Першае, што адразу варта сказаць, – дзякуй. Нарэшце мая калонка змагла спарадзіць пэўную дыскусію, абмеркаванне і роздум. Менавіта ў гэтым заключаецца галоўны сэнс маіх артыкулаў. Але адказы атрымаліся даволі маніпулятыўнымі, выставілі мяне праціўнікам беларушчыны і чамусьці вельмі “меркантыльным” чалавекам. Пры гэтым на мае пытанні так і не знайшлося адказаў. Сітуацыя не надта прыгожая, таму давайце разбірацца.
Меркаванне калумністаў сайта budzma.org можа не супадаць з пазіцыяй кампаніі “Будзьма беларусамі!”
Самае галоўнае, што хочацца сказаць, – я выступаю за беларускую мову і размаўляю на ёй з самага дзяцінства. Дарэчы, і артыкулы мае пераважна беларускамоўныя. Дык адкуль узялося меркаванне, што я супраць беларускай? А можа я бот, троль і агент? Ну канечне, з 17 гадоў працую журналістам і займаюся грамадска-палітычнай дзейнасцю, бо мяне завербавалі!
Максім Жбанкоў: Нацыянальная адукацыя як канцэптуальная памылка
Багдан Сакалоў: Сучасны праект нацыянальнага ўніверсітэта нашмат горшы за ЕГУ. Чаму?
Алена Анісім адказала Багдану Сакалову
Адказ Алега Трусава: Ці магчыма ў Беларусі стварыць якасны ўніверсітэт?
Але выступаць за мову не азначае, што я абавязаны быць фанатычным прыхільнікам абсалютна ўсяго беларускамоўнага і не мець свайго меркавання на шэраг пытанняў. У дадзеным выпадку даволі канструктыўная крытыка, але складваецца адчуванне, што наша прастора забылася на такое слова. Тут сапраўды, нават цяпер, адсочваецца даволі сектанцкае “хто не з намі – наш вораг”. Такі падыход ніякім чынам не палепшыць ці паскорыць развіццё, а хутчэй наадварот, бо дзе няма дыскусіі, абмеркавання і кансэнсусу – там ёсць толькі дыктат. Дарэчы аб ім.
Я асабіста – чалавек дэмакратычных поглядаў і ўпэўнены, што менавіта дэмакратыя можа выратаваць Беларусь. Пры гэтым гаворка далёка не толькі пра дзяржаўную структуру, а збольшага пра ўнутраныя якасці. Для дасягнення мэтаў, якасці і развіцця трэба сядаць за круглы стол, далучаць розныя зацікаўленыя групы і разам шукаць найлепшы падыход – дыскусія дзеля кансэнсусу. Немагчыма змяніць краіну, калі нават у адносна прагрэсіўнай часткі насельніцтва існуе жорсткая дыктатура нейкіх аўтарытэтаў, што ніякім чынам не ўспрымаюць крытыку, а ўсіх іншадумцаў адразу спрабуюць выставіць як ворагаў. Нешта мне гэта сумна нагадвае… Але ж я ўпэўнены дэмакрат і гатовы абараняць яе каштоўнасці амаль любой цаной, бо калі мы не будзем апраўдваць і прасоўваць дэмакратыю, то так і застанёмся ў цёмным мыслярскім сярэднявеччы.
А вось цяпер можна падыходзіць да самога канфлікту. І тут я пачну з асноўных пунктаў сваёй пазіцыі:
- Я за беларускую мову і сам асабіста раблю шмат намаганняў у яе папулярызацыі. Як мінімум, пішучы артыкулы па-беларуску.
- Я нават у артыкуле пісаў, што не выступаю супраць самой канцэпцыі нацыянальнага ўніверсітэта. Я тут акурат выказаў спадзеў, што калі з’явіцца нешта якаснае, то гэта народзіць здаровую канкурэнцыю паміж ЕГУ і навастворанай ВНУ, што прынясе толькі карысць абедзвюм установам і Беларусі.
