Ці не самым слабым месцам у гісторыі БНР – прынамсі ў вачах савецкай прапаганды – заўжды была віншавальная тэлеграма кайзеру Вільгельму. Такі жэст айцоў рэспублікі нібыта замацоўваў за імі вечны статус здраднікаў і калабарантаў, бо немцы – заўжды “ворагі і акупанты”… Але як было насамрэч?
Давайце найперш усвядомім, што немцы з Першай сусветнай – гэта зусім не немцы з Другой. То бок ніякіх масавых расправаў, спаленых вёсак і гета не было. Фэйкі кшталту тысяч беларускіх дзяўчат, сагнаных у салдацкія і афіцэрскія прыфрантавыя бардэлі, пакінем на сумленні сучасных прапагандыстаў з сумнеўных сайтаў – гэта несур’ёзна.
Так, немцы былі прыхаднямі на беларускай зямлі. Таксама як і расійцы перад імі, як палякі пасля іх. Што рабіць беларусам у такой сітуацыі? Альбо падымаць паўстанне, арганізоўваць падпольны ўрад, пускаць цягнікі пад адхон, збіраць баяздольных хлопцаў у нешта кшталту “ІРА”, карацей, ваяваць. Альбо – супрацоўнічаць.
“Мужыцкая дзяржава” і першыя кантакты
Успомнім таксама геапалітычны фон. Вясной 1918-га перавага Нямеччыны падавалася бясспрэчнай, асабліва на фоне Расіі, якая перажыла ўжо дзве рэвалюцыі і знаходзілася ў стане паўраспаду. Больш за тое, Нямеччына дэманстратыўна падтрымлівала нацыянальныя дзяржаўніцкія праекты на аскепках імперыі – на Каўказе, у Прыбалтыцы, ва Украіне. Чаму б не паспрабаваць і беларусам?
Сёння гісторыкі кажуць пра спробы беларусаў завязаць кантакты з немцамі яшчэ ў 1916 годзе: сведчанні гэтага знаходзяць у архівах ужо ў нашы дні. Дакладна вядома пра спробу Віленскай беларускай рады крыху пазней звярнуцца да нямецкага камандвання, каб тое патлумачыла сваё стаўленне да беларускага пытання. У выніку адказны за нацыянальную палітыку на акупаваных тэрыторыях заверыў, што пытанне аб стварэнні “мужыцкай дзяржавы” абгаворваецца і ў хуткім часе будзе вырашанае.
Сам выраз “мужыцкая дзяржава”, які прагучаў з вуснаў нямецкага чыноўніка, добра характарызаваў і стаўленне немцаў да Беларусі, і стан БНР на яе ранніх этапах, калі адназначная перавага была за сацыялістамі. Наогул жа немцы пра Беларусь амаль нічога не ведалі, у адрозненне ад Украіны ці Літвы. Нават на паштоўках, якія нямецкія жаўнеры слалі дадому з Наваградка ці Брэста, мясцовасць яны падпісвалі як “Расія” альбо “Польшча”. Беларусь, на жаль, так і заставалася для іх “тэра інкогніта”…
Хто аўтар? Варонка ці… самі немцы?
Дык вось, 26 красавіка 1918 года, праз месяц пасля абвяшчэння незалежнасці Радай БНР на закрытым паседжанні быў прыняты тэкст віншавальнай тэлеграмы да кайзера Вільгельма ІІ. Заўважым, што тэлеграма – гэта віншаванне і падзяка за забеспячэнне парадку на падкантрольнай тэрыторыі, а зусім не акт капітуляцыі ці прапанова сваіх паслугаў.
Хто быў аўтарам тэлеграмы? Нібыта Язэп Варонка – так ён пасля казаў Луцкевічу. Разам з тым, даследчыкі мяркуюць, што ініцыятыва магла ісці і з нямецкага боку. Напрыклад, ад прадстаўніка Обер-Оста фон Мозэ альбо ад кіраўніка 10-й арміі Фолькенгайна. Чаму? Немцам быў патрэбны парадак і вырашанасць “беларускага пытання” наверсе, у Берліне. Усё прагматычна: лепш мець пад бокам лаяльную мясцовую адміністрацыю, якая займаецца школамі і культурай, чым хаос і закалоты.
