У апошнія гады значная частка беларусаў вымушана апынулася за мяжой. Відавочна, што ў большасці выпадкаў людзі не маюць магчымасці перавезці кнігі з хатніх бібліятэк, таму за мяжой паўстае пытанне, дзе набыць кнігі на беларускай мове. Аўтар-выканаўца і мастак Ілья Фаляжынскі склаў падборку з 12 сайтаў беларускіх выдавецтваў і інтэрнэт-кнігарняў, дзе беларусы замежжа могуць набыць кнігі па-беларуску. Пра некаторыя з іх вы чулі, а пра нейкія, магчыма, не ведаеце.
1. «Кнігаўка»
Кнігарня «Кнігаўка» ў Мінску зачынілася менш чым праз суткі працы. У 2023 годзе выдавецтва запусціла новую інтэрнэт-кнігарню, а 6 лютага 2024 года адкрылася таксама варшаўская «Кнігаўка».
Кнігі — на любы густ: у асартыменце кнігарні як творы вядомых і сучасных беларускіх аўтараў, як Альгерд Бахарэвіч, Ганна Янкута, Ева Вежнявец і іншыя, а таксама пераклады сусветнай літаратуры. Сярод іх, напрыклад, «Уладар пярсцёнкаў» Дж. Р. Р. Толкіена, «Вядзьмар» А. Сапкоўскага, «Гары Потэр» Дж.Роўлінг, «Вялікі Гэтсбі» Ф.Фіцджэральда. Ёсць і дзіцячыя кнігі на беларускай мове. У сакавіку выйшаў з друку беларускі пераклад польскамоўнай кнігі Ціны Азевіч «Што робяць пачуцці?» і другая частка фэнтэзійна-прыгодніцкага раману Валера Гапеева «Вольнеры». З нядаўняга часу на сайце можна купляць і электронныя кнігі.
2. Kamunikat
Па-першае, Kamunikat — найбуйнейшая беларуская інтэрнэт-бібліятэка, якая налічвае ўжо больш за 55 тысяч розных беларускіх выданняў: кніг, аўдыякніг, часопісаў, газет і г.д. Фундацыя kamunikat.org займаецца выданнем кніг з 2021 года, а сярод аўтараў ужо больш за 20 папулярных беларускіх пісьменнікаў. У інтэрнэт-кнігарні можна набыць шэраг папяровых выданняў: кнігі Уладзіміра Някляева, Віктара Марціновіча, Ганны Янкуты, ажно пяць кніг Уладзіміра Арлова, кнігу «(Не)расстраляныя» пра беларускіх пісьменнікаў, расстраляных у 1937 годзе, ці «Кнігу могілак» пра беларускія пахаванні ў свеце.
3. Алфавіт
Сярод раздзелаў з кнігамі на розных мовах на гэтым сайце можна знайсці і кнігі па-беларуску. Асартымент прадстаўлены кнігамі выдавецтва «Папуры»: серыя «Мая беларуская кніга», розныя выданні твораў Уладзіміра Караткевіча, пераклады замежных аўтараў, дзіцячая літаратура і інш. Дастаўка дзейнічае па ўсім свеце.
4. Вясна
«Вясна» — незалежнае выдавецтва, задуманае як прадаўжальнік традыцыі беларускага кнігадрукавання ў Празе, якое выдае якасную арыгінальную і перакладную літаратуру. Гісторыя праекту пачалася 4 гады таму з выхаду рамана Мойшы Кульбака «Панядзелак», перакладзенага на беларускую мову адным з заснавальнікаў выдавецтва Сяргеем Шупам. Ёсць кнігі Альгерда Бахарэвіча, Юлі Цімафеевай, Джорджа Оруэла і іншых. Нядаўна з літоўскай мовы быў перакладзены раман Юргіса Кунчынаса «Туўла».
5. Gutenberg Publisher
Маладое выдавецтва, заснаванае беларусамі, якія былі вымушаныя пакінуць Беларусь. Сярод першых выданняў — адрыўны каляндар-слоўнік «Мова вольных: 365 родных слоў» (365 беларускіх слоў з перакладам на ўкраінскую, польскую і ангельскую мовы), пазл «Бітва пад Воршай 1514» (1000 штук) і «Беларускі народны соннік». Цікава, што выдавец распрацаваў знак No AI Content Inside, які прызначаны для абазначэння кантэнту, створанага чалавекам без дапамогі штучнага інтэлекту.
Асноўныя напрамкі дзейнасці — выданне навуковай, навукова-папулярнай, даведачнай і мастацкай літаратуры, стварэнне факсіміле карт і гравюр, выраб сувенірнай прадукцыі і элементаў інтэр’еру.
