Восем ідэяў агучылі аўтары на Кірмашы праектаў для Гомеля і вобласці, і кожная была па-свойму каштоўнай. Праекты былі з вельмі розных сфераў – ад мастацкай да навуковай, а геаграфія ідэяў сягала нават самых аддаленых куткоў.
17 мая ў арт-прасторы “Каўчэг” культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!” і цэнтр грамадскага кіравання “SYMPA” зладзілі другі этап Кірмашу праектаў: прэзентацыю ідэй. Наступным этапам стане рэалізацыя падтрыманых праектаў.
Сустрэча была ўнікальная тым, што ўдзельнікі сабраліся не толькі з Гомеля. Свае ідэі прэзентавалі таксама Рэчыца, Калінкавічы, Рагачоў, вёска Чырвоны Кастрычнік і пасёлак Акцябарскі, або Рудабелка. Гэта вельмі станоўчы вынік, бо дзейнасць “Будзьмы” скіраваная на тое, каб не было прорвы паміж сталіцай і правінцыяй, каб маленькія мястэчкі былі гонарам Беларусі. Каб вялікія гарады былі зручнымі для жыцця. І каб на Гомельшчыне з’яўляліся славутыя на ўвесь свет месцы.
Кожная ідэя мела сваю каштоўнасць, хоць праекты вельмі розніліся.
Мастацкі пленэр “Чароўны кастрычнік”
Зміцер Янкоў з адроджанай ім вёскі Чырвоны Кастрычнік распавёў аб праекце мастацкага пленэру пад працоўнай назвай “Чароўны Кастрычнік”. Пленэр ужо праходзіў год таму, а цяпер арганізатары маюць намер перавесці яго на новы ўзровень, зрабіўшы падзеяй не толькі для ўдзельнікаў і іх знаёмых, але і для ўсёй Гомельшчыны.
– Я ў любым выпадку зраблю гэты пленэр, – падзяліўся планамі Зміцер Янкоў, – нават калі праект не будзе падтрыманы; проста тады гэта запатрабуе больш высілкаў, але ідэя таго вартая.
“Турыстычныя цікавосткі Калінкавічаў”
У Калінкавічах ёсць касцел XVII стагоддзя, але пра ягоную каштоўнасць часам не ведаюць самі жыхары Калінкавічаў – не кажучы ўжо пра турыстаў, якія абмінаюць гэтыя мясціны, так і не спазнаўшы іх турыстычнага патэнцыялу. А патэнцыял у Калінкавічах вялікі. Гэтаму і прысвяціў свой праект Дзяніс Рабянок.
Старажытная крыніца ў Будзішчы
Аўтары гэтага праекта – Юлія Сівец і Мікола Бенька – з Гомеля, але ідэю яны прэзентавалі для вёскі Будзішча. Пра гэтую вёску Беларусь ужо чула дзякуючы намаганням Юлі і Міколы: у Будзішча яны трапілі ў якасці журналістаў – і былі настолькі ўражаныя старажытнай крыніцай, што не змаглі проста пакінуць яе. Крыніца ўнікальная для Беларусі – яна памятае паганскую традыцыю нашага краю. Гэта, па сутнасці, не крыніца, а партал у нашае старажытнае мінулае.
“Дзесяць турыстычных цудаў Рудабелкі”
Ёсць дзесяць цудаў свету, а Рудабелка – сама па сабе маленькі сусвет, дзяржава ў дзяржаве, мікракосмас. Рудабелка – невялікае мястэчка сярод глухіх лясоў. Такіх мястэчак у Беларусі сотні. І кожнае – замкнёнае, кожнае – таямніца для вонкавага свету. Але так не мае быць. Мястэчкі мусяць быць гонарам Беларусі. Жыць у іх павінна быць гэтаксама ж выгодна, як і ў вялікіх гарадах – а можа, нават і лепш. Такой амбітнай мэце і прысвяцілі сваю прэзентацыю Вольга Павук і Андрэй Павук з Рудабелкі. Па выніках працы мусіць паўстаць сайт-візітоўка, які стане альтэрнатыўным поглядам на пасёлак Акцябарскі – насамрэч варты таго, каб пра яго ведала ўся Беларусь.
