У Гарадку ўжо колькі гадоў запар праводзіцца свята “Гарадоцкі Парнас”. У вёсцы Астраўляны Гарадоцкага раёну нарадзіўся паэт Канстанцін Вераніцын, які напісаў ў 1855 годзе паэму “Тарас на Парнасе”, вельмі мной любімую яшчэ са школьных гадоў. Аўтарства было ўстаноўлена ў 1973 годзе, і жыхары Гарадка вельмі ганарацца, што паэму напісаў іх зямляк: пэўна, таксама палюбілі твор яшчэ са школы.
***
На свята мяне запрасіў мой сябар, паэт і перакладчык з Віцебска Уладзімір Папковіч.Сказаў, што звычайна там бывае “цэлы кірмаш”. І вось уранку 15 чэрвеня, як толькі ў цэнтры горада загучала музыка, я скіравалася насустрач святу. Мужчыны ў скверы прыладжвалі да шчыта галаву дзіка, чучалы птушак; маё грынпісаўскае нутро здрыганулася, і я пасунулася далей. А далей было весялей. Прыгожыя жанчыны не субтыльнага целаскладу ў нацыянальных строях раскладалі на сталах прысмакі. Хлопцы майго веку пахаджвалі ў саламяных капелюшах і дзівосных кашулях. Лагоднымі вочкамі пазірала кардонная карова з пучком травы ў роце, вымя ёй зрабілі з гумовай пальчаткі – нічога сабе атрымалася жывёліна.
***
Мой сябар, кіраўнік магілёўскай суполкі ТБМ Алег Дзьячкоў, даведаўшыся, што я планую паездку ў Гарадок, даручыўзайсці ў мясцовы краязнаўчы музей, каб пасля замовіць тут экскурсію падчас вандроўкі па Віцебшчыне.
Яшчэ з Магілёва я па тэлефоне распытала ў супрацоўніцы музея пра свята, пра музей, і яна, пачуўшы, што з ёй размаўляюць па-беларуску,таксама пераключылася на родную мову. Запрасіла прыехаць абавязкова.
***
Для нашай суполкі ТБМ я вырашыла прывезці колькі фотаздымкаў, зробленых у музеі. “Здымаць можна?” – спытала я, набыўшы ўваходны квіток за 3800 рублёў. – “Дзве тысячы рублёў за кадр”, – адказалі мне ветлівыя дзяўчаты на касе. Гэта быў “культурніцкі шок”. У маіх мазгах хуценька спрацаваў калькулятар, які выдаў з улікам маёй манеры маланкава здымаць усё, што бачу, лічбу ў 200-300 тысяч. Я панура адмовілася, палічыўшы, што правінцыйны музей, маючы фінансавыя цяжкасці, усё ж грошы вырашыў рабіць з паветра.
***
Я накіравалася на другі паверх, дзе да мяне прыкамандзіравалі маладзенькую дзяўчыну. Я ўзрадавалася: думаю, во, будзе каму пытанне-другое наконт экспанатаў задаць! Але задаўшы пытанне-другое і не атрымаўшы адказу, я зразумела, што дзяўчыну прыставілі суправаджаць мяне, каб я не сцягнула часам які экспанат. Што дзяўчына і пацвердзіла: здаралася, цікаўныя наведвальнікі намерваліся пагартаць, а то і знесці музейныя кнігі.
***
У той час, як я задавала пытанне-другое дзяўчыне-“канваіру”, да мяне падышла мілая жанчына і спытала, ці не з Магілёва я і ці не са мною яна размаўляла па тэлефоне. Ува мне ўскалыхнулася радасць нечаканай сустрэчы – гэта была Тамара Мікалаеўна, мая беларускамоўная тэлефонная суразмоўца. Яна правяла для мяне цудоўную экскурсію і нават дазволіла бясплатна паздымаць. А таксама прапанавала з’ездзіць на падрыхтаваную музеем аўтобусную экскурсію ў Лосвіда і Астраўляны – на радзіму аўтара “Тараса на Парнасе”.
***
На цэнтральнай плошчы з традыцыйным савецкім помнікам Леніну (як жа без яго?) тым часам пачаўся ўласна сам “Гарадоцкі Парнас”. У першым шэрагу перад сцэнай я заўважыла свайго любімага сябра, паэта Уладзіміра Папковіча, з яго любімым сябрам, мастаком Феліксам Гуменам. Апошнім часам гэтыя даўнія сябрукі вандруюць скрозь разам. Толькі і паспелі што павітацца: Папковіча запрасілі на паэтычную сустрэчу, а я з’ехала ў Лосвіда-Астраўляны. Карміць камароў, наведваць падмуркі драўлянага памешчыцкага дома ў густым лесе, любавацца прыгажосцю возера Лосвіда.
***
Возера падзелена перашыйкам на малую і вялікую часткі. Перашыек гэты быў дарогаю, якая дазваляла скараціць шлях на другі бок возера кіламетраў на дзесяць. Шмат цікавых гісторыяў расказала пра возера і дарогу праз яго экскурсавод Люба. Дарога мела шырыню чатыры метры і была часам пакрыта вадою. Часта прыезджыя, не ведаючы пра існаванне падводнай дарогі праз возера, нямала здзіўляліся, убачыўшы, што хтось ідзе “по воде аки посуху”. Падчас вайны па гэтай дарозе перапраўляліся нашыя танкі, што было нечаканым для немцаў.