Нядаўна выйшлі з друку вершы ўнікальнай паэткі ХХ стагоддзя Машы Калекі і беларускі пераклад «Гражыны» Адама Міцкевіча.
6. 34 літары
Гэты сайт з’яўляецца інтэрнэт-кніжнай крамай, якая дастаўляе кнігі на розных мовах па ўсім свеце. У раздзеле беларускіх кніг можна знайсці творы беларускіх і замежных аўтараў у перакладзе на беларускую мову, а таксама каштоўную дзіцячую літаратуру.
7. Скарына
Ігар Іваноў заснаваў у Лондане беларускае выдавецтва «Скарына-Прэс». Першай кнігай выдавецтва сталі «Апавяданні з Бейрута» ўкраінскага пісьменніка Агатангела Крымскага. Выйшла не толькі шмат кніг розных жанраў, але і рэпрадукцыі шасці фотаздымкаў з этнаграфічнай экспедыцыі пад кіраўніцтвам Вацлава Ластоўскага і неўзабаве павінен выйсці слоўнік кінатэрмінаў па-беларуску.
8. Słowianka
Słowianka — гэта моўная школа ў Варшаве, якая прапануе заняткі па беларускай, украінскай і рускай мовах. На іх сайце можна знайсці некалькі дзіцячых кніжак па-беларуску, напрыклад, «Ашуканцы» Яны Вольскай ці казку «Кропля ў космасе» Маляваныча.
9. Літарка
Гэты сайт адрозніваецца ад папярэдніх тым, што ён дастаўляе кнігі ў Злучаныя Штаты. Сярод самых папулярных кніг мінулага году кнігарня залічвае «Радзіму — ілюстраваную гісторыю Беларусі ад Рагнады да Касьцюшкі» на англіскай мове Уладзіміра Арлова, «Сабак Эўропы» і «Апошнюю кнігу пана А» Альгерда Бахарэвіча, «Радзіва Прудок» Андруся Горвата, але гэта дакладна не ўсе цікавыя кнігі, якія можна набыць.
10. 33 кнігі для іншай Беларусі
Мэта гэтай ініцыятывы — даць магчымасць апублікаваць як мінімум 33 творы, якія ў цяперашніх умовах не могуць убачыць свет у Беларусі. На сайце можна азнаёміцца са спісам літаратуры, якая ўжо выйшла, а таксама той, што з’явіцца ў будучым. Сярод прэзентаваных кніг — анталогія «Нетутэйшыя: Reversion», «Слоўнік вайны» Астапа Слівіньскага, а таксама эсэ «Адвечным шляхам» Ігната Абдзіраловіча і сатырычны раман «Радзіна» Збыха Слупоўскага.
11. Мяне няма
Гэта сайт незалежнага выдавецтва, якое друкуе творы сучасных беларускіх пісьменнікаў. Дзве кнігі ўжо ёсць: «Мяне няма» Валянціна Акудовіча і «Забыць у электрычцы» Сяргея Краўчанкі. Можна не сумнявацца, што наперадзе не менш цікавыя публікацыі.
12. Sovabooks
Кнігарня існуе як анлайн, так і стацыянарна ў Варшаве. Тут можна набыць кнігі на беларускай, украінскай і рускай мовах. У раздзеле з кнігамі па-беларуску можна знайсці кнігі дзіцячай і класічнай беларускай літаратуры выдавецтва «Папуры».
Яшчэ крамы з беларускімі кнігамі
Крама нацыянальнай сімволікі ў Батумі таксама мае дастойны выбар кніг для беларусаў: «Заклінальнік адзінарогаў» Надзея Ясмінка, «Вядзьмедзева вунія» Уладзіміра Някляева, «Побач» Насты Кудасавай і Святланы Дземідовіч, «Каханак Вялікай мядзведзіцы» Сяргея Пясецкага і інш.
Тыя, каму даспадобы абіраць кнігі асабіста, таксама змогуць знайсці нешта для сябе. Акром названых вышэй фізічных адрасоў енігарняў, беларусы могуць наведаць, напрыклад, кнігарню «Гартайка» ў Вільні па адрасе Nemenčinės pl. 48. Вялікі выбар цікавых кніг, сярод якіх «Чараўнік краіны Оз» Ф. Баўма, «Хронікі Нарніі» К. С. Льюіса, «Пасажыры карабля Тэсэя» С. Стурэйкі, «У прысценку старога лесу. Гісторыі людзей з Белавежскай пушчы» Г. Кандрацюк і «Беларускі гістарычны і літаратурны анекдот» С. Шапрана.
Чытаць яшчэ
Яраслаў Іванюк: Выпрабаванні — гэта не толькі зло. «Камунікат» дэманструе рэкордныя паказчыкі
Беларуская кніга ў замежжы. Жыццё пасля «смерці»