Працягваем вандраваць разам з «Будзьма!» па беларускіх абшарах. Сёння нас чакае заключная частка маршрута па Баранавіцкім раёне Брэсцкай вобласці. Пабачым цікавыя храмы разнастайных канфесій, помнікі прыроды, рэшткі старасвецкіх палацаў, старадаўняе гарадзішча, месцы трагічных падзеяў ды шмат іншых значных мясцінаў. Такім чынам прапануем рушыць наступным шляхам: Гарадзішча — Калдычэва — Завоссе — Вольна — Задзвея.
Фота: planetabelarus.by
Наступным нашым прыпынкам будзе Гарадзішча — другі па велічыні горад Баранавіцкага раёна. Гісторыя Гарадзішча пачынаецца нашмат раней за гісторыю ўласна раённага цэнтра — Баранавічаў. Знаёміцца з Гарадзішчам варта пачаць з аб’язной дарогі ў напрамку вёсак Вялікае Сяло ды Кісялі. Акурат тут, на беразе ракі Сэрвач, ля самай шашы раім наведаць старажытнае замчышча, якое сёння выглядае як парослы травой узгорак.
Фота: planetabelarus.by
Паводле меркавання шэрагу гісторыкаў, менавіта тут і знаходзілася летняя рэзідэнцыя першага князя ВКЛ Міндоўга Варута — старадаўняе паселішча XIIІ стагоддзя. Так яно ці не, пэўна невядома, але дакладна засведчана, што тут, на старажытнай Наваградчыне, у гэты перыяд існавала вялікае ўмацаванае паселішча.
Вандруем разам з «Будзьма»! На што паглядзець у Баранавіцкім раёне?
Фота: planetabelarus.by
Само Гарадзішча ўпершыню ўзгадваецца ў пісьмовых крыніцах у XV стагоддзі як вялікакняскія ўладанні. У XVIII стагоддзі паселішча ўжо ўзгадваецца як мястэчка, якое займела права два разы на год праводзіць кірмашы. З-за прывілеяў, якія надаваліся адпаведна статусу паселішча, асноўную частку тагачасных беларускіх мястэчкаў складалі яўрэі, Гарадзішча — тыповы прыклад.
Рынак, Гарадзішча, 1917
У ХІХ стагоддзі цэнтральная вуліца мястэчка была заселена пераважна яўрэямі, тут працавала з дзясятак дробных крам. Апроч сінагогі, тут было пабудавана яшчэ некалькі дробных малітоўных дамоў ды навучальных установаў для юдэяў. Але ў гады Другой сусветнай вайны яўрэйскае насельніцтва Гарадзішча і ваколіцаў, каля чатырох тысяч чалавек, было знішчана.
Вандруем разам з «Будзьма!»: што паглядзець у Баранавіцкім раёне. Частка другая
Гарадзішча, 1915 — 1918
Яшчэ за савецкім часам, да 1960-х гадоў Гарадзішча мела статус раённага цэнтра. Але за кошт таго, што Баранавічы сталі буйным чыгуначным вузлом, значнасць Гарадзішча паступова пачала змяншацца.
Фота: glubinka.by
Апроч маляўнічых узгорыстых краявідаў, у Гарадзішчы варта звярнуць увагу на колішнюю ўніяцкую царкву, сёння праваслаўную, што захавалася тут ад XVIII стагоддзя. Ансамбль Свята-Крыжаўзвіжанскай царквы разам з драўлянай званіцай, пабудаванай у 1840-х — помнік драўлянага дойлідцтва, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.
Вандруем разам з «Будзьма!»: што паглядзець у Баранавіцкім раёне? Частка трэцяя
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Першапачаткова драўляную грэка-каталіцкую царкву ў Гарадзішчы збудавалі ў 1764 годзе. Пасля ліквідацыі ўніяцтва ў 1839 годзе будынак быў канфіскаваны і перададзены праваслаўным. Вядома, што ў 1879 годзе царкву моцна перабудавалі, каб наблізіць па стылі да расійскіх праваслаўных цэркваў.
