Учора ў Лондане не стала аднаго з духоўных лідараў беларускай эміграцыі – айца Аляксандра Надсана, асобы надзвычай важнай для Беларусі і беларускага замежжа. Гутарка з айцом Аляксандрам мусіла з’явіцца пазней у межах праекта “Я “нарадзіўся” там”. Аднак мы лічым сваім абавязкам апублікаваць яе сёння, калі айца Аляксандра больш няма з намі. Айцец Надсан не быў бізнесоўцам, гутаркі з якімі складаюць асноўную частку праекта, але, пабываўшы ў Лондане, было б недаравальна не сустрэцца і не ўзяць інтэрв’ю ў такога слыннага і адметнага чалавека.
Лёгка пісаць пра маладых і паспяховых у сучасным свеце — мы з імі з аднаго культурнага кантэксту. Тут заўсёды на пярэднім плане амбіцыі, асабістыя патрэбы, шмат энергіі, працаздольнасць, вядома ж, і вельмі рэдка — лёс, абставіны, неабходнасць. З сённяшнімі героямі мы нібы з розных планет. Ці не на кожнае маё “а навошта?” — іхнае здзіўленае “а як жа інакш?”. Яны прайшлі праз самыя складаныя моманты гісторыі ХХ стагоддзя, але найважнейшай справай лічылі справу служэння Радзіме нават па-за яе межамі, захаванне ўласнай нацыянальнай самасвядомасці.
Аляксандр Надсан — святар апостальскай грэка-каталіцкай царквы, апостальскі візітатар, буйны дзеяч беларускай эміграцыі, аўтар шэрагу кніг па гісторыі Беларусі, перакладчык літургічных тэкстаў візантыйскага абраду на беларускую мову. Лондан. Гутарка адбылася ў межах праекта “Я “нарадзіўся” там” кампаніі “Будзьма беларусамі!” і часопіса “Большой”. Праект ажыцяўляецца пры падтрымцы кампаніі “Туссон”.
— Айцец Аляксандр, калі апошні раз былі на Беларусі?
— Хіба 4-5 гадоў таму на апошнім з’ездзе “Бацькаўшчыны”. Мне ўжо цяжка. 88 гадоў, разумееце (смяецца). Часта ездзіў, калі быў Савецкі Саюз, пасля Чарнобыльскай бяды — вазіў лекі для дзетак хворых. Магілёўскія, гомельскія шпіталі давалі нам спісы лекаў, мы збіралі грошы і ім прывозілі. Каля 15 разоў адпраўлялі машыну з Англіі — у Беларусь, праз усю Еўропу. Таксама бралі дзетак сюды на аздараўленне ў англійскія сем’і. Апошняя група дзяцей была тут, можа, у 2005 годзе. Цяпер гэта цяжка рабіць, ды і ўзрост не той. Студэнты ў мяне былі, вучыліся тут, некаторыя вярнуліся ў Беларусь, некаторыя засталіся ў Англіі. Браў хлапцоў, што на святароў вучыліся. Мой цяперашні пераемнік, айцец Сяргей Стасевіч, так вось і з’явіўся. Я яго паслаў потым у Рым вучыцца, цяпер ён тут службы ладзіць.
Айцец Аляксандр Надсан нарадзіўся ў вёсцы Гарадзея, недалёка ад Нясвіжа. Беларускасць яму дасталася ад бацькі — настаўніка матэматыкі, які ў свой час браў удзел у Слуцкім паўстанні.
— Я ўцёк з Беларусі праз Польшчу , калі мне споўнілася 18 гадоў. Афіцыйна мы былі польскімі грамадзянамі. Я ўцякаў ад немцаў, трапіў у польскае войска, ваяваў у Італіі, быў паранены. Потым трапіў у Англію, атрымаў стыпендыю на вучобу.
— А святаром як сталі?
— Быў добры прыклад — біскуп Чэслаў Сіповіч. Ён нарадзіўся ў Друі. Спачатку вучыўся на багаслоўі ў Вільні, а потым, як палякі яго выкінулі з Польшчы, у Рыме. Там вырашыў стаць святаром усходняга абраду. Я з ім сустрэўся ў Рыме ў 1945 годзе, у лістападзе. Ён паўплываў на маё рашэнне, безумоўна.