Рэчыца і “Лета беларускага гонару”
Рэдкі горад Беларусі можа пахваліцца такой колькасцю славутых людзей, колькі нарадзілася ў Рэчыцы. Напрыклад, гэта паэт Анатоль Сыс, цэлая плеяда мастакоў… Бяда ў тым, што іх мала ведаюць у самой Рэчыцы. Андрэй Мядзведзеў прэзентаваў праект “Лета беларускага гонару”. Праект уяўляе з сябе тры летніх сустрэчы рознага фармату: гэта і мастацкі летнік, і экскурсія, і пленэр – і кожная з такіх сустрэчаў будзе прысвечаная адной з тэмаў: каб удзельнікі летнікаў пазнаёміліся са славутымі ўраджэнцамі Рэчыцы.
Навуковая канферэнцыя з гісторыі Рагачова
Рагачоў – старажытны горад з багатай гісторыяй, поўнай падзеяў, каштоўных для памяці беларусаў. Як вы мяркуеце: колькі гадоў аб Рагачове не друкавалася гістарычных артыкулаў? Пры тым даследаванні і раскопкі праводзіліся. Год, два, тры? Трыццаць! Трыццаць гадоў ніводны навуковец, ніводны археолаг не выдаў акадэмічнага тэксту, даступнага для ўсёй Беларусі: ні ў часопісе, ні нават на сайце Акадэміі навук ці датычнага міністэрства. У Рагачове ёсць група краязнаўцаў, якая хоча выправіць гэтую катастрафічную сітуацыю. Таму на Кірмашы праектаў яны прэзентавалі праект навуковай канферэнцыі, вынікам якой быў бы зборнік матэрыялаў, даступных таксама ў сеціве.
Партал-каталог драўлянага дойлідства
Гомель і Гомельшчына багатыя на драўляны разьбяны дэкор. Дакладней, былі багатыя. Гэтая каштоўная спадчына няўмольна знікае. І трэнд у гомельскіх уладаў – і ў большасці жыхароў, на жаль, – скіраванасць на знішчэнне старых дамоў. “Нам надакучыла кожнага разу даказваць вартасць драўлянага дойлідства, – кажа Марыя Булавінская, адна з актывістаў Гомеля, краязнаўцаў і папулярызатараў гісторыі, якія займаюцца захаваннем спадчыны. – Калі мы не можам захаваць дамы ў матэрыяльным выглядзе, мы робім праект на перспектыву – каб захаваць будынкі ў выглядзе каталогу. Драўляныя дамы можна будзе аднавіць, але для гэтага трэба занатаваць іх выгляд”. Для гэтага ініцыятыўная група прапануе стварыць цэлы інтэрактыўны партал drewa.by.
Кінашкола ў Гомелі
Марына Драбышэўская расказала аб стварэнні кінашколы ў Гомелі – амбітнага адукацыйнага праекту, які аб’ядняе вакол сябе не дылетантаў у кінамастацтве, а тых, хто ўжо ўмее трымаць камеру і прагне акадэмічных, грунтоўных, прафесійных ведаў. Пагатоў, Гомель апошнім часам спарадзіў цэлую плеяду відэаблогераў – вельмі зацікаўленых у паляпшэнні якасці сваіх ролікаў. А журналісты, якія здымаюць рэпартажы, прагнуць паспрабаваць сябе ў мастацкіх праектах, у гульнявых фільмах. “Тыя так званыя кінашколы, што існуюць цяпер, – падзялілася Марына Драбышэўская, – збольшага вучаць здымаць кліпы і вяселлі, а гэта зусім не той узровень, якога мы хацелі б дасягнуць. Больш за тое: мы яго ўжо перараслі”.
Расповед пра Кірмашы праектаў будзе няпоўны, калі мы не згадаем пра ідэі, якія нарадзіліся проста на сустрэчы. Зміцер Янкоў і Андрэй Мядзведзеў абмеркавалі, як яны могуць спалучыць правядзенне пленэраў, пагатоў што Рэчыца і Чырвоны Кастрычнік месцяцца на суседніх берагах Дняпра; Аляксандр запрасіў Юлію Сівец і Міколу Беньку ў Рагачоў – паглядзець на рэалізаваны праект адроджанай крыніцы і падзяліцца досведам; Андрэй Павук з Рудабелкі і Дзяніс Рабянок з Калінкавічаў высветлілі, што іх праекты можна рэалізаваць практычна аднолькавым чынам, а значыць, лепш аб’яднаць намаганні…
Гомельшчына паказала сябе на Кірмашы праектаў адзіным рэгіёнам, аб’яднаным і гісторыяй, і геаграфіяй, але галоўным чынам – актыўнымі жыхарамі, неабыякавымі да лёсу сваёй радзімы.
У бліжэйшы час экспертная рада абярэ найбольш цікавыя ідэі і ўсебакова паспрыяе іх рэалізацыі.
Югася Каляда
Фота: Аляксандр Кісялёў