Аляксей Гайдукевіч піша на budzma. by пра тое, што адбывалася тыдзень таму на беларускіх вуліцах.
У сучасных рэаліях распаўсюду і вартасці інфармацыі страта кантролю над гвалтам у грамадстве можа мець сур’ёзныя наступствы не толькі для асобных грамадзян, але і для супольнасцяў і цэлых дзяржаваў.
Ужо не мае значэння, хто пачаў першы ці хто вінаваты ў тым, што дэман гвалту быў выпушчаны на беларускія вуліцы. Ужо цяпер ягоны дух трапляе ў самыя патаемныя закуткі нашых душаў. Па-за залежнасцю ад нашых палітычных поглядаў і памкненняў. І спараджае новы, яшчэ большы гвалт, жаданне помсты.
14 ліпеня ў некалькіх беларускіх гарадах, дзе адбываліся акцыі пратэсту, над натоўпамі людзей літаральна лунаў дух гвалту. Паступова ён апаноўвае розумы ўсіх.
Калі ён вырвецца вонкі наступным разам і як — залежыць ад працэсаў, якія на сённяшні момант звязаныя з палітычнымі падзеямі і выбарамі прэзідэнта Беларусі. А можа, заўтра гэта будуць эканамічныя патрабаванні ці незадаволенасць экалагічным становішчам, хто ведае.
У любым выпадку рубікон і знак «стоп» пройдзеныя.
Віктар Марціновіч: World of Warcraft па-беларуску
Успомніце стан і настроі ў грамадстве яшчэ год таму. Магчыма, вы адзначыце, што нават ўявіць сабе не маглі падзеі, якія накатваюць на краіну і нашу свядомасць з кожным новым днём і тыднем.
Безумоўна, маюць рацыю тыя, хто сцвярджае, што такія трансфармацыі калектыўнага розуму можна накіроўваць і маніпуляваць імі.
Супрацоўнікі міліцыі сутыкаюцца з гвалтам штодзённа. Можна сказаць, яны прызвычаеныя быць сведкамі гвалтоўных дзеянняў і маюць добры досвед выкарыстоўваць гэты небяспечны інструмент. Але нават для іх сённяшнія падзеі на вуліцах беларускіх гарадоў хутчэй незвычайныя.
У некаторыя моманты была відаць разгубленасць супрацоўнікаў органаў, калі натоўп адказваў гвалтам на гвалт.
Здаецца, сёння межы за якія ніхто не толькі не заходзіў, але і баяўся сабе ўявіць, паступова сцерліся. Ком гвалту толькі расце, гэта відавочна. І хто ведае, можа, праз некалькі тыдняў, месяцаў ці гадоў сённяшнія падзеі мы будзем успрымаць як лёгкую забаву ў параўнанні з тым, што нас чакае ў недалёкай будучыні.
Дэманы гвалту ўжо на нашых вуліцах
Кожны чалавек, які пусціў у сваю душу дэманаў гвалту, можа страціць кантроль над сабою. І за пэўны час развучыцца стрымлівацца ў канфліктных сітуацыях, вызваляць дэманаў кожны раз. Асабліва калі «апраўданнем» ёсць выкананне службовых абавязкаў ці супрацьстаянне несправядлівым дзеянням.
Цалкам імаверна, што адмыслоўцы добра ведаюць, як накіроўваць гвалт, у тым ліку на неабходныя сацыяльныя групы, палітычных апанентаў. Адзін з прыёмаў — спрашчэнне абставінаў і наданне пэўнай групе ролі і назвы. Таму і з’яўляюцца акрэсленні кшталту «ворагі», «апазіцыя», «рэжым» і іншыя.
Чытайце таксама: Ласкава вітаем у новым сярэднявеччы!
У такой парадыгме ў розумах удзельнікаў з’яўляюцца толькі ўмоўныя «мы» і «яны». Спрошчаная карціна свету патрабуе простых рашэнняў. А самым простым рашэннем робіцца гвалт. Небяспеку фармавання ў агульным сумленні такой сістэмы каардынат, здаецца, наша грамадства ўжо прайшло.
Шукаць логіку ў дзеяннях пратэстоўцаў ці ўладаў на беларускіх вуліцах сёння — цалкам марная справа. Большасць гэтых людзей выхаваная ў атмасферы адсутнасці маральных аўтарытэтаў. Многія пратэстоўцы і прадстаўнікі ўлады 14 ліпеня кіраваліся не здаровым глуздам, але плылі ў плынях адрэналіну, які нібыта добрыя рэжысёры разлілі на вуліцах беларускіх гарадоў.
Мірных акцый больш можа і не быць
Трэба прызнаць, што гвалтоўныя памкненні, як і любыя эмоцыі, можна кантраляваць і не даваць ім волі. Але для гэтага трэба карыстацца складанымі аргументамі, уздзейнічаць на калектыўнае сумленне, апелюючы да агульных для вялікай колькасці людзей каштоўнасцяў. Напрыклад, духоўных і патрыятычных.
Але як бы прыкра гэта ні гучала, варта прызнаць, што ў Беларусі ў большасці грамадзян з гэтымі неабходнымі для кожнага каштоўнасцямі ёсць праблемы.
Выбары-2020: Навокал ворагі!
Нават з нацыянальнай самаідэнтыфікацыяй, якая размытая расійскім інфармацыйным полем.
Магчыма, мірных акцый пратэсту ў Беларусі мы ў найбліжэйшы час можам і не ўбачыць. Абодва бакі супрацьстаяння паступова страцілі такі досвед. А гвалтоўны шлях вельмі хутка яго выцясняе. Так прасцей, так дыктуюць эмоцыі і прага адрэналіну.
Дзе тая мяжа, калі большы гвалт ужо не выклікае пачуццё страху і прымушае скарыцца, а наадварот, выклікае гвалт у адказ, нараджае ў калектыўным розуме пачуццё азарту?
І тое, што яшчэ ўчора задавалася смяротна небяспечным, пачынае ўяўляцца вясёлай гульнёй з затрыманнямі, разбітымі галовамі і пагонямі па вуліцах гарадоў.
Аляксей Гайдукевіч, budzma.by
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!
Меркаванне аўтараў сайта budzma.by можа не супадаць з пазіцыяй кампаніі «Будзьма беларусамі!»