Першае, што пабачыў у Англіі, — вельмі хмурнае надвор’е. Туман. Там, у Італіі, сонца, цёпла. Але тут нас прынялі вельмі цёпла, далі нагоду вучыцца, за гэта мы вельмі ўдзячныя.
— А цяпер вось не вельмі добра да эмігрантаў ставяцца…
— Ну дык залежыць жа ад таго, які эмігрант. Да нас ставіліся вельмі добра. Нам далі права на жыхарства, працу, мы не былі гультаямі. Шмат хто пайшоў вучыцца. Мы не шукалі дапамогі ад дзяржавы. Мы былі палітычныя ўцекачы. Цяперашнія збольшага — эканамічная эміграцыя. Гэта зусім рознае. Вось і стаўленне рознае.
Калі мы прыехалі ў Англію, галоўнай нашай мэтай было выжыць. Выжыць і застацца беларусамі. Самаарганізавацца так, каб не растварыцца. А яшчэ вельмі хацелася зрабіць, каб Беларусь стала больш вядомая на Захадзе. Найбольшы ўклад у гэтую справу зрабіў біскуп Чэслаў Сіповіч, мы з ім супрацоўнічалі з 1945 года. Я яшчэ не быў святаром, у Італіі знаходзіўся, яшчэ ішла вайна. У 1946 годзе я прыехаў у Англію, ён тады таксама прыехаў. Мы зрабілі Згуртаванне беларусаў Вялікабрытаніі. Тады мы былі маладыя, 20 гадоў, але ўсе — моцна свядомыя беларусы. І вось яно існуе дагэтуль. Мы не лезлі ў палітыку. Нам хацелася, каб быў беларускі цэнтр, куды б маглі прыйсці людзі і даведацца пра гісторыю, культуру. Пра нас жа нічога не ведалі на Захадзе. Мы для іх былі “рускія”. Але як паказаць, хто ты, каб не праз палітыку, каб не крычаць пра гэта? Культура — гэта была наша ідэя.
У студзені 1947 года прайшоў першы з’езд. Тут краіна настолькі свабодная, што калі не крымінал — рабі што хочаш. Не было перашкодаў, не было і дапамогі. Усё рабілі сваімі сіламі. Нас — тых, хто гэта пачынаў, — засталіся адзінкі. Маладыя далучаюцца, але не так актыўна. Тыя, хто прыязджае з Беларусі цяпер, нават не размаўляюць па-беларуску. Не цікавіць іх гэта. Гэта балюча.
— Чаму не цікавіць?
— Бачыце, адчуваецца русіфікацыя. Не толькі моўная. Духоўная. Людзі проста не адчуваюць патрэбы ў беларускім. За саветамі, здаецца, было больш беларускага. Тое беларускае, што паднялося адразу пасля развалу Савецкага Саюза, усё знішчылася. Шкада, безумоўна. А было моцнае адраджэнне. Была надзея.
— Чаму менавіта Англія стала беларускім цэнтрам?
— Ад людзей залежала. У Францыі было не менш беларусаў, але, на жаль, яны нічога не стварылі.
Знаёмства з “Марыйным Домам” у Лондане пачалося са знаёмства з бібліятэкай. Афіцыйна адкрылася яна ў 1971 годзе, але працаваць пачала значна раней.
— У Бібліятэку нашу прыходзяць, чытаюць. Гэта не публічная бібліятэка — навуковая, прыязджаюць з усяго свету тыя, хто працуе з мовай, гісторыяй: з Амерыкі, Аўстраліі, Ізраіля, немцы, французы.
Мы збіралі дзе маглі звесткі пра Беларусь. Выдавалі па-ангельску часопіс беларускіх дасдедаванняў («The Journal of Belarusian studies»), але цяпер крыху пастарэлі-параз’ехаліся — ужо цяжка. Па-ангельску шмат што рабілася. Рабіліся канферэнцыі. І не аднадзённыя, а на некалькі дзён, куды прыязджалі навукоўцы-славісты з усяго свету: Францыі, Амерыкі, Аўстраліі, на апошняй вось былі і з Беларусі. Зрабілі каля 15 канферэнцый. Цяпер вось маладыя часопіс адраджаюць. Мы не займаліся сучаснай палітыкай, але культурай: гісторыяй, літаратурай, мовай… І я некалі ў гэты часопіс пісаў, і пісаў шмат, але цяпер ужо не. Колькі можна. Я сваё напісаў.
