Май. 1065 год.
Гэта ўсё пісьменнік Уладзімір Арлоў са сваімі “Таямніцамі полацкай гісторыі” вінаваты. У мяне ўсё пытаюць, чаму я без дай прычыны на Ноўгарад і Пскоў у 65-м пайшоў — яны ж нам, маўляў, саюзнікамі былі. Заяўляю уголас і публічна: “Прычына усё ж была, і імя ёй — Уладзімір Арлоў”.
Панадзіўся адзін чалавек да мяне ў сон цягацца і патрабаваць: “Схадзі ды схадзі, спадару князь, на наўгародцаў. І потым на пскоўцаў яшчэ!”
Я яму кажу: “Шаноўны, я не ведаю хто вы такі, і чаму вы заклікаеце ваяваць, але я супраць”.
А ён становіцца ў позу — нагадваю, дзеянне адбываецца ў маім уласным сне! — і кажа:
— Як гэта хто?! Я — Уладзімір Арлоў.
— Я ведаў, — кажу яму, — аднаго Уладзіміра, Уладзіміра Краснага Сонейка, дык гэты таварыш хоць і хрысціў Кіеў, але потым узяў наш Полацак і сілком ажаніўся з дачкой мясцовага кіраўніка, Рагнедай, маёй прабабкай.
— Князі і князёўны сыходзяць і прыходзяць, — адказаў Уладзімір Арлоў, — а мы, пісьменнікі, існуем у вечнасці і працуем дзеля яе. Вось таму я ў вечнасці цяпер і знаходжуся, з табой гутарку вяду.
— Спадар пісьменнік, вы не ў вечнасці, вы ў маім сне, — нагадаў яму я.
— Гэта не прынцыпова, — кажа Арлоў. — Сама галоўнае, каб ты схадзіў з мячом на Ноўгарад і Пскоў. Бо я ўжо ў сваёй кнізе пра цябе напісаў, удзячныя водгукі чытачоў атрымаў, ганарар мне заплацілі. І як не прыйдзеш — у людзей настрой упадзе, зняверацца ў сваіх сілах. А каму гэта трэба? Так што давай, дуй на Ноўгарад! Потым па маім плане трэба яшчэ кіеўскі пасад заняць. І т.д. і да т.п.
Я з ім трохі пагадзіўся — схадзіў з мячом на Ноўгарад і Пскоў, але далей пастанавіў не слухацца. Паклікаў сваю ўнучку і кажу:
— Прадславачка, Еўфрасіннечка, ужо і не ведаю, як цябе клікаць, адным словам, унучачка, напрамілы Бог не ідзі ў манастыр, не рабіся святой і не давай загадаў адліваць свой суперкрыж, каб дзядзьку Арлову з будучыні не патураць з яго кніжкамі! Хай чухае патыліцу, пра што яму цяпер у “Таямніцах полацкай гісторыі” пісаць.