- Нацыянальны ўніверсітэт. Калі тут прысутнічае слова “нацыя”, то гэта апрыёры павінен быць праект найвышэйшага гатунку, каб беларусы маглі ганарыцца такім універсітэтам. Менавіта таму тут мусяць прымяняцца максімальна жорсткія патрабаванні па якасці і прынцыпах ВНУ, каб гэта стала сапраўды разынкай, алмазам і скачком для састарэлай беларускай адукацыі.
- Я выступіў з крытыкай непасрэдна цяперашняга праекта нацыянальнага ўніверсітэта, бо маю шэраг пытанняў і бачу даволі шмат супярэчнасцяў.
- Наконт мовы навучання і якасці. Так, я сапраўды лічу, што якасць адукацыі, развіццё дэмакратычных поглядаў, іншадумства і жадання змяняць нашмат важнейшыя на дадзены момант для Беларусі за пытанне мовы навучання.
- Я лічу, што такія праекты павінныя праходзіць з круглымі сталамі пры ўдзеле з рознымі прадстаўнікамі беларускай моладзі, у тым ліку і рускамоўнай, каб мець поўнае ўяўленне пра погляды, пажаданні, спадзевы і тэндэнцыі сярод моладзі і выпрацаваць максімальна якасны праект.
- Я сапраўды лічу, што ЕГУ на дадзены момант – найлепшы ўніверсітэт для беларусаў. Менавіта там адзінае месца, дзе сумяшчаюцца якасныя праграмы, выкладчыкі, акадэмічныя свабоды, плюралізм поглядаў і атмасфера рознадумства.
Мы акрэслілі асноўныя тэзы, таму пяройдзем да самога абмеркавання. Насамрэч мяне вельмі здзівіла, што замест таго каб запэўніць зацікаўленых людзей і калумністаў у сумнеквах (чамусьці крытычны матэрыял пана Жбанкова не атрымаў такой рэакцыі, як мой), прадстаўнікі праекта проста занялі барыкады выключна беларускай мовы і фактычна пачалі рабіць з аўтара гэтых радкоў ворага беларушчыны. Чарговы раз паўтару сваю пазіцыю: канструктыўная крытыка ў медыяпрасторы існуе дзеля таго, каб паказаць слабыя моманты пэўнай падзеі, праекта ці тэндэнцыі, бо калі ведаеш слабыя месцы – іх можна выправіць. Але калі кажаш пра слабыя месцы і крытыкуеш, немагчыма застацца белым і пухнатым, бо вядома, што мала хто любіць крытыку. Але адна справа – не любіць мяне як аўтара і казаць трыста разоў, што я не маю рацыі і пішу абы-што, а іншая – рабіць з аўтара ворага народа. Я нават чытаў меркаванне, што “Будзьме” варта лепш “фільтраваць” артыкулы, якія яны друкуюць. Панове, гэта называецца цэнзура, і гэта ніяк не спалучаецца з прынцыпамі дэмакратычнасці і свабоды, што былі закладзеныя ў панятак беларушчыны ўжо вельмі даўно. І што тады можна казаць пра Адраджэнне, калі ўжо нават звычайную крытыку спрабуюць забараніць як варожы элемент?
Але ладна, мой артыкул быў апублікаваны, дыскусія з’явілася, а мне напісалі два адказы. Пачнём з першага – тэзісаў ад Алены Анісім.
- “Ён лічыць, што ўніверсітэт з беларускай мовай не павінен функцыянаваць у Беларусі”, – я такога не пісаў і не казаў. Я выразна акрэсліў, што, на маю думку, на дадзены момант праект свабоднага і якаснага нацыянальнага ўніверсітэта ў Беларусі немагчымы з прычыны таго, што ў краіне дыктатура, праз якую ЕГУ быў вымушаны эміграваць за мяжу.