Нашыя мовазнаўцы зрабілі вялікую працу па захаванні беларускай мовы. Бачыце ўсе гэтыя слоўнікі? Гэта для мяне сапраўднае багацце, бо яно паказвае багацце мовы.. Вось “Першы беларускі слоўнік” 1870 года выдання, “Слоўнік 7 моваў” выдадзены немцамі ў першую сусветную вайну — тут сабраныя мовы, якія яны чулі на акупаванай тэрыторыі (польская, руская, беларуская, літоўская, латышская, ідыш, ну і нямецкая). Было такіх два. Адзін я падарыў Акадэміі навук у Мінску, бо нічога такога не мела. Ці вось слоўнік, які яшчэ да вайны выдаў князь Падбярэзскі (беларускі-польскі слоўнік). А ёсць і такія дзівосы: Слоўнік 16 еўрапейскіх моваў Лявона Баршчэўскага (сярод іх — беларуская). Слоўнік Ластоўскага, выдадзены у 1924 годзе ў Каўнасе.
Мы збіраем усё, што можна даведацца пра Беларусь, на ўсіх мовах свету. І ёсць у нас такія рэчы, якіх вы і ў Беларусі не пабачыце. Напрыклад, “Гісторыя беларускай кнігі” Вацлава Ластоўскага (ад пачатку да канца XVIII стагоддзя). Яе крытыкавалі, казалі, што гэта ненавукова, але гэта ўсё глупства, бо нічога лепшага так і не зрабілі.
Кнігі мы даставалі паўсюль дзе можна: па антыкварыятах, букіністычных лазілі, у Англіі, Францыі, Нямеччыне, Швецыі. Вось, напрыклад, першы каталіцкі малітоўнік на беларускай мове, выдадзены падчас вайны ў 1915 годзе на грошы княгіні Радзівіл. Старыя карты: іх шмат — больш за 100, есць такія — XVI-XVIII стагоддзяў;
А вось тут пад шклом — рукапісны варыянт паэмы “Курган” Янкі Купалы. “Паміж пустак, балот…” Нідзе няма — у нас ёсць. Уступ да “Сымона-музыкі” Якуба Коласа зноў жа… Арыгінальнае выданне Статута ВКЛ, выдадзенае ў Вільні. А вось першая “Гісторыя Беларусі”, напісаная беларусам па-беларуску (1910 год, Вацлаў Ластоўскі). Я сам яе перачытаў малым хлопцам. Школа ў нас была польская, настаўніца — беларуская, у яе было шмат кніг, яна нам паціху давала. Вельмі важна чытаць усе варыянты гісторыі: і добрыя, і дрэнныя. Гісторыя — гэта факты, яны аб’ектыўныя. Трэба ведаць, што дзеялася на тэрыторыі Беларусі пад нямецкай акупацыяй. Што былі беларускія школы, напрыклад. Гэта не адмаўляе, што былі і канцлагеры, было знішчэнне.
Беларусы ў большасці сваёй не мелі магчымасці пазнаць сваю гісторыю. Часта з яе робяць прарасійскую інтэрпрэтацыю. Я не супраць Расіі. Я за ўшанаванне кожнай нацыі, бо гэта Бог хацеў, каб былі розныя народы. У скарбніцу ўсяго свету беларусы маюць прынесці нешта сваё. Сваё — самае дарагое.
— Пераемніка на пасаду святара вы знайшлі, а хто ж будзе займацца бібліятэкай? Гэта ж сапраўды багацце?
— Будзе, напэўна, айцец Сяргей займаецца, бо ведаеце ж, святары — адзіная сацыяльная група, якую можна эксплуатаваць бяскарна (смяецца).
— Быць святаром — цяжкая праца?
— Для мяне не цяжкая, бо я люблю яе. Я ж ведаў, куды ішоў. Я дзякую Богу, што ён захацеў мяне паклікаць на гэта.
— Сучасную моладзь цяжэй прывесці да Бога?
