Анджэй Пачобут удастоены ордэна Белага Арла — вышэйшай дзяржузнагароды Польшчы

Вышэйшай дзяржаўнай узнагароды Польшчы — ордэна Белага Арла — удастоены журналіст Анджэй Пачобут па рашэнні польскага прэзідэнта Караля Наўроцкага, піша pozirk.online.

 Andžej PačobutФота: старонка Анджэя Пачобута ў «Фэйсбуку»

Рашэнне прынятае ў сувязі са святкаваннем 11 лістапада ў Польшчы Дня незалежнасці, адзначаецца на сайце прэзідэнцкай канцылярыі.

Акрамя Пачобута, ордэнам Белага Арла ўзнагароджаны пісьменнік і публіцыст Вальдэмар Лысяк. Усяго рознымі ўзнагародамі адзначаны шэсць чалавек, пяцёра прысутнічалі на цырымоніі.

Адзначаецца, што Пачобуту ордэн будзе ўручаны пры першай жа магчымасці. Ён названы «польска-беларускім журналістам, публіцыстам і блогерам, звязаным з Гродна, Саюзам палякаў і апазіцыяй у Беларусі, палітычным зняволеным».

22 кастрычніка паведамлялася, што журналіст стаў лаўрэатам прэміі прэміі «За свабоду думкі» імя Сахарава.

8 лютага 2023 года Гродзенскі абласны суд прыгаварыў журналіста і актывіста неафіцыйнага Саюза палякаў Пачобута да 8 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Ордэн Белага Арла — вышэйшая дзяржаўная ўзнагарода Польшчы, адзін з найстарэйшых польскіх ордэнаў. Заснаваны ў 1705 годзе.