- Прапазіцыя, што камусьці муляе вока ідэя нацыянальнага ўніверсітэта па-беларуску і што гэта ўсходні праект, да якога я пэўным чынам адношуся. І тут я зноў вымушаны не пагадзіцца. Я з самага дзяцінства размаўляю па-беларуску, скончыў беларускамоўную гімназію, з 17 гадоў пішу артыкулы па-беларуску і ўдзельнічаю ў грамадска-палітычным жыцці краіны. Мяне выключылі за мае палітычныя погляды з БДУ, я патраціў шмат свайго часу, здароўя і нерваў на змаганне за лепшую Беларусь. І пасля гэтага ўсяго чуць абвінавачванні ў тым, што я нейкі там агент ці праплачаны, – насамрэч вялікая абраза і пэўная маніпуляцыя. І гэта пры тым, што я ўсяго толькі выказаў недавер да цяперашняга праекта нацыянальнага ўніверсітэта.
- Пра меркантыльныя інтарэсы. І вось тут мне стала цікава, у чым яны заключаюцца. Калі шчыра, то я б з задавальненнем разгледзеў цікавыя прапановы, калі яны будуць адпавядаць маім поглядам, але, на жаль, такіх чамусьці няма.
У выніку мы атрымалі тэкст, які не адказвае на пытанні майго артыкула, а проста выстаўляе мяне здраднікам Беларусі, ідэй Адраджэння і супрацоўнікам прарасійскіх праектаў. І зноў паўтаруся: толькі таму, што я не згодны з тым, што адбываецца з цяперашнім праектам нацыянальнага ўніверсітэта. Няўжо пытанні і крытыка ў нашай прасторы зрабіліся настолькі рэдкай і непрымальнай з’явай, што можна за гэта стаць выгнаннікам нават сярод кола сваіх аднадумцаў? Але далейшыя каментары потым, бо крыху пазней прыйшоў адказ ад непасрэдна самога в.а. рэактара новай ВНУ – Алега Трусава. Давайце таксама прабяжымся па тэзах.
- Наконт універсітэта еўрапейскага профілю, Віленскага ўніверсітэта, БДУ і айцішнікаў. Так, я не згодны, што пры дыктатуры і панаванні цяперашняга кантролю адукацыі ў Беларусі магчыма стварыць такі ўніверсітэт. Прыклад Віленскага ўніверсітэта я, калі шчыра, не зразумеў. Тут гаворка ідзе пра ВКЛаўскі час ці час незалежнай сучаснай Літвы? Калі пра першае, то як мінімум неэтычна агульны беларуска-літоўскі здабытак выдаваць за поспех Беларусі. У БДУ вучыўся, дзе сутыкнуўся з палітычным выключэннем і састарэлай праграмай. Назваць гэта еўрапейскім узроўнем таксама вельмі цяжка. За айцішнікаў казаць не буду, але, як я бачу па сітуацыі, тут не так шмат дасягненняў менавіта нашых дзяржаўных універсітэтаў.
- Пра мову і якасць навучання. Сваю пазіцыю тут я ўжо агучыў.
- Пра ЕГУ. Я, канечне, не магу ведаць усёй гісторыі, але лічу, што размовы тут пра прарасійскі антыбеларускі праект мае тое ж паходжанне, што абвінавачванні мяне ў меркантыльнасці з расійскім пахам. Калі б гэта быў настолькі беспрынцыповы праект, яго б не выгналі з краіны. І калі б некаторыя дзеячы, што называюць сябе вельмі прабеларускімі, былі б настолькі прынцыповымі, то наўрад ці яны змаглі б сябе так спакойна адчуваць у цяперашніх дзяржаўных структурах. Проста звычайная логіка.
- Пра пазіцыю кіраўніцтва ЕГУ і мяне як яе абаронцы. Калі б я быў афіцыйным прапагандыстам ЕГУ, то не меў бы фінансавых праблем з працягам там свайго навучання. Гэта выключна мая пазіцыя як аўтара, тут няма ніякай праплачанасці.
Спадзяюся, што змог такім чынам адказаць на ўсе тэзісы абодвух тэкстаў. Але я таксама маю пытанні, якія хачу агучыць.