У дадатак, беларусы маглі б стрымліваць польскі рух і ўраўнаважваць сітуацыю ў рэгіёне. Тых жа літоўцаў ці ўкраінцаў немцы падтрымлівалі акурат з гэтым разлікам: насуперак палякам і рускім. Але беларусы спазніліся – карціна рэгіёна ў галовах нямецкіх аналітыкаў, відаць, ужо склалася, і беларусам там проста не заставалася месца. Тэлеграма так і засталася без адказу.
“Нямеччына не такая страшная, як Польшча ці Расія”
Чые подпісы стаялі пад тэлеграмай? Варонкі, Серады, Скірмунта, Лёсіка, Аўсяніка, Алексюка і Крачэўскага. Апошні так тлумачыў гэты крок:
“Калі перад Радай стала дылема: што бараніць – сацыяльныя заваёвы Расійскай рэвалюцыі з бязглуздымі дэкрэтамі Леніна і кампаніі альбо захаваць у цэласнасці беларускі народ і яго тэрыторыю, – Рада стала на апошні шлях… са спакойным сумленнем і асэнсаваннем сваёй адказнасці. Рада падпісала гэтую тэлеграму”.
А вось тлумачэнні Вінцэнта Гадлеўскага:
“У тэлеграме ніхто не адмаўляецца ад незалежнасці, больш за тое – гэтая незалежнасць двойчы падкрэсліваецца. Акром таго там ідзецца аб непадзельнасці краю; там няма ані слова, што Беларусь пераходзіць пад уладу немцам, а кажацца толькі аб сувязі альбо саюзе з Нямеччынай; Нямеччына як больш аддаленая дзяржава не такая страшная для існавання Беларусі як Расія альбо Польшча”.
Гадлеўскі дадае, што саюз з Нямеччынай – гэта яшчэ і эканамічныя выгады. Туды можна было адпраўляць лес альбо сельгаспрадукцыю, атрымліваючы ў адказ грошы і тавары. “Выйсця ўсё адно няма, гэтаксама робяць і іншыя народы, пры гэтым дасягаючы сваіх мэтаў”, – заканчвае сваю аргументацыю Гадлеўскі.
“Што вы нарабілі? Я не веру!..”
Крытыканы тэлеграмы найчасцей падаюць яе як плён кансалідаванай пазіцыі дзеячаў БНР. У рэальнасці ж віншаванне кайзера прывяло да ідэалагічнай катастрофы і расколу найперш у беларускім руху. Вынікам стаў унутраны крызіс. Напрыклад, Сымон Рак-Міхайлоўскі, які тым часам знаходзіўся ў Кіеве, адрэагаваў наступным чынам:
“Грамада сябе гэтай тэлеграмай пахавала… Як зараз будуць глядзець на нас, беларускіх сацыялістаў, германскія сацыялісты, якія змагаюцца ў Рэйхстагу з юнкерамі і на чыю дапамогу мы спадзяваліся? Эх, браты, браты. Што вы нарабілі?.. Я проста не веру! Гэтага не магло быць у Радзе. Не магу паверыць. Пераканайце мяне ў тым, што гэта было патрэбна!”
А вось яшчэ адзін пасаж:
“…Лічу гэта здрадай ідэі рэвалюцыйнага сацыялізму, уваходзіць у саюз з манархам і аддаваць на папячэнне імперыялістычнай буржуазіі Нямеччыны наш шматмільённы рабочы сялянскі народ”.
Аўтар – зусім не Чарвякоў ці Мяснікянц, не палітрук-камуніст, а… беларускі эсэр Тамаш Грыб. Гэта яскравае сведчанне левых настрояў часткі дзеячаў БНР, якім відавочна прасцей было дамаўляцца з Леніным, чым з Вільгельмам. Альбо, на кепскі канец, з нямецкімі сацыялістамі, але не з кайзерам ні ў якім разе!