Фота: planetabelarus.by
Фота: glubinka.by
Ёсць у Гарадзішчы і касцёл — помнік архітэктуры барока мяжы XVIІ — XVIII стагоддзяў, перабудаваны з колішняга кальвінскага збору. Размяшчаецца ён на ўзгорку над гістарычнай рынкавай плошчай на вуліцы імя Адама Міцкевіча.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Узнікненне першага касцёла ў Гарадзішчы датуецца канцом XV стагоддзя. Пасля Студзеньскага паўстання расійскія ўлады касцёл зачынілі і перадалі праваслаўным. Пазней, у 1874 — 1876 гг., будынак быў моцна перароблены, каб ягоны знешні выгляд больш адпавядаў расійскай праваслаўнай традыцыі, ля касцёла была ўзведзена званіца, а над дахам надбудавана пяць купалаў.
Вандруем разам з «Будзьма!»: што паглядзець у Баранавіцкім раёне. Частка чацвёртая
Гарадзішча, 1900
Гарадзішча, 1916
Гарадзішча, 1917
За польскім часам касцёл зноў вернуты вернікам ды знешне набліжаны да свайго першаснага выгляду ў 1930-х гг. Пасля Другой сусветнай вайны савецкімі ўладамі будынак быў ператвораны ў сховішча мэблі, і толькі ў 1990-х гадах мінулага стагоддзя храм Найсвяцейшай Дзевы Марыі Ружанцовай зноў адчынініў свае дзверы вернікам і дзейнічае і па сённяшні дзень.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Драўляная сінагога ў Гарадзішчы, на жаль, да нашых дзён не захавалася. Яе разбурылі напрыканцы 1990-х гадоў. Напамінам пра месцічаў юдэйскага веравызнання, якія складалі большую частку насельніцтва Гарадзішча менш за стагоддзе таму, засталася захаваная амаль у першасным выглядзе драўляная забудова ўздоўж шашы на Навагрудак. Драўляныя дамкі на высокіх падмурках, дзе некалі месціліся крамы іх гаспадароў, нагадваюць пра тое, як выглядала мястэчка ў недалёкім мінулым.
Фота: glubinka.by
Гарадзішча было тыповым полінацыянальным шматканфесійным мястэчкам нашага краю. Апроч юдэяў і прадстаўнікоў разнастайных хрысціянскіх канфесій, тут жылі і мусульмане. Як напамін пра іх захаваліся рэшткі мясцовага мізару — татарскіх могілак, да якіх ад цэнтральнай шашы ўздоўж ракі Сэрвач вяла колішняя вуліца Татарская.
Фота: glubinka.by
За Сэрваччу размяшчаўся маёнтак Людвіка Паца — апошняга гаспадара Гарадзішча. Рэшткі гаспадарчых пабудоваў і парка, якія былі пры колішняй сядзібе, можна адшукаць і сёння.
Далей прапануем наведаць вёску Калдычэва. Тут варта пабачыць рэшткі былой сядзібы Шалевічаў ХІХ стагоддзя пабудовы, у якой па Другой сусветнай вайне размясціўся сумнавядомы Калдычэўскі канцэнтрацыйны лагер, у якім загінула каля 22 тысяч чалавек.
У ваколіцах Калдычэва варта наведаць Калдычэўскае возера. Некалі з яго брала пачатак рака Шчара, левы прыток Нёмана. Але пасля меліярацыі возера змялела, і зараз рака Шчара пачынае сваю плынь з асушальных каналаў на тэрыторыі колішняга Карыцінскага балота.
Фота: planetabelarus.by
Вёска Калдычэва вядомая ў пісьмовых крыніцах з XVI стагоддзя як маёнтак, які належаў Гаруновічам, потым Тахтамышам з татараў. Апошнім гаспадаром Калдычэва да 1939 года быў Тамаш Шалевіч. Менавіта ў гонар яго і быў назвыны маёнтак, пабудаваны ў ХІХ стагоддзі. Сёння ад былога сядзібнага комплекса застаўся толькі парк і рэшткі сажалак.
Месцічы распавядаюць, што калі гаспадары вымушаныя былі бегчы з Калдычэва, каб уратаваць жыццё, бо ў 1939 годзе прыйшла савецкая ўлада, мясцовыя жыхары расцягалі ўсё, што можна было знесці з сядзібы. Таму да таго часу, як па Другой сусветнай вайне наступныя акупацыйныя ўлады размясцілі тут лагер смерці, ад колішняга маёнтка мала што засталося.
