Нядаўна пад аўтастаянкай знайшлі пахаванне караля! Сапраўднага! І навукоўцы гэта пацвердзілі. Праўда, гэта не ў Мінску адбылося, а ў Лестэры, што ў Брытаніі. І вось з гэтай нагоды, а таксама ад натхнення краязнаўчай вандроўкай па Беларусі Амбасадар Яе Вялікасці Брус Бакнэл распавядае, як і з дапамогай якіх суперсучасных тэхналогій вывучаюць гісторыю свайго краю ў Вялікабрытаніі.
Краязнаўства — савецкая спадчына…
Не так даўно я ўпершыню наведаў некалькі беларускіх славутасцяў. Камянецкая вежа ўразіла мяне найбольш моцна. Гэта адзін з апорных пунктаў, пабудаваных кіраўнікамі Валынскага княства ў XIII стагоддзі для абароны сваіх паўночных межаў. Такіх сярэднявечных архітэктурных артэфактаў вельмі мала засталося ў Беларусі. Вышыня вежы — 30 метраў, а галоўны ўваход, да якога вяла драўляная лесвіца, знаходзіўся ў 15 метрах над зямлёй.
Камянец — мястэчка ля Белавежскай пушчы, ацалелага кавалка лясоў старажытнай Еўропы. Гэта ўнікальнае для Еўропы месца, не кажучы ўжо пра Беларусь, і было цікава пачуць апавяданні мясцовых жыхароў пра сваю гісторыю.
“Мясцовая гісторыя” — гэта гісторыя канкрэтных месцаў і іх насельніцтва. Гісторыі дзяржаў і краін, як правіла, вядуць падлік асноўных палітычных падзей. Мясцовая ж гісторыя распавядае перш за ўсё пра культурныя і сацыяльныя аспекты. Як правіла, пісьмовых крыніц інфармацыі аб тым, што адбывалася ў той ці іншай вобласці, менш у параўнанні з вялікімі дзяржаўнымі архівамі. Так, мясцовыя музеі гісторыі часта выстаўляюць артэфакты, знойдзеныя на гэтых тэрыторыях, расказваюць легенды і казкі, уласцівыя гэтаму рэгіёну.
Я не ведаў, што цікавасць да мясцовай гісторыі ў Савецкім Саюзе была даволі моцнай. Даследаванне мясцовай гісторыі тут называлася краязнаўствам — ці «кіраваннем тэрыторыяй» (мой пераклад). Вывучэнне мясцовай гісторыі, відаць, было распаўсюджанае ў савецкіх школах. Імаверна, цяпер у Беларусі адраджаецца цікавасць да гэтай з’явы.
…ці віктарыянскае вынаходніцтва?
Калі казаць пра дату, калі ў Вялікабрытаніі пачалося вывучэнне мясцовай гісторыі, то гэта, мабыць, будзе 1899, калі брытанскае выдавецтва «Archibald Constable & Co» распачало праект «Віктарыянская гісторыя графстваў Англіі». Яго мэтай стала стварэнне пісьмовай гісторыі кожнага з 39 гістарычных графстваў Англіі ў гонар каралевы Вікторыі. Планавалася, што над праектам будзе працаваць мноства аўтараў, якія б вялі хроніку пра ландшафт, славутасці, гістарычныя будынкі і іншыя асаблівасці кожнага паселішча, па магчымасці абапіраючыся на старажытныя летапісы.
Гэтая прыватная ініцыятыва, відаць, была занадта амбіцыйнай, бо неўзабаве сродкі на яе рэалізацыю вычарпаліся. Першы галоўны рэдактар Уільям Пэйдж знайшоў спонсара, першыя тамы выдання былі апублікаваныя, і праект працягваў развівацца. У 1933 годзе, пераканаўшы Інстытут гістарычных даследаванняў Лонданскага універсітэта ўзяць на сябе адказнасць за праект, Пэйдж забяспечыў яго будучыню.
Большая частка матэрыялу была фактычна апрацаваная і напісаная гісторыкамі-аматарамі, якія добраахвотна, з асабістай цікавасці, працавалі над праектам. Менавіта асабісты інтарэс па-ранейшаму ёсць галоўнай рысай краязнаўства, якім, як правіла, займаюцца мясцовыя жыхары.
Адным з самых уплывовых прафесійных гісторыкаў, якія праводзілі даследаванні ў галіне краязнаўства, быў Уільям Джордж Хоскiнс. Ён вывучаў уплыў чалавечай дзейнасці на развіццё ландшафту Англіі. Тут гаворка ішла і пра сельскагаспадарчую дзейнасць, і пра асаблівасці населеных пунктаў, і пра ўплыў індустрыялізацыі. Ён таксама быў першым кіраўніком Цэнтра англійскага краязнаўства пры Універсітэце Лестэра.
