Былы палітвязень ПК-15: «Кнігі ў бульбяных мяшках вазілі ў кацельню — і спальвалі»

Ігар (імя героя зменена з нагоды бяспекі) — былы палітвязень. Ён адбыў у ПК-15 некалькі гадоў, вызваліўся па заканчэнні тэрміну і з’ехаў з Беларусі. Мужчына падзяліўся з «Вясной» інфармацыяй пра тое, як у магілёўскай папраўчай калоніі № 15 у мяхах з-пад бульбы на спальванне вывозілі 70% прыватных бібліятэк.

Spalvannie knih

Кнігі ды навучанне: татальная забарона

Герой распавядае, што абмежаванні на кнігі ды навучанне сталі асабліва жорсткімі ў апошнія год-паўтара. Пад забарону трапіла не толькі «небяспечная» літаратура, але і адукацыя агулам.

«Апошні год-паўтара гэта быў наогул цырк, — успамінае Ігар. — Пасля пачатку вайны ва Украіне ў нас пачалі спальваць літаратуру расейскіх «замежных агентаў».

Раней заплюшчваліся вочы на тое, што ў зняволеных ёсць асабістыя бібліятэкі. А ў 24-м годзе адабралі ўсе асабістыя кнігі ў зняволеных, усе звезлі ў бібліятэку, адсартавалі і адсоткаў 70 знішчылі адразу. Кнігі ў бульбяных мяшках вазілі ў кацельню — і спальвалі. Сабралі тры мяхі — ды спалілі.

Вучэбная літаратура была забароненая амаль уся. Засталася толькі мастацкая. Польская мова лічылася варожай — за падручнік цябе чакала цікавая «гутарка», маглі даць дзесяць сутак у ШІЗА. Англійская яшчэ неяк праходзіла, а польская — не».

Затое засталіся лекцыі і абавязковы прагляд навін і прапагандысцкіх фільмаў.

«Раней камер было менш, і палова лекцый прапускалася, — распавядае Ігар. — Але паставілі шмат камер — і цяпер начальнік можа ў любы момант праверыць».