“Ну, тут жа не Паўночная Карэя…”
Так мы супакойваем палахлівага іншаземца, які ўпершыню купіў білет у Менск і цяпер дрыжыць ад страху, дзясяты раз перачытваючы артыкул Вікіпедыі, прысвечаны творчасці Оруэла. Чаму Оруэла? Таму што тата. Таму што літары. Таму што зм… Змаганне! Гэта тое, чым мы тут, на ягоную думку, мусім займацца. Оруэл — гэта тое, што мы тут усе чытаем употай, пры свечках, завесіўшы вокны “Савецкімі Беларусіямі”, каб ніхто не здагадаўся.
Сам іншаземец Оруэла не чытаў. Урэшце, ніхто не абавязаны чытаць пісьменніка, якому так і не далі Нобелеўскую прэмію. Але ён, гэты пужлівы госць, нешта чуў краем вуха пра злавесныя лічбы “1984” — як і пра гэтую еўрапейскую “непаўночную Карэю”, Рэспубліку оф Беларусь. Край абазнанага вуха чырванее. Наш госць чакае, што тут трэба будзе на кожным кроку кланяцца ў пояс партрэтам Правадыра, чакае, што на мяжы адбяруць мабільнік, чакае, што яму пашчасціць і што на іншы тэлефон, абачліва зашыты за падкладку пінжака, ён здыме хаця б адзін масавы расстрэл, або, на благі канец, нейкае вулічнае затрыманне. Чакае, што яму зладзяць іспыт на веданне мясцовага чучхэ. Ён нават падрыхтаваўся, вызубрыў пару цытатаў…
Нічога гэтага не будзе. Тут жа не Паўночная Карэя, кажам мы голасам, не вартым даверу. Занадта гордым. І забываем дадаць:
“І не Паўднёвая”.
Якую Карэю тут будаваць, ніхто ў Менску пакуль не вызначыўся. Таму тут будуюць то Кітай, то Кітай-горад, у залежнасці ад абставінаў. Часам улады ўспамінаюць, што тут наогул не Кітай, і не Карэя. І не Расея, і не Вандэя. А — хм — Беларусь… Хаця кітайскага, вандэйскага і расейскага ў нас багата. Ды яно ўсё неяк навідавоку, само ў рукі лезе. А вось паўночнакарэйскае схаванае так глыбока ў беларускай душы, што і самому бывае не дастаць. Нават Оруэл ляжыць бліжэй да паверхні.
І калі да нас прыедзе госць не з нейкага там палахлівага Захаду, а з самой што ні ёсць адважнай карэйскай і дэмакратычнай рэспублікі, нам будзе што яму расказаць. Не, мы не будзем грузіць яго гісторыямі пра Вольгу Корбут, Еўфрасінню Полацкую і ВКЛ. Мы раскажам яму пра нашу беларускую Паўночную Карэю. І пра нашу непарушную дружбу і ранішнюю свежасць.
Пачаць варта хаця б з таго, што КНДР для Беларусі — не проста літары. Магчыма, без удзелу беларусаў гэтай азіяцкай дзяржавы-архаізму наогул не існавала б.
Пасля перамогі Савецкай імперыі над японскай поўнач Карэі апынулася пад чырвонай акупацыяй. Усім запраўлялі савецкія афіцэры, занятыя пошукам мясцовых кадраў — бо трэба ж было пакінуць пасля сябе надзейных людзей, якія павядуць Карэю правільным сталінскім курсам. Адным з такіх афіцэраў і быў беларус Цярэнці Штыкаў, які неўзабаве зрабіўся першым амбасадарам СССР у КНДР. А быць у канцы саракавых савецкім амбасадарам у Паўночнай Карэі значыла быць амаль што гаспадаром гэтай дзяржавы. З нядаўнім партызанам, маладзёнам на імя Кім Ір Сэн, у тыя гады гаварылі па тэлефоне так:
“Слыш, Кім, забяжы ў пасольства, пагаварыць нада”.
Паводле адных дадзеных, Штыкаў нарадзіўся на Гомельшчыне, паводле іншых — на Віцебшчыне. У пачатку трыццатых паехаў у Ленінград і так і застаўся там на партыйнай рабоце, але ў анкетах заўжды ўказваў: нацыянальнасць — беларус. Біёграфы Кім Ір Сэна пішуць, што Вялікі Палкаводзец беларуса Штыкава вельмі любіў. І слухаўся ва ўсім — пакуль не пачалася вайна з Поўднем.
Ці вось яшчэ казачка з гісторыі беларуска-паўночнакарэйскіх сувязяў. Толькі гэтым разам усё было наадварот.
У 60-х у Маскве працаваў паўночнакарэйскім амбасадарам такі сабе сціплы вучоны на імя Лі Сон Чо. Чалавек прасавецкай арыентацыі, выхаваны ў СССР, ён усім сэрцам успрыняў хрушчоўскую адлігу і дазволіў сабе з Масквы пакрытыкаваць будучага “Вечнага прэзідэнта”. Зусім крышачку. Аднак Кім Ір Сэн не надта любіў тых, хто вучыўся ў СССР, а яшчэ больш ён не любіў, калі яго крышачку крытыкуюць з Масквы ягоныя ж прасавецкія кадры. Небарака Лі Сон Чо зразумеў, што ў Пхеньян ён “болей не яздок”, і папрасіў у СССР палітычнага прытулку. Карэйца пашкадавалі. Праўда, у Маскве Лі Сон Чо не пакінулі, яму забаранілі жыць і ў Ленінградзе, і нават Кіеў былому карэйскаму амбасадару не свяціў. Ці мала што ён там мог выведаць? Гэта амбасадар бачыць толькі тое, што яму паказваюць, — стаўшы простым савецкім чалавекам, апальны карэец мог раскрыць розныя сакрэты…
І Лі Сон Чо накіравалі ў Горад Сонца, Менск, дзе, кажуць, ён і пражыў усё астатняе жыццё, займаючыся навукай.
