежжы хіп-хопу і R&B, аднак асабіста мне больш спадабаўся другі трэк. Тыя, хто слухае Вэйві ўжо даўно, могуць адзначыць яго фірмовы стыль не толькі ў інструментале, але і ў лірыцы, дзе ён умела пераплятае тэмы кахання, сталення, матывацыі і творчых пошукаў.
Олдскульны рэп? Такі ў нас ёсць! Лайтовы выдае цэлы ЕР, у якім разважае пра сваё жыццё, натхненне, творчы шлях. І няхай лянотная манера чыткі вас не расслабляе, бо тэксты сапраўды маюць выбуховую моц і літаральна складзены з рознакаліберных панчаў, як кубік рубіка. Фанатам старога добрага рэпчыка пачатку 2000-х павінна быць даспадобы.
Што такое «Белая Полоса»? Максі-сінгл на 5 трэкаў ад галоўных сінці-поп постпанкераў краіны. Гэта велічныя, змрочныя і прапрацаваныя да дробязяў сінглы, аб’яднаныя адной тэматыкай і плюс-мінус гучаннем. Для жадаючых занурыцца ў містычную атмасферу постсавецкай тугі, з якой не факт, што атрымаецца вынырнуць.
Цёплы летні сінгл, пад які ногі так і цягнуць на танцпляц, а рукі аўтаматычна пачынаюць рытмічна рухацца. Калі падаецца, што Саціве ўжо няма чым нас здзіўляць, яна ўсё роўна знаходзіць штосьці вайбовае! Яшчэ адна крутая песня, якую варта дадаць у плэйліст гэтага лета.
А гэта ўвогуле законна? Выпускаць такія вогненныя танцавальныя трэкі з выбухным бітом, ад якіх любая восеньская меланхолія будзе адыходзіць на другі план. Гурт NOCHY сваімі трэкамі паспяхова затрымлівае гэтае цёплае лета і нібы запрашае на апошні дыскач. Хадзем?
Магілёўскія рамантыкі на сумежжы індзі і постпанку. Менавіта так можна ахарактарызаваць гурт Wonder Spak і іх новы трэк, які выйшаў у сярэдзіне жніўня. Драматычная гісторыя кахання, якая разгортваецца падчас усёй кампазіцыі, сапраўды бярэ за душу. Інструментал і вакал ствараюць адзіны механізм, які перадае самыя шчырыя пачуцці як найлепей.
Музычная блогерка і артыстка MuzManya ўрываецца ў жаночы індзі-поп са сваім новым сінглам. Містычная атмасфера, рэтра-гук і чуллівы вакал Марыі ствараюць напраўду магічнае ўражанне.
«Планы на лета» — гэта гісторыя пра новае знаёмства, якое пачынаецца з нечаканай сустрэчы і ператвараецца ў незабыўнае лета, поўнае эмоцый і мараў. Гэта пра шчырыя пачуцці героя, які сустракае дзяўчыну, што змяняе яго планы і адкрывае новыя гарызонты. Запомнілі гэта лета? Час планаваць новае.
Хатні Томпсан, Budzma.org
Чытайце яшчэ:
Святла Бень: «Я выхоўвала сябе як баявога каня, якому страляюць над вухам, каб не баяўся»