«Эмігранты адчуваюць сябе як тая прынцэса, чый сон можа перапыніць звычайная гарошына». Псіхолаг пра праблемы беларусаў унутры краіны і за мяжой

Наталля — беларускі псіхолаг, якая працуе з падлеткамі і дарослымі. У размове з Budzma.org яна падзялілася сваімі думкамі пра асноўныя выклікі, з якімі сутыкаюцца беларускія сем’і ўнутры краіны і ў эміграцыі. Наталля таксама прапанавала практыкі, якія могуць дапамагчы знізіць трывожнасць у няпростыя для беларусаў часы.

Psicholah

— З якімі праблемамі да вас найчасцей звяртаюцца сем’і ў эміграцыі?

— Сем’і ў эміграцыі сутыкаюцца з вялікай пагрузкай, фізічнай і псіхалагічнай, з адзіноцтвам, з фінансавымі праблемамі, з трывожнымі думкамі аб тым, ці правільны шлях яны абралі. Чалавеку вельмі няпроста выносіць такое напружанне, і часта ён рэгрэсуе, то-бок адчувае сябе бяссільным, напужаным, апускае рукі, ускладае шмат патрабаванняў на людзей навокал. Людзі ў сям’і пачынаюць чакаць адно ад аднога большага, чым яны могуць даць насамрэч. Гэта стварае агрэсіўную атмасферу, таму часта людзі разыходзяцца, мяркуючы, што праблема ў партнёры.

Да таго ж, эміграцыя, як і любы крызіс, агаляе праблемы, якія існавалі ў адносінах і раней. І якія атрымлівалася не заўважаць дзякуючы таму, што было добрае кола сяброў, устойлівая праца, розныя хобі. Эміграцыя ж падкідвае да таго шмат выпрабаванняў і праблем, што кожная дадатковая з іх адчуваецца невыносна. Памятаеце казку пра прынцэсу на гарошыне? Эмігранты адчуваюць сябе як тая прынцэса, чый сон можа перапыніць звычайная гарошына.

— Хто складаней за ўсё пражывае эміграцыю і адаптуецца — дзеці, падлеткі ці дарослыя?

— Па маіх назіраннях, менавіта падлеткі складаней за ўсё пражываюць эміграцыю і адаптуюцца. Бо для маленькіх дзяцей існуюць садкі, розныя гурткі, а іх маці знаёмяцца з іншымі мамамі, каб знайсці сваім дзецям сяброў у новай краіне. Дарослыя ходзяць на працу, дзе маюць зносіны з калегамі і не пачуваюцца самотнымі.

Для падлеткаў жа ствараюць менш мерапрыемстваў і месцаў, дзе яны могуць мець зносіны з аднагодкамі. Калі падлетак вучыцца анлайн, то зносіны з аднакласнікамі практычна абмежаваныя. Калі наведвае мясцовую школу, то сутыкаецца з перашкодамі ў выглядзе культурных адрозненняў і моўнага бар’еру.

Да таго ж, падлеткі праходзяць дзве задачы ўзросту — аддзяліцца ад бацькоў і навучыцца будаваць адносіны з аднагодкамі, каб стварыць сваё кола зносін. У эміграцыі гэтыя задачы часта церпяць крах. Аддаляцца ад бацькоў становіцца небяспечна, бо часта яны адзіныя, на каго падлетак можа абапірацца. Знаёміцца і вучыцца будаваць адносіны з аднагодкамі няма дзе.

Таму бацькам трэба ўважліва назіраць за сваім падлеткам. Калі ён не спраўляецца сам з тым, каб знаходзіць аднагодкаў і сяброў, то трэба браць ініцыятыву ў свае рукі.

Знаёмцеся з сем’ямі, дзе ёсць дарослыя дзеці, запрашайце іх у госці, прапануйце сыну ці дачцэ мерапрыемства, дзе будзе магчымасць стасавацца з аднагодкамі.

Расказвайце яму пра сваё жыццё, дзяліцеся тым, як вы пражываеце эміграцыю і складанасці ў ёй. Цікаўцеся яго жыццём, думкамі і пачуццямі з нагоды таго, што адбываецца вакол.

Дапамагайце падтрымліваць сувязь з блізкімі для вашага дзіцяці людзьмі, якія засталіся на радзіме.

Калі вы бачыце, што час ідзе, а дзіця замыкаецца ў сабе, рэдка выходзіць з дому, і што яго нічога не цешыць, звяртайцеся за дапамогай да псіхолага і псіхіятра, каб выключыць дэпрэсію і пачаць лячэнне пры неабходнасці. У выпадку з падлеткам лепш пахвалявацца лішні раз, чым дазволіць горшае развіццё сітуацыі.