У тым самым 1984 годзе, якога мы ўсе так баімся, у Менск завітаў і сам Вялікі Палкаводзец. Усклаў, як належыць, кветкі да помніка Перамогі. Ішоў сам, ніякіх паклонаў і паланкінаў. Калі да нас прыедзе якісьці палахлівы госць з КНДР, я павяду яго на плошчу Перамогі і пакажу тую плітку, па якой ступаў сам Правадыр. І прапаную ўкленчыць і пацалаваць яе — бо неяк няёмка будзе казаць госцю, што плітку тую ўжо сто разоў мянялі. І вельмі здзіўлюся, калі карэец адмовіцца. Зусім як той заходні госць, калі не пабачыць у Менску шыбеніц і аўтаматчыкаў.
Але карэец не будзе цалаваць беларускую плітку. Гэта мы тут думаем, што яны ўсе… Ну, зомбі, інакш не скажаш. Мы так мала ведаем пра КНДР — а яны пра нас яшчэ меней. Праўда, мы можам тое-сёе пра іх прачытаць. А яны пра нас — не. Шчаслівыя людзі, яны не чыталі нават Оруэла, не кажучы ўжо пра Патрыка Мадыяно.
А яшчэ ў той свой гістарычны візіт Кім Ір Сэн наведаў ВДНГ і Менскі трактарны. І пакінуў запіс у Кнізе ганаровых гасцей МТЗ. Правадыру падаравалі цацачны трактар. Напэўна, той трактар і цяпер стаіць у адмысловым музеі пад Пхеньнянам — там на ўсеагульны агляд выстаўленыя падарункі Правадыру з усіх канцоў свету, і кажуць, што экспанатаў набралася больш за 200000. Як яму там стаіцца, сярод рознага экзатычнага друзу? І што яму сніцца, гэтаму маленькаму трактару, у час, калі сонца ўстае над ракой Тэданган?
Пра той візіт Кім Ір Сэна нават ёсць кароткі ролік, яго можна знайсці ў ЖЖ вядомага даследчыка і знаўцы Менска Вадзіма Зелянкова. Здаецца, далей цягнік з целам Сонца нацыі і Вялікага Палкаводца паехаў у Берасце. Што падаравалі яму там, невядома. Можа, гарэлку і пяльмені. Кім Ір Сэн іх вельмі любіў. А мы любім закусваць морквай па-карэйску. З аранжавай тары, аднаразовай, як і любая мара. Перафразуючы невядомага паэта, пра якога пісаў Уладзімер Арлоў:
“Пхеньян не бачыў я ніколі
І ад таго чарніла п’ю…”
Нават мова ў карэйцаў падобная да нашай. Часам, калі ёсць жаданне пачуць падабенства. Усе гэтыя “Сук”, “Сын”, “Кім”, “Бо”… Найлепей гэтую роднаснасць улавіў некалі Сяргей Дубавец, які, натхнёны імем трэнера паўночнакарэйскай футбольнай зборнай, напісаў палітычнае эсэ пад назваю “Кім Ён Нам”. І праўда, кім? Пра тое, хто ён, у беларусаў пытацца не трэба.
Часам я думаю, што калі б займеў раптам магчымасць злётаць у КНДР, дык, мусіць, адмовіўся б. І прычынаю тут няпісаныя законы чалавека, які ідзе ў госці. У чужой бажніцы свечкі не папраўляй, кажа народная мудрасць. Але як падумаеш пра мільёны ахвяраў усмешлівага чалавека ў фрэнчы, які памёр, лічы, зусім нядаўна, ды пра тое, што давядзецца стаяць перад ягоным помнікам і рабіць зацікаўлены выгляд, пра тое, што навокал будуць хадзіць паўночныя карэйцы і зайздросціць табе, чалавеку са свабоднай краіны… Бо калі глядзець з КНДР, пэўне ж, увесь свет мусіць падавацца табе вольным.
“Ну, тут жа не Паўднёвая Карэя”, — скажа табе з гордасцю паўночнакарэйскі гід. Край майго вуха пачырванее. І праўда, ці карэктна параўноўваць Карэю з карыкатурай? Навокал не будзе валяцца трупаў, і ніхто нікога не будзе арыштоўваць за адсутнасць на штрыфлі значка з партрэтам правадыра, і ўсе будуць усміхацца і расказваць, што жыць можна і тут — калі ведаеш правілы. І ўсё ж з’явіцца нейкі халадок па скуры. І захочацца назад, да шэрых менскіх помнікаў, на якіх мерзнуць галубы.
Мы, беларусы, заходнія людзі.
Альгерд Бахарэвіч, budzma.by