Беларускі моладзевы хаб у Варшаве 25 сакавіка поўніўся музыкай. Вольны аркестр, гурт «Літы талер» і бандурыстка Алеся Бойка выкналі творы, важныя для беларусаў і ўкраінцаў.
У розных гарадах Польшчы сёлета на Дзень Волі можна было наведаць святочныя канцэрты: імпрэзы прайшлі ў Варшаве, Кракаве, Беластоку, Вроцлаве. 26 сакавіка можна наведаць канцэрт у Гданьску.
Варшаўскі моладзевы хаб прыняў каля паўсотні гасцей, у тым ліку дыпламатаў розных краін.
Выступілі Вольны аркестр, гурт «Літы талер», бандурыстка Алеся Бойка, паэт Андрэй Хадановіч.
З аркестрам спявалі Настасся Мацкевіч, Дар’я Новік, Дзмітрый Даўгадзілін.
За вечар прагучала ажно чатыры гімны, якія публіка слухала стоячы.
Канцэрт распачаўся гімнам БНР «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» і гімнам Украіны. Гралі таксама кант «Гімн ВКЛ», а завяршыла выступленне «Пагоня», якая ўспрымаецца як гімн новай Беларусі.
Цікава было пачуць у выкананні аркестра песні гурта NRM «Паветраны шар», «Простыя словы» з альбома «Я нарадзіўся тут», «Я не здамся без бою» гурта «Океан Ельзи».
Андрэй Хадановіч прачытаў у тым ліку і верш украінскага паэта Сяргея Жадана.
Гурт «Літы талер» выканаў на дудах інструментальную кампазіцыю «Багіня».
Файна, што на адной імпрэзе з беларукімі дудамі прагучала ўкраінская бандура.
26 сакавіка Беларускі моладзевы хаб у Варшаве запрашае на лекцыю гісторыка Андрэя Радамана «БНР і станаўленне беларускай дзяржаўнасці».
Алена Ляшкевіч, budzma.org