Парадак, спакой і нямецкі “куратар” беларускага руху
Канечне, не ўсе беларускія дзеячы былі настолькі катэгарычнымі. Напрыклад, землеўладальнік і камерсант Раман Скірмунт глядзеў на справу ўзважана і прагматычна, успамінаючы праз 15 гадоў часы нямецкага панавання:
“Варта прызнаць, што прыход немцаў у Беларусь прынёс краю хоць на кароткі час парадак і спакой. Варта быць справядлівым нават у стасунку да ворага – для вайсковага акупанта армія Фолькенгайна вяла сябе стрымана і прыстойна, пакінуўшы па сабе не самыя горшыя ўспаміны ў мясцовага насельніцтва”.
Дарэчы, далёка не ўсе немцы былі да беларускага руху цалкам абыякавымі і глухімі. Гісторыя захавала імя Эдуарда Зуземіля, які быў, відаць “куратарам” беларускага пытання пры нямецкай вайсковай выведцы. Фармальна ён быў усяго толькі сяржантам, але свабодна ўваходзіў ва ўладныя кабінеты (!), здабываў грошы для беларускіх выданняў і аказваў паслугі дзеячам БНР.
“Хаця Зузэміль хадайнічаў перад нямецкімі ўладамі аб прызнанні Беларусі як самастойнай адзінкі, – згадваў Рамуальд Зямкевіч, – нямецкія ўлады, якія ў асноўным складаліся з баварцаў, палічылі такую ідэю бессэнсоўнай…” Дарэчы, пасля адступлення 10-й арміі Зуземіль не “зліўся” і не знік з нашага далягляду, але працягваў працу па беларускім вектары ажно да 1930-х, жывучы ў Кёнігсбергу.
Склады, зброя і беларусы ў нямецкім палоне
Нямецкае войска – гэта не толькі жывая сіла, а яшчэ і вайсковыя склады з майном, зброяй і рыштункам. Пасля рэвалюцыі ў самой Нямеччыне ў лістападзе 1918-га і згортвання ў нашым рэгіёне нямецкай прысутнасці сярод дзеячаў БНР гучалі галасы, маўляў, давайце дамовімся, каб немцы пакінулі нам склады. Гэта і магчымасць узброіць сваё войска, і немалы эканамічны рэсурс. На жаль, мудрая прапанова, як часта бывае, патанула сярод сварак і гучных эмоцыяў…
У траўні 1919 года ў пострэвалюцыйным Берліне Антон Луцкевіч спрабуе наладзіць супрацу з новай уладай: яны ж сацыялісты, значыць, “за справядлівасць”, “за народ”… Але гэтым дзеячам беларусы былі цікавыя яшчэ менш, чым кайзеру:
“Ніякай палітыкі з разгромленай Нямеччынай рабіць не прыходзілася, і адзіным практычным пытаннем была магчымасць трапіць у лагеры і завязаць кантакты з палоннымі беларусамі. Але нямецкія ўлады ўжо не мелі да іх дачынення, імі займаўся дэлегат Антанты рускі генерал фон Монкевіц…” – натуе Луцкевіч.
Першая спроба гуляць па-даросламу
Тады, у 1919-м, Луцкевіч ды іншыя дзеячы БНР спрабуюць шчыльна працаваць з немцамі, выдаюць па-нямецку кнігі і брашуры пра беларусаў і ў сам Берлін ездзяць як на працу. Але немцам яўна не да таго. Ізноў позна, ізноў усё робіцца ў зваротным парадку: намагацца навязаць з моцным гульцом саюз, а толькі пасля тлумачыць, хто ты такі і навошта ты яму патрэбны, – як мінімум наіўна.
Сёння тэлеграма кайзеру фактычна ўпісаная ў гісторыю сімвалічных паразаў беларускага руху і дагэтуль эксплуатуецца крытыкамі БНР. Разам з тым, гэта яшчэ і першая спроба беларусаў гуляць на міжнароднай арэне, гуляць па-даросламу, вырасці з аб’екта да суб’екта еўрапейскай палітыкі.
Алесь Кіркевіч