— Ці можаце вы параіць практыкі, якія дапамогуць сем’ям ці падлеткам прайсці праз адаптацыю?

— Практыка тут толькі адна — добра есці, шмат спаць, мець прадказальны план дзеянняў ці расклад на кожны дзень і «выходзіць у людзі» — знаёміцца з месцам, дзе жыве дзіця, і людзьмі ў ім.

Дастатковы сон, добрая якасная ежа і прадказальнасць дапамагаюць перажыць гора ад расстання з домам і назапашваць дастаткова энергіі для засваення новага месца. А знаёмства з новым месцам і людзьмі дапамогуць адчуць сябе лепш, а таксама атрымаць пачуццё дому.

У прынцыпе, гэта тое самае, што я рэкамендую эмігрантам любога ўзросту.
Толькі падлетку, у адрозненне ад астатніх, патрэбна дапамога сваіх дарослых у гэтых дзеяннях. Тут вельмі дарэчны энтузіязм бацькоў, каб зацікавіць сына ці дачку нечым новым.

Psicholah

— Якія галоўныя псіхалагічныя праблемы, з якімі сутыкаюцца беларусы ў Беларусі?

Людзі, якія зараз жывуць у Беларусі, па меркаванні маіх калег, акрамя звычайных чалавечых праблем сутыкаюцца з дэпрэсіўнымі і трывожнымі разладамі, з посттраўматычным стрэсавым разладам (ПТСР). Яны часта адчуваюць адчай.

З аднаго боку, ім трэба прыстасоўвацца да новай цяжкай рэчаіснасці, і гэта выклікае складанасці. З іншага боку, яны адчуваюць віну за гэта прыстасаванне. Пачуццё небяспекі становіцца нормай. Пашыраюцца межы дапушчальнага. Праз усё гэта нават у людзей, якія не вельмі цікавяцца рэчаіснасцю і выбіраюць жыць у сваім унутраным свеце, пагаршаецца псіхалагічны стан.

Страх затрымання ў дзеючай рэчаіснасці — гэта нармальнае пачуццё. Да яго трэба прыслухоўвацца і падаслаць сабе саломку паўсюль, дзе гэта магчыма. То-бок, выдаліць ці пахаваць усю небяспечную інфармацыю, ці тое, што ў тэорыі можа прывесці да затрымання. Больш думаць, чым раней, ацэньваць рызыкі, а потым толькі рабіць.

Psicholah

Трэба скласці план А, В і С на горшы выпадак — затрыманне. Распісаць у ім ўсё да падрабязнасцей: каму патэлефанаваць у першую чаргу і папярэдзіць аб затрыманні, каго папрасіць узяць на сябе клопат аб дзецях і клопат аб хатніх жывёлах/раслінах, загадзя напісаць паролі і коды ад картак, паштовых скрыняў ці сацсетак, і вырашыць, каму вы іх перададзіце як даверанай асобе, калі вы хочаце мець доступ да іх на выпадак затрымання. Таксама важна адзначыць слабыя месцы ў сваім арганізме і загадзя прайсці абследаванні і лячэнне, і гэтак далей.

Падрабязны план і падрыхтоўка да горшага варыянту здымуць частку трывожнасці. А з тым, што ад яе застанецца, дапамагаюць добрыя зносіны з блізкімі людзьмі, шмат фізічнага руху ці спорту, які вам падабаецца, добры распарадак дня (шмат сну і дастаткова ежы), зварот да псіхолага.

І наадварот, трывогу пагаршаюць такія спосабы змагання са стрэсам, як ужыванне алкаголю, наркотыкаў, азартныя гульні, імпульсіўныя ўчынкі, якія пагаршаюць ваш фізічны стан ці фінансавы статус.

Камфортныя зносіны паміж людзьмі магчымыя толькі тады, калі яны паважаюць адно аднаго і абраны шлях жыцця кожнага. Таму, па-першае, трэба дазваляць блізкім мець асабістыя погляды і не абражаць іх за меркаванні. На крайні выпадак, калі іх погляды выклікаюць у вас моцныя адмоўныя пачуцці, можна дыстанцыявацца ад родзічаў як мага больш: пісаць ці званіць рэдка, размаўляць, абыходзячы спрэчныя тэмы.

Калі няма спрэчных тэмаў, то для захавання адносін трэба прыкладаць намаганні: часцей званіць і пісаць родзічам, дасылаць ім фотаздымкі свайго новага жыцця і прасіць іх даслаць свае. Цікавіца іх жыццём і расказваць пра сваё, нават пра дробязі.

Гэта часам не так лёгка зрабіць і патрабуе значных намаганняў, але, на мой погляд, варта таго.

Кацярына Луцэвіч, Budzma.org

Ілюстрацыі створаны з дапамогай прылады Poe.com