Калекцыянер і мецэнат князь Мацей Радзівіл мае ў прыватнай калекцыі партрэт канцлера Вялікага Княства Літоўскага і віленскага ваяводы Мікалая Радзівіла. Артэфакт часова выстаўлены ў Нацыянальным музеі Літвы — Палацы вялікіх князёў літоўскіх, піша reform.news.
Партрэт канцлера Літвы і віленскага ваяводы Мікалая Радзівіла. Фота: facebook/maciej.radziwill
«Партрэт быў створаны ў XVIII стагоддзі, — паведаміў у Фэйсбуку Мацей Радзівіл. — Мне здаецца, ён калісьці вісеў у замку ў Нясвіжы. Затым ён апынуўся ў палацы ў Паланечцы недалёка ад Нясвіжа. У канцы XIX стагоддзя ён трапіў у палац Радзівілаў у Баліцах пад Кракавам, а затым у кватэру гэтай часткі сям’і ў Парыжы. Пасля вайны Чарльз Радзівіл, удзельнік бітвы за Брытанію, адвёз яго ў Буэнас-Айрэс, дзе ён пражыў да сваёй смерці ў 2005 годзе. Спадчыннікі прадалі партрэт пану Квяткоўскаму, польскаму інжынеру, спецыялісту па караблебудаванні, калекцыянеру. Я нядаўна выкупіў яго ў спадчыннікаў калекцыянера, які жыў у ЗША».
Князь Мацей Радзівіл на вернісажы. Фота: facebook/maciej.radziwill
Карціна застанецца ў замку вялікіх князёў літоўскіх да 22 сакавіка.