Калдычэва, 1894
І ад канцэнтрацыйнага лагера сёння засталіся руіны. На ягоным месцы ўсталяваны мемарыял ахвярам генацыду, а на магіле забітых вязняў лагера, якія належалі да разнастайных канфесій, узведзены помнік у выглядзе трох арак, кожная з якіх завершана зоркай Давіда, каталіцкім ды праваслаўным крыжамі.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Вандруючы на Наваградчыне, нельга не завітаць да месца нараджэння Адама Міцкевіча, у фальварак Завоссе. Ён быў адноўлены адносна нядаўна, у 2000-я гады. Аўтэнтычныя будынкі тут былі спаленыя падчас Першай сусветнай вайны. Аднавіць іх дапамаглі малюнкі Напалеона Орды і Эдварда Паўловіча.
Завоссе, Напалеон Орда
Сёння ў адноўленых будынках размяшчаецца музей-сядзіба Міцкевічаў «Завоссе». Наведаць музей можна з 10 па 18 гадзіны штодня, апроч панядзелка. Варта звярнуць увагу, што ў першую сераду кожнага месяца ўваход вольны. Апроч стандартных экскурсій наведвальнікам прапануюць cкарыстаць інтэр’ер сядзібы для фотасесій, каштуе гэта 30 BYN. Цэны на іншыя паслугі можна знайсці тут (bellitmuseum.by/muzey-syadziba-mitskevichau-zavosse/ ) .
Фота: Надзея Бужан
Бацькі Адама Міцкевіча, Мікалай і Барбара, перасяліліся ў Завоссе незадоўга да нараджэння Адама. Праз некалькі год маёнтак здалі ў арэнду, пасля ён дастаўся сваякам, але Адам і ў юнацкія гады бываў тут.
Фота: Надзея Бужан
Паколькі ў сваякоў Адама была вялікая сям’я, Міцкевіч, наведваючы Завоссе, спыняўся не ў сядзібе, а ў лямусе. Лямус у незаможнай шляхты — гэта адначасова і камора для харчоў і інструментаў, і летняе жытло. Жылы пакой рабілі звычайна на другім паверсе.
Фота: Надзея Бужан
Сядзібны дом стаіць роўна на старым месцы, падчас археалагічных прац пачатку 1990-х знайшліся яго падмуркі. Асобнай вітрынай у музеі выстаўленыя некаторыя побытавыя рэчы, знойдзеныя падчас раскопак.
Фота: Надзея Бужан
Фота: Надзея Бужан
Далей рушым у мястэчка Вольна, дзе захаваўся ўнікальны Свята-Траецкі храм 1768 года пабудовы. Ён быў узведзены пры мужчынскім кляштары базылянаў. Пасля скасавання ўніяцтва Расійскай Імперыяй быў аддадзены праваслаўным.
Фота: planetabelarus.by
Адметнасцю храма з’яўляецца ягоная незвычайная архітэктурная форма. Храм збудаваны невядомым майстрам у стылі віленскага барока, але з масіўнымі гатычнымі элементамі абарончай архітэктуры.
Фота: planetabelarus.by
Арганічна тут выглядае нетрадыцыйная для храмаў кампазіцыя на вайсковую тэматыку.
Унутры храма апроч мураванага алтара захаваныя: амбон, упрыгожаны скульптурай прарока Маісея, фератроны (характэрныя для ўніяцкай і каталіцкай традыцыі двухбаковыя перанасныя алтары першай паловы ХІХ ст.), памятныя шыльды Юзафа Мацкевіча, былога каморніка наваградскага, і ягонай жонкі Марцыяны.
Праваслаўныя абразы тут ужо больш позняга часу, прыблізна канца ХІХ стагоддзя.
Царква знаходзіцца ў маляўнічым антуражы старога парку, закладзенага пры сядзібе колішніх гаспадароў Вольна — роду Слізняў. Сядзіба, на жаль, сёння не захавалася.
