Гісторыю княгіні Анастасіі Слуцкай шмат хто ведае па аднайменным фільме з удзелам вядомай беларускай актрысы Святланы Зелянкоўскай. І няхай не ўсе перыпетыі гэтай карціны адпавядаюць гістарычнай рэчаіснасці, бясспрэчным застаецца той факт, што на крохкія плечы жонкі слуцкага князя Сямёна Алелькавіча пасля яго смерці легла ўся адказнасць за лёс княства, піша «Салідарнасць».
Святлана Зелянкоўская ў ролі Анастасіі Слуцкай
Княгіня Анастасія не толькі знайшла патрэбныя словы, каб пераканаць падпарадкавацца загадам жанчыны, але і сабрала войска, каб адбіць татарскі напад. А яшчэ дала адпор патэнцыйнаму жаніху, які не захацеў змірыцца з адмовай.
Замуж за стрыечнага брата
Яе жыццё нагадвае прыгожую легенду. Аднак цяжка нават уявіць, колькі выпала на долю гэтай жанчыны.
Княгіня Анастасія нарадзілася ў Мсціслаўлі ў 1473 годзе і была з роду князёў Мсціслаўскіх, які вёў свой пачатак ад вялікага князя літоўскага Альгерда.
Яшчэ з дзяцінства Анастасія была цудоўнай наезніцай, захаплялася паляваннем і страляла з арбалета. Дзяўчынцы не было і дзесяці гадоў, калі памёр яе бацька — князь Іван Мсціслаўскі.
Дарэчы, прыкладна ў такім жа ўзросце яе будучы муж Сямён страціў свайго бацьку, Міхаіла Алелькавіча. Праўда, памёр той не сваёй смерцю, а склаў галаву на пласе, бо быў аб’яўлены дзяржаўным злачынцам за арганізацыю замаху на Вялікага князя Літоўскага Казіміра Ягелона. Зрэшты, кароль аказаўся не помслівым і не стаў караць сям’ю, пазбаўляючы спадчыны. Ён вылучыў Сямёну Міхайлавічу Слуцк і Капыль — частку ўладанняў бацькі.
У князя Сямёна і князёўны Анастасіі няма рамантычнай гісторыі адносін. Іх шлюб, як і належыла, быў па разліку. Жонку свайму сыну знайшла яго маці. У якасці жонкі яна выбрала сваю пляменніцу. Так, Сямён і Анастасія — стрыечныя брат і сястра.
І ўсё ж, нягледзячы на дынастычны саюз, князь ні секунды не пашкадаваў аб гэтым выбары. У 1492 годзе ў маладой пары нарадзіўся сын Юры.
Сямён Алелькавіч хутка змог аднавіць сваё становішча ў дзяржаве. Ён нават заявіў пра сябе як пра аднаго з кандыдатаў на вялікакняскі пасад. Яго падтрымала практычна ўся праваслаўная шляхта краіны.
І хоць пасад заняў Аляксандр Ягелон, Сямён Алелькавіч ператварыўся ў асобу, другую па ўплывовасці ў сваёй дзяржаве. А Слуцкае княства, для якога ён дамогся пэўнай аўтаноміі, па становішчу свайму стала нагадваць заходнееўрапейскае герцагства.
Адна супраць татарскага войска
Аднак Анастасіі Слуцкай і яе сям’і не было наканавана лёсам ціхае сямейнае шчасце. Рэгулярныя набегі татараў на тэрыторыю княства часта прымушалі князя адпраўляцца ў ваенныя паходы для абароны рубяжоў.
У жніўні 1502 года шасцітысячнае войска сына крымскага хана-царэвіча Баты-Гірэя падышло да Слуцка. Напад быў імклівы і нечаканы. Татары занялі горад, але большасць жыхароў паспелі зачыніцца ў княскім замку. Татары спрабавалі ўзяць замкавыя ўмацаванні, але случчакі мужна абараняліся, і ворагі спынілі штурм.
Магчыма, пасля гэтых падзей маладая слуцкая княгіня загадала збройнікам выкаваць ёй кальчугу.
Новы татарскі набег адбыўся наступным летам. Ворагі спалілі Нясвіж, Клецк і Навагрудак і раптоўна з’явіліся пад Слуцкам. У той час князь Сямён знаходзіўся ў ад’ездзе.
Тады і прыйшлося Анастасіі стаць на абарону свайго горада. У той час яна была цяжарная дачкой Аляксандрай. Надзеўшы даспехі, слуцкая княгіня Анастасія ўзначаліла абарону горада і вывела полк супраць татараў у поле. Ворагі былі адкінуты ад сцен горада.
Аднак Баты-Гірэй не пакінуў сваіх планаў і праз пару гадоў зноў наведаўся «ў госці» ў Слуцк. І зноў безвынікова.
