Зіма нейкая трывожная, праўда? Пачынаючы ад Грэнляндыі, якую вось-вось ці то купяць, ці то захопяць, і сканчаючы даўно ня бачанымі сьнегападамі й маразамі, якія прышлі ў Беларусь. Тым часам Валера Руселік у сваёй утульнай рубрыцы «Прыдарожны пыл» з аптымізмам глядзіць на тэрмомэтар на вакне й на сумёты пад вакном.
Скажу адразу: пара году, зь якою ў мяне асацыюецца Беларусь — гэта восень. Канец кастрычніка — пачатак лістапада. Полымя апошняе лістоты. Чорнае выбранае поле зь сіняю абзою далёкага лесу. Бяздонныя туманы і першыя шкляныя калюжыны. Дзяды. Хатняя ўтульнасьць, падкрэсьленая непагадзьдзю на дварэ.
І — зацятая надзея на тое, што хай і дрэнна вакол, а будзе і яшчэ горш, але ж не назаўжды — прыйдзе і да нас вясна, акрыяем і паўстанем наноў!
Люблю.
Валера Руселік каля зьлепленае сьнежнае бабы. Варшава, 2026 г. Фота з архіву аўтара
Між тым мушу прызнацца ў найлепшых пачуцьцях і сёлетняй зіме. Як даўно ўжо не было — сьнежнай і марознай. Завеі і завірухі. Сумёты й маразы. Апошні раз памятаю гэткую, бадай, яшчэ ў раньнім юнацтве. Коўзанкі, што заліваліся ўмомант, сьнежныя замкі і сьнежныя бабы, замураваныя марозам шыбы — вось гэта вось усё. Урэшце, паўмэтровы лёд на вазёрах, скуты Нёман і рыбная лоўля бяз страху праваліцца ў сьцюдзёную ваду. А таксама Каляды і Новы Год — белыя, а ня шэрыя, ах!
Зрэшты, цешыць гэтым разам зіма ня толькі праз ажыўленьне настальгічных успамінаў. Пасьля леташняга бясьсьнежжа і ў выніку сухмені, калі нават Прыпяць упершыню за апошнія трыццаць гадоў не разьлілася ўвесну, можна спадзявацца, што сасмаглая зямля сёлета-ткі натоліцца талаю вадою, рэкі ўбяруцца ў сваю ранейшую моц — і прырода выдыхне з палёгкаю. Будзе менш пажараў на балатах і ў лясах. Цяперашнія маразы павымарожваюць кляшчоў, істотна скараціўшы іх папуляцыю і актыўнасьць у цяплейшую пару года. Тое ж самае — з камарамі і гнюсам.
Адным словам, як той казаў, зіма — ліха, а безь зімы яшчэ горш.
Засьнежаная Горадня. Фота: newgrodno.by
Разумею, што маё захапленьне сёлетняю зімою падзяляюць далёка ня ўсе. Дарогі пазасыпала, праехаць немагчыма. Камунальнікі стыхіі рады не даюць. Тут табе і аварыі, і соль абутак разьядае. Адным словам, пахутчэй бы ўжо вясна!
Між тым гэтая непадрыхтаванасьць да стыхіі нараджае ўва мне — на тле цалкам сабе справядлівага абурэньня суграмадзянаў — яшчэ адну прычыну для радасьці. Калі хочаце, мэтафарычную.
А як жа ж гэтак сталася, што камунальныя службы не падрыхтаваныя да зімы і сьнегападаў? Гэта ж яшчэ на нашай памяці, а ня сто-трыста-пяцьсот гадоў таму, было нормаю: сьнегу па шыю, ад марозу дрэвы трашчаць — ну стандартная ж беларуская зіма! Урэшце, гэта ж пра яе ў нас столькі прымавак. Лютая зіма — гарачае лета. Сьнегу надзьме, значыць, хлебу прыбудзе. Дзякуй, мароз, што сьнегу прынёс! Зіма на лета працуе, а лета — на зіму!
Няўжо ж забылі? Прызвычаіліся да сьнежня з дажджамі, няўцямнага студзеня і расхлябанага лютага? На тле глябальнага пацяпленьня пахавалі зіму канчаткова, а яна — бац-бац у вакно?
Каб адолець стыхію, недастаткова папросту перафарбаваць спэцтэхніку ў чырвоны і зялёны колеры. Раскідвальнік пясчана-саляной сумесі на менскіх вуліцах. Фота: БелТА
Ну і чым не мэтафара да Беларусі, да нас з вамі, спадарства? Колькі ўжо нас хавалі, колькі ставілі на нас крыж — а мы ўсё жывем і жывем. Здавалася б, усё скончана, забудзьце вы пра тую Беларусь, няма больш яе, няма ані мовы, ані краіны, ані герояў — хто жывы застаўся й на волі, той даўно ўва ўцёках туляецца па чужынах й нават не азіраецца больш на пакінуты Край. Няма ані школы сваёй, ані ўлады, ані культуры — скрозь усё чужое. Баль правяць прыхадні і тыя, хто выракся свайго. Дзеці родную мову ведаюць горш за афіцыйна замежную. Замест нацыянальнае ідэі — «а какая разница» і ўсходняя нізкаякасная дрыпцаца.
Адным словам, можна хаваць тую Беларусь канчаткова, няма чаго і думаць. І тут раптам... — бац-бац у вакно!
Выпадкова сустрэтыя на вуліцы незнаёмыя беларускамоўныя падлеткі.
Рэклямная абвестка з гэткімі мілымі сэрцу «ў» ды «і» на стэндзе ў ліфце.
Перакладзеныя пасяродку чырвонымі белыя кашулькі на крамнай паліцы.
Беларускамоўная песьня ад дагэтуль расейскамоўнага выканаўцы.
Наскі пераклад «Гары Потэра».
Нечаканае запрашэньне на экскурсію ў Горадню, Сынкавічы, Нясьвіж ад калегі па працы, які, здавалася б, анічым гэткім ніколі не цікавіўся...
І ведаеце, сябры, вось грэе мяне гэтая мэтафара, грэе! І чым большы мароз за вакном, тым цяплей на сэрцы ад упэўненасьці, што, нават калі цябе ўвесь сьвет даўно пахаваў, толькі ад цябе залежыць — паміраць альбо жыць далей.
Дзякуй табе за гэта, цудоўная беларуская зіма!
Валера Руселік, Budzma.org
*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org