37 гарадоў, 46 бібліятэк: у Беларусі пройдзе культурна-асветніцкая акцыя «Бібліяноч», якая не зусім пра літаратуру

«Бібліяноч-2025» — акцыя ў падтрымку чытання — пройдзе 25 красавіка ў Беларусі. У гэты вечар бібліятэкі пашыраць фармат сваёй працы і прадставяць наведвальнікам свае культурныя праграмы.

Afiša

Гэтым годам мерапрыемства пройдзе з размахам: 37 гарадоў, 46 бібліятэк і больш за сотню падзей — лекцыі, майстар-класы, экскурсіі, творчыя сустрэчы, гульні для дзяцей і дарослых і іншыя пазнавальныя забавы.

Reform.news паспрабаваў разабрацца з тэмамі галоўнай бібліятэчнай падзеі.

Чым беларускія бібліятэкі паспрабуюць завабіць чытача? Здавалася, у аснове праграм павінна быць літаратура. Аднак у большасці выпадкаў — гэта вайна, часам — савецкая спадчына. Нават калі гэтыя тэмы не пазначаны ў назве.

Расклад падзей тут.

Тэму «Вялікай перамогі» заявілі ў Мінску і вобласці Нацыянальная бібліятэка Беларусі і Цэнтральная бібліятэка імя Янкі Купалы.

Баранавіцкая цэнтральная раённая бібліятэка імя Яна Чачота прапануе напісаць ліст Перамогі і паўдзельнічаць у аперацыі па пошуку бандытаў, а таксама ў адраджэнні вёскі.

Afiša

Падчас вечарыны пад назвай «Победа. Память. Мир» у Нацыянальнай бібліятэцы будуць працаваць больш за 20 тэматычных пляцовак: лекцыі, інтэрактыўныя праграмы, майстар-класы, квэсты, творчыя сустрэчы, тэатралізаваныя паказы, гульні для дзяцей і дарослых і многае іншае, паведамляецца ў бібліятэчных сацсетках.

Рэспубліканская навуковая медыцынская бібліятэка зладзіць інтрыгоўнае мерапрыемства з назвай «Пад агнём і скальпелем» і адкрытую лекцыю «Как не орать на детей и на других людей».

Гродзенская вобласць цяпер пад асаблівым ідэалагічным кантролем і тэму «Адзіны франтавы прывал «Гукі памяці» ўзялі 15 бібліятэк з 19.

У Слонімскай раённай бібліятэцы імя Якуба Коласа пазначана тэма «За веру і Айчыну». Праўда, за якую веру, бібліятэка гэтага шматканфесійнага горада не пазначае.

У Бабруйску ў дзіцячай бібліятэцы імя Мікалая Астроўскага тэма заяўленая нейтральная «Расцём беларусамі», але плакат мерапрыемства напоўнены супярэчлівай іканаграфікай, дзе сабраныя выявы бабра, дзяцей у вышыванцы і хлопчыка ў ваеннай форме на фоне чырвонага сцяга. Такая ж і праграма: сялянская хата, народныя традыцыі, лялечны тэатр «Петрушка», які ладзіць вандроўку па родным горадзе, і вайна. Увесь ідэалагічны набор, дзе беларускія толькі хата і народныя традыцыі.

Afiša

Смаргонская раённая бібліятэка «Біблія-кіна-ноч: час цудаў» ладзіць праграму па матывах савецкіх культавых кінафільмаў.

Савецкая тэма арганічна перасякаецца з ваеннай. Брэсцкая цэнтральная раённая бібліятэка рыхтуе тэму «Назад у СССР» з савецкімі мультфільмамі і кіно, успамінамі, настальгіяй і рэтра-дыскатэкай.

Afiša

Нават мінулым годам «Бібліяноч» не была настолькі ідэалагізаванай. Супрацоўнікі сапраўды імкнуліся завабіць патэнцыйнага чытача цікавымі праграмамі. Нагадаем, што гэта ўсё ж культурна-асветніцкая акцыя ў падтрымку чытання. У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ў 2024-м праводзіліся актыўныя квесты, шахматна-шашачныя турніры, настолкі ад «HobbyGame», «этнавечарына» з фолк-гуртом «Guda» і капэлай традыцыйнай музыкі «Анягож», паказ мадэляў адзення сучасных беларускіх дызайнераў ад мадэльнага агенцтва «Wow Kids» і многае іншае.

У Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі гэта жа, як і раней, праводзіць лабараторыю «#ПРОнауку».

У Гродненскай вобласці ў 2024-м усё было мірна і разнастайна. У 2025-м тут мабілізавалі ў некалькі разоў большую колькасць бібліятэк, якія пакажуць праграмы на адну і тую ж тэму. Тая ж Смаргонская бібліятэка ў 2024-м праводзіла канцэрт «Літаратурны настрой», арт-вернісаж мясцовага мастака і розныя майстар-класы. Было відавочна, што бібліятэкі праяўлялі ініцыятыву і стараліся выбудаваць цікавую і — галоўнае — прывабную праграму. Каб сапраўды некага завабіць.

Дарэчы, калі сабраць у адну тэчку афішы беларускай і расійскай «Бібліяночы», то паблытаць іх вельмі лёгка.

У Расіі «Бібліяноч» адбудзецца 26 красавіка, а яе тэма — «Свае героі». Усерасійская акцыя на гэты раз будзе прысвечана году абаронцы Айчыны і 80-годдзю вялікай перамогі. Акрамя традыцыйных лекцый, экскурсій, сустрэч з пісьменнікамі і майстар-класаў, праграма «Бібліяночы» дапоўніцца тэматычнымі мерапрыемствамі. Удзельнікі змогуць падзяліцца фатаграфіямі і расказаць пра сваіх герояў мінулага і сучаснасці, ствараючы жывую стужку памяці «бессмяротны бібліятэчны полк», таксама будуць арганізаваныя паштовыя аддзяленні, дзе можна будзе падпісаць лісты ветэранам і ўдзельнікам спецыяльнай ваеннай аперацыі.

У нас да «бессмяротных бібліятэчных палкоў» пакуль яшчэ не дайшло, але затое зразумела, чым так моцна натхняліся ідэолагі Гродзенскай вобласці.