Афлайнавае ток-шоу “Зробім Горадню культурнай сталіцай разам!” правяла кампанія “Будзьма беларусамі!” 12 снежня. Ужо 18 студзеня горад урачыста атрымае статус культурнай сталіцы Беларусі – 2014. Горадня – пяты беларускі горад, які мае гонар і шанец паказаць унікальнасць сваёй культуры і багацце гістарычнай спадчыны ў межах гэтай акцыі. Гарадская адміністрацыя правяла вялікую працу, каб гэты статус атрымала менавіта Горадня, і мае намер зрабіць яе годнай і вартай такога высокага звання. Што можа прапанаваць гораду грамадскасць, абмеркавалі ўдзельнікі ток-шоу.
Пасля вітальнага слова мадэратараў сустрэчы Хрысціны Марчук (каардынатара кампаніі “Будзьма беларусамі!” па Гарадзенскай вобласці) і Алеся Плоткі (піяр-мэнэджара кампаніі) пра магілёўскі досвед грамадскага ўдзелу ў жыцці культурніцкай сталіцы расказаў Юрась Стукалаў. Там, нагадаем, пасля ток-шоу і “Кірмашу праектаў” ад кампаніі “Будзьма!” для праграмы “Магілёў – культурная сталіца СНД і Беларусі” быў праведзены шэраг супольных мерапрыемстваў, якія добра ўпісаліся ў “сталічную” праграму года і зрабілі жыццё Магілёва больш насычаным і яскравым.
Відавочна неабыякавым удзельнікам ток-шоу было прапанавана падумаць, што можа даць грамадскасць чарговай культурнай сталіцы Беларусі, каб у далейшым звярнуцца да адміністрацыі горада з прапановамі па ўзбагачэнні праграмы на наступны год. Найбольш актуальнымі тэмамі для распрацоўкі грамада назвала наступныя:
Развіццё экалагічнай культуры агулам і роварнага руху ў прыватнасці (аўтар прапановы – Юлія Каляда, прадстаўнік таварыства “Зялёная сетка” ў Горадні і старшыня праўлення ГА “Велагродна”, якая выказала гатоўнасць абмеркаваць тэму з усімі зацікаўленымі і знайсці рэсурсы).
- Тэма Першай сусветнай вайны (аўтар, Андрэй Мялешка, прапанаваў мерапрыемствы на гарадзенскіх фартах з нагоды 100-годдзя пачатку вайны, і гатовы ахвяраваць на гэта 100$).
- Стрыт-арт: фестываль ці конкурс, які б змяніў агульнае ўспрыманне вулічнага мастацтва, а на практыцы – і вонкавае аблічча аднаго з закуткаў горада. Прапаноўвалі Юлія Каляда і экскурсавод Ігар Ламека. Ад Ігара Ламекі прагучала ідэя выкарыстаць старыя гравюры горада ў якасці макетаў малюнкаў.
- Інфармацыйныя шыльды з QR-кодамі каля помнікаў гісторыка-культурных каштоўнасцяў (аўтар прапановы – Ігар Ламека).
- Фэст візуальнага мастацтва (аўтар прапановы – мастак Уладзімір Пазняк. Галоўная мэта – стварыць пляцоўкі і прастору для прадстаўлення творчасці маладых мастакоў, навучэнцаў каледжа мастацтва і факультэта мастацтва ГрДУ).
- Інтэграваныя акцыі для дзяцей з інваліднасцю, здаровых дзяцей, з удзелам творчых асоб (аўтар прапановы – Вольга Шульга, дырэктарка ГДА “Гродзенскі дзіцячы хоспіс”, якая мае вопыт такіх мерапрыемстваў і гатовая ўключыцца ў распрацоўку).
Акрамя гэтых згадвалася і актывацыя ўвагі да Фары Вітаўта, якой так не хапае ў сучасным жыцці горада над Нёманам.
Праект плана “Горадня – культурная сталіца” яшчэ не публікаваўся. Але з інтэрв’ю намесніка загадчыка аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Аляксандра Вярсоцкага вядома, што цягам года плануецца блізу 300 мерапрыемстваў (адно знакавае – штомесяц). План на 2014 год, а таксама Арганізацыйны камітэт усёй акцыі ўжо ў вялікай ступені вызначаныя, але канчаткова будуць зацверджаныя 9 студзеня.
У любым разе, са статусам культурнай сталіцы ці без яго, грамадскасці ёсць што прапанаваць для рэалізацыі ў родным горадзе. І, што істотна для сённяшняга часу, прапанаваць з бачаннем і магчымасцю здзяйснення, а не ў фармаце “мы прыдумалі, а вы зрабіце”, пра што добра выказаўся на адным з Кірмашоў праектаў віцебскі чыноўнік Віктар Глушын:
Агульны настрой добра адлюстроўваюць меркаванні ў апрацаваных анкетах, запоўніць якія было прапанавана ўдзельнікам ток-шоу: гістарычная памяць, архітэктурная спадчына, беларускасць у візуальнай прасторы горада, пошукі і вызначэнне адметнасцяў Горадні, яе пазіцыянавання; візуальнае мастацтва, “культура піцця” і адпачынку, турызм – гэтыя сферы, на думку грамады, варта развіваць у межах акцыі “Горадня – культурная сталіца Беларусі”.
Галоўнае чаканне ўкладаецца ў слоган “Гарадзенцы – гарадзенцам” – ідэю, закладзеную ва ўрачыстае афіцыйнае адкрыццё акцыі, аднайменны канцэрт. Адчуваецца прага гараджан ведаць і ганарыцца сваім, патрэба ва ўзаемнай падтрымцы творчых, культурніцкіх, грамадскіх дзеячаў, развіцці партнёрскіх сувязяў і пашырэнні сваіх прафесійных ведаў і навыкаў. Статус культурнай сталіцы ёсць добрай нагодай для правядзення адукацыйна-камунікацыйных мерапрыемстваў, выступаў, творчых і дыскусійных сустрэч.
Для стымулявання грамадскіх культурніцкіх прапановаў кампанія “Будзьма беларусамі!” абвясціла Кірмаш праектаў, які мае на мэце сабраць ідэі ў фармаце прэзентацыі для далейшай іх прапановы па ўключэнні ў план “Горадня – культурная сталіца” і рэалізацыі ў горадзе.
Кірмаш плануецца правесці ўжо ў наступным месяцы, праекты прымаюцца да 10 студзеня ўключна на электронную скрыню kirmash.hrodna@gmail.com.
Фота – Аляксей Сталяроў