Адным з самых вядомых прадстаўнікоў роду Слізняў быў скульптар Рафал Слізень. Пачатковую мастацкую адукацыю ён атрымаў у школе пры базылянскім манастыры ў Вольне, вучыўся ў езуіцкай школе ў Полацку, у Віленскім універсітэце. Сябраваў з паплечнікамі па арганізацыі філаматаў Адамам Міцкевічам, Янам Чачотам, Тамашом Занам і іншымі.
Рафал Слізень (1803–1881)
Самымі вядомымі творамі Рафала Слізня сталі медальёны з выявамі выбітных асобаў таго часу, пераважна сяброў Рафала. Калекцыя медальёнаў і бюстаў рукі Рафала Слізня першапачаткова захоўвалася ў палацы Тышкевічаў у Лагойску. Але сёння на тэрыторыі Беларусі няма ягоных твораў, іх можна сустрэць у музеях ці ў прыватных калекцыях іншых краін.
Апошнім нашым прыпынкам у Баранавіцкім раёне будзе вёска Задзвея. Вядомая яна колішнім маёнткам Межаеўскіх, пазней Чачотаў, ад якога сёння захаваліся толькі крушні, але і руіны гэтыя выглядаюць дастаткова маляўніча сярод узгоркаў старажытнай Наваградчыны. Тут, у Задзвеі, калісьці жыў Ян Чачот, гасцяваў Адам Міцкевіч, і, паводле некаторых звестак, нарадзіўся першы старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Ян Серада.
Ян Серада, 1918
Упершыню маёнтак у Задзвеі згадваецца ў Метрыцы Вялікага Княства Літоўскага ў 1473 годзе. У розныя перыяды гэтымі мясцінамі валодалі Гаштольды, Радзівілы, Есманы. З ХVІІІ стагоддзя Задзвея належыла Мацею Межаеўскаму, колішняму ўдзельніку Напалеонаўскай кампаніі, кавалеру ордэнаў Віртуці Мілітары і Ганаровага Легіёну. Менавіта пры Мацеі ў Задзвеі і быў пабудаваны першы сядзібны дом, які ўжо ў ХІХ стагоддзі быў перабудаваны ў аднапавярховую простакутную сядзібу ў стылі класіцызм. Будынак да нашых дзён не захаваўся, як ён выглядаў мы можам меркаваць толькі паводле старых фотаздымкаў.
Задзвея, 1900
Выяву Мацея на кані і ягоныя ўзнагароды спадчыннікі Межаеўскага захоўвалі ў сядзібе ажно да Другой сусветнай вайны. Сядзіба была драўляная, што і сталася галоўным фактарам таго, што яна не захавалася. Месцічы распавядаюць, што яна згарэла па вайне.
У 1872 годзе маёнтак Межаеўскіх пераходзіць па спадчыне да сына Мацея Леона, які не меў наўпростых нашчадкаў, таму ў 1891 годзе ўладанні пераходзяць да апошняй прадстаўніцы роду Марыі, якая пабралася шлюбам з Ігнатам Чачотам. Паводле некаторых звестак, у Задзвеі пэўны час жыў Ян Чачот, гасцяваў ягоны сябар Адам Міцкевіч. Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што менавіта вобраз мясцовага пробашча, сваяка Міцкевіча, Паўла Грынашкевіча стаў прататыпам ксяндза Пятра ў ІІІ частцы паэмы «Дзяды». Апошнім гаспадаром Задзвеі быў Леон Рэгульскі, які таксама атрымаў маёнтак праз пасаг.
Да нашых дзён ацалеў арыгінальны тынкаваны будынак лядоўні, складзены ў неагатычным стылі. Таўшчыня сценаў будынка каля 65 сантыметраў. Вядома, што лядоўня выкарыстоўвалася па прызначэнні ажно да 70-х гадоў мінулага стагоддзя. Тут захоўвалі нават марозіва, абклаўшы лёдам з мясцовай ракі Дзвейкі, які не раставаў круглы год, бо тэмпература ў будынку была канстантная, каля чатырох градусаў. Яшчэ з гаспадарчых пабудоваў маёнтка захаваліся стайня ды флігель таксама ХІХ стагоддзя пабудовы, але выглядаюць яны менш маляўніча.
Вандруйце разам з «Будзьма!». ПЖ.