— Ёсць маладыя святары-беларусы. Напрыклад, мой малодшы святар і калега. Але, вядома, у сучасным свеце цяжэй стаць святаром. І дзякуй Богу, што ёсць пакліканыя. Ёсць тэндэнцыя ва ўсходнім абрадзе, каб святары не жаніліся. І сапраўды, але ж я ведаю добрых святароў, якія сумяшчаюць. А гэта нялёгкая праца — быць добрым святаром і добрым бацькам і мужам у сям’і. А ўсё ж такі ёсць такія.
— Чаму ўніяцкая царква?
— Унія нарадзілася на Беларусі. Уніяцкая царква — яна найбольш беларуская.
— Жыццё святара штодзённае з чаго складаецца?
— З малітвы перадусім. Наша мэта — прывесці людзей да Бога і прывесці Бога да людзей. Цяжкасці ёсць заўжды. І трэба ўсведамляць сваё пакліканне. Бо святар, які забыўся, можа нашкодзіць людзям духоўна. Забыцца на пакліканне, жыць жыццём, не адпаведным для святара. Бог дае сілы, безумоўна. Я ўжо больш за 50 гадоў святар. Некалі хацеў быць вялікім матэматыкам. Але такі лёс. Матэматыка — гэта вельмі цікавая навука, і я ў вольны час займаюся ёй, у каледжы тут выкладаў. Пасля, як стаў святаром, пачаў рабіць пераклады літургічных тэкстаў на беларускую мову.Мне было дзіўна і сумна, што беларусы моляцца не разумеючы. Важна разумець, бо гэта ж наша размова з Богам. Я ведаю шмат моваў, але хачу славіць Бога на роднай.
— Пра што ваша звычайная малітва?
— Малітва… усведамленне, што ты ёсць у прысутнасці Бога ўвесь час. І таму вядзеш дыялог з ім. Яна — пра ўсё. Я займаўся пісаннямі беларускіх татараў. Вельмі цікавыя рэчы там. Адзін прарок пытаўся Госпада пра апошні суд, ці будзе ён страшны. Яму адказвае Бог, што не, шмат пытацца ён не будзе на Судзе. Адно толькі: “Сыне мой, я быў з табою, а ты з кім быў? Ці быў ты з Богам?” Вельмі цікавая рэч. Што б ты ні рабіў, дзе б ні быў — Бог з табою заўсёды. Гэта важна. А калі ты ведаеш, што ты ў прысутнасці кагосьці, іншай істоты, дык і не хочацца ўжо дрэннае рабіць. І малітва — гэта тое, што дапамагае адчуць гэтую прысутнасць.
— Што такое любіць Радзіму?
— Гэта любіць сваю сям’ю. Радзіма — гэта наша сям’я, толькі пашыраная. Мы ж называем — Бацькаўшчына. Гэта нармальна — мець паняцце аб сабе і шанаваць іншыя народы — іншыя сем’і. Мы шмат пацярпелі і з Захаду, і з Усходу. Казалі, што мова нашая — мужыцкая. А мужык што, не чалавек? Можа, лепшы за пана нават. Больш маральна жыве, працуе — не ёсць паразітам. А тут з пагардай — мужыцкая мова. Цяпер ужо такога няма, але расійскай зашмат.
— Якой вам цяпер бачыцца Беларусь?
— Ну, я чакаю, калі Беларусь стане больш беларускай, калі маладое пакаленне далучыцца да нас. Зашмат расійскага. З такой цяжкасцю ўсё адраджаецца, так мала людзей, якія клапоцяцца пра гэта. На вуліцах не пачуеш беларукай мовы. А ў якім Магілёве ці Гомелі — дык наогул… Як я не разумею расійскай мовы, дык часам маю прыкрасць праз гэта. Ёсць маладыя — вельмі цікавыя, якія трымаюцца, нягледзячы на ўсю гэтую русіфікацыю, але гэта параўнаўча невялікая група. Але ж усё пачынаецца з малога.
Ці паспяховае жыццё? (ізноў смяецца). Ведаеце, ніколі пра гэта не думаў. Проста заўсёды стараўся нешта рабіць, улічваючы тыя абставіны ў якіх аказаўся, каб не марнаваць час. Не задумваючыся пра шырэйшае — як чалавек, як святар, як беларус. Тое, у чым была патрэба. Дзякую Богу за тое, што ўдалося зрабіць. Спадзяюся, не зусім змарнаваў жыццё.
Тэкст: Кацярына Петухова, фота: Ягор Воінаў