Мы маем вялікае жаданне вывучаць мясцовую гісторыю. З гэтай мэтай была створаная Брытанская асацыяцыя краязнаўства — дабрачынная арганізацыя, якая аб’ядноўвае розныя групы па вывучэнні мясцовай гісторыі. Існуе нават «Краязнаўчы часопіс» і яго вэб-сайт.
Што хаваецца пад аўтастаянкамі і ў архівах
Магчыма, самым незвычайным з апошніх прыкладаў краязнаўчых даследаванняў стала адкрыццё пахавання караля Рычарда III на месцы аўтастаянкі ў горадзе Лестэр. Манарх, які загінуў у бітве пры Босварцкім полі ў 1485 годзе, быў апошнім прадстаўніком дынастыі Плантагенетаў на англійскім троне. Дзякуючы Шэкспіру Рычард III вядомы нам як злосны, прагны да ўлады гарбун, які пайшоў на забойства сваіх пляменнікаў дзеля трона.
Універсітэт адыграў важную ролю не толькі ў арганізацыі пошуку, але і ў вызначэнні сапраўднасці парэшткаў караля. Ва Універсітэце ёсць лабараторыя, дзе прафесар Алек Джэфрыз распрацаваў метады ДНК-дактыласкапіі і ДНК-прафілявання, якія цяпер выкарыстоўваюцца для вызначэння бацькоўства. Навукоўцы змаглі параўнаць ДНК, знойдзеную ў парэштках манарха, з узорамі яго найбліжэйшых жывых сваякоў, якія маладзейшыя за караля ўсяго на 18 пакаленняў. 26 сакавіка гэтага года парэшткі Рычарда ІІІ былі перапахаваныя ў саборы Лестэра.
Выпадак з Рычардам III, бадай, найбольш выбітны. Але чым абумоўленая такая цікавасць да мясцовай гісторыі? У Вялікабрытаніі існуе некалькі фактараў.
Брытанцам за ўсю гісторыю сваёй краіны ўдалося сабраць вялізныя архівы. Тыя, хто цікавіцца гісторыяй пэўнага населенага пункта, могуць знайсці там шмат карыснай інфармацыі. Найбольш ранняя гістарычная крыніца, «Кніга Страшнага Суда», — гэта аглядны дакумент аб Англіі і Уэльсе, створаны яшчэ ў 1086 годзе па загадзе караля Вільгельма I, заваёўніка англа-саксонскай Англіі, які прыйшоў з Нармандыі. Такім чынам Вільгельм І хацеў даведацца, колькі кожны землеўладальнік меў зямлі і жывёлы, каб вылічыць суму падатку.
Краязнаўства: аснова нацыянальнай ідэнтычнасці
Як я ўжо пісаў, Вялікабрытанія — а асабліва паўднёвы ўсход Англіі — гэта густанаселеныя землі ў параўнанні з Беларуссю. І, як я казаў, тлумачачы нашае захапленне садоўніцтвам, мы любім мець асабістую прастору: так, мы асвоілі практычна ўсе свае землі. У выніку разам з доўгай гісторыяй у нас шмат выдатных мясцінаў.
Ёсць яшчэ і грамадскі актывізм. Краязнаўчыя клубы — гэта ўсяго толькі адна грань нашай актыўнай грамадзянскай супольнасці. Жаданне даведацца пра гісторыю родных мясцін і імкненне захаваць гістарычную спадчыну могуць паспрыяць аб’яднанню грамадства.
Цікавасць да мясцовай гісторыі ўплывае і на развіццё турызму. Перапахаванне парэшткаў Рычарда III прыцягнула ў Лестэр вялікую колькасць людзей. Гэтая падзея трапіла ў топ нацыянальных і міжнародных навін.
Магчыма, найбольш відавочным тлумачэннем з’яўляецца жаданне людзей зразумець тое месца, дзе яны жывуць. Гэта, імаверна, звязана з тэмай нацыянальнай ідэнтыфікацыі, пра якую я пісаў у мінулым годзе. Нацыі складаюцца з мноства супольнасцяў і значаць для нас нашмат менш, чым нашыя «малыя радзімы».
Людзі таксама хочуць захаваць памяць пра месцы, у якіх яны жылі. «Віктарыянская гісторыя графстваў Англіі» пачалася падчас завяршэння працэсу актыўнай урбанізацыі, і аўтары, якія працавалі над праектам, хацелі захаваць успаміны аб невялікіх населеных пунктах, перш чым яны знікнуць.
Я падазраю, што ў кожнага краязнаўца свае матывы. Але ўсіх іх аб’ядноўвае жаданне чалавека даведацца пра гісторыю навакольнай рэчаіснасці і тых, хто быў да яго. Бо ўсе мы хочам ведаць і разумець, адкуль мы прыйшлі і дзе нашыя карані.