***
Экскурсавод Люба нарадзілася на Магілёўшчыне, у Чэрыкаве, у той час як я, жыхарка Магілёва, нарадзілася на Віцебшчыне, у вёсцы, якая калісьці ўваходзіла ў Гарадоцкі раён. Вось так перакрыжоўваюцца шляхі.
***
Дуб у Лосвідзе велізарны, ахапіць яго можна хіба ўчатырох. Люба расказала, што існуе спосаб вызначэння ўзросту дуба: адзін ахоп роўны 150 гадам, а значыць, гэтаму дубу ўжо каля шасцісот гадоў. Ну, тут мы, вядома, кінуліся абдымацца з дубам, загадваць нематэрыяльныя жаданні для сябе і сваіх блізкіх, прытуляцца да дрэва, каб набрацца моцы. Дуб прывык ужо, я думаю, да такіх абдымкаў.
***
На маленькім пранырлівым аўтобусіку, едучы да вёскі Астраўляны, мы завярнулі да возера з прыгожым, зарослым ліпамі, востравам на ім. Па старадаўняй легендзе калісьці ў гэтых мясцінах жыў багаты памешчык. У яго была дачка Ляна, якая закахалася ў хлопца з беднай сям’і. Бацька Ляны не даў згоды на шлюб, адмовіўся зладзіць вяселле. А каб дачка забылася пра сваё каханне, выселіў яе на востраў пасярод возера. Там дзяўчына, не вытрымаўшы растання з каханым, памерла. А мясціны гэтыя сталі называць Астраўлянамі.
***
У Астраўлянах нас таксама чакала мемарыяльная шыльда, прысвечаная “Тарасу на Парнасе” і яе аўтару, мясцовыя жыхары з малымі дзеткамі, прыгожыя жанчыны ў беларускіх строях, сталы з пачастункамі, беларускія песні, гульні на свежым паветры, і нават камары ад нас адсталі. Дождж пачаўся якраз тады, як мы загрузіліся ў аўтобус, каб ехаць у Гарадок.
***
У Гарадку а трэцяй гадзіне дня ішоў дождж, людзі пад парасонамі слухалі на вуліцы Савецкай спевы ўдзельнікаў музычных калектываў. Уладзімір Папковіч, выступіўшы са сваімі вершамі, пэўна, з’ехаў у Віцебск. А свята працягвалася.
***
Праз тыдзень, працягваючы вандроўкі па сцежках Канстанціна Вераніцына, я наведала Горкі, дзе вучыўся мой таленавіты зямляк, і пахадзіла калідорамі Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі – колішняга Горы-Горацкага земляробчага інстытута, дзе вучыўся Вераніцын.
***
А вось некалькі цікавых фактаў з біяграфіі Канстанціна Вераніцына (узята з Вікіпедыі):
“Паходзіў з прыгонных сялянаў памешчыкаў Бондаравых. Спачатку яго прозвішча было Васільеў. У 1851 годзе, пасля атрымання “вольнай” ад свайго пана Васіля Бондарава, ён прыпісаўся ў мяшчане і выбраў сабе прозвішча “Вераніцын”.
Вучыўся ў Гарадоцкай парафіяльнай школе, Віцебскай гімназіі і два гады ў Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі, адкуль яго адлічылі ў 1854 годзе. У 1857 паступіў у Горы-Горацкі інстытут адразу на трэці курс і ў 1859 годзе ў ліку найлепшых студэнтаў скончыў яго са званнем агранома…”
З гэтай біяграфічнай даведкі вынікае, што паэму “Тарас на Парнасе” ён напісаў якраз пасля таго, як яго адлічылі з Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі, і да таго, як паступіў вучыцца ў Горы-Горацкі інстытут. Дарам часу не губляў, як бачым.
На сайце Віцебскай абласной бібліятэкі імя У.І. Леніна зазначаецца: “…усё гаворыць за тое, што паэма нарадзілася ўвесну 1855 года ў Гарадку і адразу ж разышлася па ўсёй Беларусі. Яе папулярнасць была проста фантастычнай. Е. Раманаў здзіўляўся: “Тараса” — усё роўна як “Сон Багародзіцы” — знойдзеш ува ўсякай хаце. Пісьменныя шчыра пішуць яго сабе на паперку, цёмныя шчэ шчырэй вучаць яго на памяць”.
За 34 гады вуснага і рукапіснага бытавання паэма згубіла імя аўтара, стала ананімнай. Пасля 1889 года вытрымала мноства выданняў, адыграўшы вялікую ролю ў нацыянальнай самаідэнтыфікацыі беларусаў, у станаўленні літаратурнай мовы, у развіцці ўсёй беларускай літаратуры. Цудоўны твор дагэтуль мае нязменны поспех”.
Сапраўды, люблю перачытаць паэму!
Надзея Бацілава, Магілёў