Але, вярнуўшыся ў Крым, татары пакінулі на гэты раз у Вялікім княстве Літоўскім не толькі разбураныя гарады і разрабаваныя сёлы, але і страшную хваробу, халеру. Эпідэмія забрала жыцці многіх людзей. Заразіўся і князь Сямён. Не дапамаглі ні маленні, ні знахарскае майстэрства. Анастасія аўдавела.
Перад смерцю Сямён прызначыў жонку апякункай дванаццацігадовага княжыча Юрыя. На жаночыя плечы раптоўна ляглі ўсе клопаты аб Слуцкім княстве. І княгіня знайшла для гараджан патрэбныя словы, каб пераканаць іх у неабходнасці падпарадкоўвацца яе загадам. Мала таго, Анастасія прыняла рашэнне запрасіць да сябе на службу прафесійных ваяроў з ліку беларускай шляхты. Яны падрыхтавалі горад да адбіцця новага татарскага нападу.
І не дарма. Хутка ёй зноў прыйшлося адбіваць чарговую атаку татараў у ліпені 1506 года. Апранутая ў даспехі і будучы яшчэ ў жалобе, княгіня супрацьстаяла дваццацітысячнай арміі татараў. І зноў змагла абараніць горад.
Абражаны жаніх
Мужнасць Слуцкай княгіні ўражвала яе сучаснікаў. Вялікі ваеначальнік ВКЛ князь Міхаіл Глінскі не мог выстаяць перад адвагай і прыгажосцю Анастасіі. Польскія гісторыкі нават сцвярджалі, што паміж Міхаілам і слуцкай князёўнай успыхнуў раман. Дарэчы, яны былі знаёмыя з дзяцінства. Бацька Глінскага служыў ваяводам у бацькі Анастасіі.
Нядзіўна, што Глінскі вырашыў звязаць свой лёс з мужнай прыгажуняй Анастасіяй. Тым больш, што займець княгіню, азначала атрымаць яшчэ і Слуцак — надзейную непераможную крэпасць.
Заставалася ўгаварыць княгіню на шлюб. У 1508 годзе, будучы «праездам», князь прыбыў да Анастасіі з вялікімі дарункамі і цэлым атрадам праваслаўных шляхцічаў, якіх запрасіў быць сваімі сватамі.
Аднак яго чакала расчараванне. Ён атрымаў рашучую адмову. Анастасія заявіла яму, што хоча застацца вернай памяці свайго мужа.
Глінскі адчуў сябе абражаным і вырашыў адпомсціць, узяўшы Слуцк сілай. Але беспаспяхова. Воіны яго двойчы падыходзілі да горада, штурмавалі замак і спрабавалі падпаліць умацаванні. Але іх сустракалі гарматным агнём. Непрыступная для татараў крэпасць не здалася і Глінскаму.
На карысць горада
Але не толькі ратнымі справамі праславілася Анастасія Слуцкая. Яна ўзяла на сябе ўсе клопаты па аднаўленні разбуранага ад набегаў горада. Па загадзе княгіні Слуцкай у горадзе разгарнуліся вялікія будаўнічыя працы, былі адноўлены будынкі, замест старой узведзена новая замкавая Успенская царква, змянілася планіроўка горада.
Нават калі падрос сын Юры, княгіня не адышла ад упраўлення княствам. Яна часта замяняла сына, выконваючы ролю гаспадыні Слуцка, калі той быў у вайсковых паходах.
Яна таксама ўдала ўладкавала лёс дачкі — выдала яе замуж за высакароднага князя, гетмана Канстанціна Астрожскага.
Дарэчы, татары яшчэ не раз рабілі спробу авалодаць Слуцкам. Апошні раз у 1521 годзе — за чатыры гады да смерці княгіні Анастасіі. Але развеяць міф аб непераможнасці горада ім так і не ўдалося.
У 1524 годзе Анастасіі не стала, аднак слава пра яе жывая дагэтуль. Пра непераможную княгіню-ваярку складаюць песні і легенды, здымаюць фільмы, пішуць кнігі. Яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя ў царкве слуцкага праваслаўнага Свята-Траецкага манастыра нароўні з іконамі былі змешчаны выкананыя ў іканапіснай манеры партрэты слуцкага князя Сямёна Алелькавіча і яго жонкі Анастасіі Іванаўны.
У верасні 2016 года ў Слуцку быў усталяваны помнік Анастасіі Слуцкай.
Прэм’ера балета «Анастасія»
А ў 2018 годзе на сцэне Вялікага тэатра Беларусі адбылася прэм’ера балета «Анастасія» на музыку сучаснага беларускага кампазітара Вячаслава Кузняцова.