Беларусь як Карабах. Ці ёсць агульнае?

Тэрыторыя былога Савецкага Саюза ёсць вялікай зонай нявырашаных і замарожаных канфліктаў. Таму час ад часу на гэтых вялікіх і некалі аб'яднаных у адну краіну абшарах разгараюцца ў рознай ступені крывавыя супрацьстаянні.
Прыднястроўе, Абхазія, Данбас..

Цяпер — Нагорны Карабах і наша Беларусь.

Можа падацца, што параўноўваць нашу краіну з гэтым паўднёвакаўказcкім рэгіёнам цалкам некарэктна. Але толькі на першы погляд.  

Так, Карабах, у адрозненне ад нашай краіны, ёсць зонай відавочнага міжэтнічнага супрацьстаяння з вялікай колькасцю ахвяраў, захопам тэрыторый праз ваенныя аперацыі.

Гэта ўсё наступствы.

Але адна з галоўных прычынаў працэсаў і ў Карабаху, і ў Беларусі яднае краіны.

Сённяшнія падзеі на Каўказе і ў нас маюць аднолькавую прыроду — незавершанасць развітання народаў з савецкай спадчынай.

У кожнага яно праходзіла і праходзіць па-рознаму.

У Нагорным Карабаху 30 гадоў таму былі этнічныя чысткі і вялікая колькасць уцекачоў. Сёння — сапраўдная вайна і тысячы загінулых.

Беларусь у 90-я не сутыкнулася з такімі супярэчнасцямі ў грамадстве, якія б выклікалі крывавы канфлікт. Але ён нагнаў нас цяпер.

Дэманы гвалту ўжо на нашых вуліцах

У нас падзеі і лічбы ахвяраў зусім іншыя. Але, як і ўмоўны мір на Каўказе, у Беларусі сітуацыя змяняецца імгненна. Трэба заўжды памятаць, што большасць канфліктаў не абавязкова адразу пераходзіць у так званую "гарачую фазу" з вялікай колькасцю ахвяраў падчас баявых дзеянняў.

Хто некалькі месяцаў таму мог уявіць, што на вуліцах беларускіх гарадоў будуць гучаць стрэлы і выбухі гранатаў, гінуць людзі? З вялікай хуткасцю будзе пашырацца прорва паміж часткамі грамадства?

Таму пытанне, што можа чакаць беларусаў наперадзе, калі ўжо больш за 6 месяцаў перыядычна адбываецца эскалацыя і выхад супрацьстаяння на новы ўзровень напружанасці, пакуль застаецца без пэўнага адказу.

Як і Карабах, Беларусь мае вялікае геастратэгічнае значэнне для краінаў-суседзяў

Калі глядзець з пункту гледжання рэгіянальнай геастратэгіі, можна параўнаць Нахічэванскую рэспубліку і Калінінградскую вобласць. А істотнасць захавання транспартнага калідору з гэтымі эксклавамі для Азербайджана і Расіі можа часткова патлумачыць неабходнасць сённяшніх баявых дзеянняў для Баку і Анкары, падтрымку Лукашэнкі Масквой.

Таксама згадваюцца будаўніцтва газатранспартнай сеткі "Паўднёвы паток" і нядаўняя фактычная адмова Турцыі набываць расійскі газ, які пастаўляецца па гэтай сістэме. І дапушчэнні, што Карабах ёсць у тым ліку разменнай манетай у гандлі Пуціна з Эрдаганам за газавыя грошы і транзіт.

Ці не з'яўляецца Беларусь падобным аб'ектам гандлю для Масквы і Захаду з перспектывы будаўніцтва "Паўночнага патоку — 2"? І ці не стане факт падтрымкі Лукашэнкі Пуціным нагодай для канкурэнтаў "Газпрама" ўзмацніць санкцыйны ціск дзеля блакавання развіцця расійскай газатранспартнай сістэмы ў Еўропе?

Праз падзеі ў краіне гэтыя далягляды могуць быць не зусім заўважныя, асабліва калі працэсы расцягнутыя ў часе.
Сёння, калі пасля новых санкцый Лукашэнка і ягонае атачэнне страцілі частку суб'ектнасці і пазбавіліся былых інструментаў для манеўраў паміж Захадам і Усходам, відавочна, што працэсы развіваюцца імкліва.
І тактыка вялікіх гульцоў бачная ўсё лепш.

Шэрая зона ў цэнтры Еўропы

На ўзроўні ніжэй ад згаданых геастратэгічных памкненняў сусветных палітыкаў знаходзяцца іншыя інтарэсы. Больш прыземленыя.

Рэч у тым, што і Карабах як непрызнаная рэспубліка, і Беларусь як краіна пад санкцыямі, працяглы тэрмін ёсць шэрымі эканамічнымі зонамі з няпэўна вызначаным статусам у сістэме сусветнага гандлю.

А гэта спрыяе ўзнікненню схем для не заўжды легальных заробкаў, якія, як правіла, найбольш прыбытковыя. Згадайма хаця б падазрэнні наконт паставак з тэрыторыі Беларусі расійскай зброі ў краіны Афрыкі і Блізкага Усходу, перапродажу нафтапрадуктаў пад выглядам "распушчальнікаў", шмат іншых чутак.

Калі ёсць такія эканамічныя прорвы, непазбежна ўзнікаюць сілы, не зацікаўленыя ў канчатковым мірным пагадненні па Карабаху альбо ў палітычных зменах у Беларусі. Таму і прымаюцца рашэнні, як на Каўказе, так і ў нас, якія відавочна не суадносяцца са здаровым глуздам, міратворчымі памкненнямі. У спробах захаваць былы статус-кво і прыбыткі любыя сродкі вартыя.

Смерці і кроў, тысячы палонных, праца прапагандысцкіх машын, якія прадукуюць плыні нянавісці, што захлістваюць сумленне мільёнаў. Цяжка адрозніць, пра якую краіну ідзецца ў гэтай фразе. Карабах, Беларусь, а можа, Руанда?
Усё гэта адбываецца тут і цяпер. Пакуль у высокіх кабінетах вядзецца гандаль за ўплывы і рэсурсы, вырашаюцца людскія лёсы.

Аляксей Гайдукевіч, budzma.by