- Чаму нідзе не было фактычна ніводнага адказу на пытанні майго артыкула? А іх насамрэч хапала. Наколькі будуць выконвацца пункты Балонскага працэсу? Будзе гэта еўрапейская сістэма ці традыцыйная беларуская? Колькі сесій на год? У якім выглядзе будуць экзамены? Якія будуць адрозненні завочкі ад вочкі? Што будзе рабіць адміністрацыя нацыянальнага ўніверсітэта, калі сярод студэнтаў-апазіцыянераў пачнецца нейкі рух і будзе пэўны ціск да рэпрэсій? Чым вы будзеце лепшыя за ЕГУ? Чаму я павінен у тэорыі абраць менавіта вас? Геаграфія і мова навучання для мяне не галоўныя. Гэта звычайныя пытанні любога сучаснага студэнта, які мае дэмакратычныя погляды і асцерагаецца рэпрэсій у Беларусі. Я патэнцыйны студэнт вашай ВНУ. Дык чаму я не атрымаў ніводнага адказу?
- Установа ўжо зарэгістраваная, але статут дагэтуль не апублікаваны. А насамрэч грамадству гэта вельмі важна, бо мы дагэтуль не ведаем, наколькі ён адрозніваецца ад звычайных дзяржаўных і чым ахвяравалі кіраўнікі праекта дзеля рэгістрацыі. Таму вельмі папрашу даць магчымасць любому ахвочаму з ім пазнаёміцца, каб мы нарэшце змаглі зразумець, ці сапраўды тут будзе розніца.
- Тут было вельмі шмат сказана за грамадства і краіну. Але ў мяне пытанне: чаму дагэтуль не было адкрытых сустрэч з прадстаўнікамі моладзі Беларусі? Прычым не толькі беларускамоўнай, а ўсёй? Дык якім чынам будзе будавацца нейкі сучасны ўзровень, калі ніхто не захацеў нават паслухаць розныя меркаванні і думкі на гэты конт? Ну, вось я артыкул напісаў – стаў расійскім агентам. Дык як мы будзем будаваць кансэнсус, плюралізм і дэмакратычнасць у нацыянальным універсітэце, калі іншадумства атрымала такія абвінавачванні, а пачуць патэнцыйных студэнтаў і тых, каму гэта важна, так ніхто і не захацеў?
- Чаму ў кантэксце дадзенага праекта ўсе раптам забыліся пра існаванне рэжыму і таго, што беларуская адукацыя планавая і паціху стагнуе? Чаму дзеля мовы на гэта закрылі вочы?
Насамрэч я магу агучыць шмат пытанняў, але хутчэй за ўсё нават гэтыя не атрымаюць адказаў. На жаль, ад усіх ідэй Адраджэння засталася толькі мова. Мова любой цаной, пакуль у анкалагічных дыспансерах не хапае лекаў на ўсіх, моладзь, здольная думаць, масава эмігруе, а якасць беларускай адукацыі з большага захрасла ў Савецкім Саюзе. І замест таго каб выцягваць краіну, фармаваць новыя ідэі і эліту, большасць прадстаўнікоў нашага наваколля цяпер бачыць толькі беларускую мову.
Я б з задавальненнем падтрымаў круты праект нацыянальнага ўніверсітэта, сам бы выклікаўся аказаць пасільную дапамогу ў пэўных мерапрыемствах, але… Гэта не той праект, які я падтрымаю. І вы ўжо ведаеце, чаму. Спадзяюся, час дакажа, што гэтым разам я памыляюся, – тады гэта будзе сапраўды перамога Беларусі, але ў гэта мала веры. Пажывём, паглядзім.
Хантэр Томпсан, каб даказаць, што наркотыкі – не найлепшае ў жыцці, адправіўся ў працяглы кіслотны трып і напісаў цэлую кнігу. Журналісты “Вашынгтон Пост” сталі фактычна ворагамі спецслужбаў ЗША, каб выкрыць Уотэргейцкі скандал. А я ўсяго толькі малады калумніст і журналіст, таму раблю больш магчымае – выказваю канструктыўную крытыку, стараюся выкрываць хлусню і прагандую дэмакратычныя погляды. І няхай за гэта мяне будуць ненавідзець, абражаць і лічыць здраднікам, але ж нехта павінен гэта рабіць, а я з задавальненнем буду і далей несці гэтую місію.
Багдан Сакалоў