Антону Сіманкову 21 год. І ён ужо другі раз арганізуе ў цэнтры Мінска фестываль вулічнай музыкі. Вядома, і да гэтага былі спробы зладзіць такое свята, але без належнай канцэпцыі і сур’ёзнага размаху. У 2011 годзе фэст вулічнай музыкі ўзяліся былі рабіць літоўцы – арганізатары такой дзеі ў Вільні, але іх жадання хапіла на адзін раз.
Развіццё атрымалі летнія канцэрты на вуліцы Карла Маркса і джазавыя вечары ля Ратушы, але гэта трохі іншы фармат. Студэнт БНТУ Антон задумаў сабраць у адзін дзень на некалькіх лакацыях у цэнтры горада найбольш вартых беларускіх музыкаў розных стыляў, а назбіраныя ў іх шапкі і футаралы для інструментаў грошы пералічыць на дабрачынныя мэты.
– Ідэю мы прыдумалі з маім сябрам Дзімам Цішко, які працуе ў Купалаўскім тэатры рэжысёрам. Ішлі пасля яго спектакля, і я сказаў, што было б крута, калі б у парку Перамогі гралі музыкі цягам дня – і для іх прыемнасць, і для мінакоў свята. Ад ідэі да рэалізацыі прайшло 1,5 месяца. І летась у жніўні мы зрабілі першы фестываль вулічных музыкаў “Месца пад сонцам”, – распавядае Антон.
Ён лічыць, што для арганізацыі мерапрыемства патрэбны талент, але сапраўднае майстэрства выяўляецца менавіта ў тым, каб прыдумаць ідэю, вартую рэалізацыі. Першы фэст “Месца пад сонцам” прайшоў у Мінску летась, 29 жніўня. На трох пляцоўках у Верхнім горадзе выступілі 33 гурты.
– Самы вялікі штуршок да дзеяння нам дала платформа “Талака”, дзе праводзіўся конкурс “Разам Мінск”. У межах гэтага праекта і мы зрабілі наш фэст. Не буду апісваць нудотную працэдуру, але іку нам дапамагла Алена Сямёнаўна Піскунова з адміністрацыі Маскоўскага раёна, калі б не яна, фэсту ога не было бы наогул. Яна ўзяла на сябе вырашэнне ўсіх папяровых пытанняў, а я заняўся цікавай справай – зборам музыкаў і арганізацыяй. Ідэя палягала ў тым, каб даць кожнаму сваё месца пад сонцам. А ахвяраванні слухачоў мы пералічылі ў спартова-рэабілітацыйны цэнтр “Эгалітэ”.
Сёлета ў фэсце “Месца пад сонцам” возьме ўдзел яшчэ больш музыкаў. Калі мінулым разам гралі ўсе ахвочыя, то сёлета прыйшло больш за 100 заяваў – давялося абіраць. Пляцовак будзе пяць – “Карэтная майстэрня”, “Ля Ратушы”, “Музычны завулак”, “Акустычная” і “Касмічная”. Грошы ў гэтым годзе вырашана пералічыць у фонд “Галоўнае жаданне”. Сам Антон кажа, што ні капейкі ў сваю кішэню не кладзе, а проста атрымлівае задавальненне ад таго, што робіць. На другім фэсце ён хоча паказаць музыку ва ўсёй яе шматстайнасці.
– Абіраў з увагі на тое, што можа быць цікава пачуць гасцям фэсту – напрыклад, дзяўчыну з арфай з Піцера. Ці шмат хто чуў гэты інструмент ужывую? Наогул жа будзе і джаз, і блюз, і рок, і фолк, і класіка, і дударская музыка, і танцавальная. Практычна 95% удзельнікаў – аўтары сваіх тэкстаў і музыкі, менавіта на аўтарскую музыку мы робім стаўку. Таксама ў гэтым годзе асаблівую ўвагу мы аддаем беларускамоўным музыкам. Калі я пачаў рабіць фэст, то ведаў з нашых гуртоў толькі Intelligency, Iowa, Navi, Hurma, “Песняры”. Сорамна, цяпер вось выпраўляюся – раблю так, каб госці фэсту маглі пачуць шмат новых і цікавых камандаў”, – заяўляе Антон.
Зразумела, што без дапамогі і спрыяння такі фэст не зрабіць. Спрыянне ёсць – гарадскія чыноўнікі нібы зацікаўленыя ў яго правядзенні. Дзяржаўная ўстанова “Мінскканцэрт” і прыватная школа “Музшок” дапамагаюць музычнай апаратурай, “Сlever Irish pub” дапамагае з друкам афішаў. Але наяўнасцю сур’ёзных спонсараў “Месца пад сонцам” пакуль не можа пахваліцца.
– Ужо другі год мы робім усё без спонсараў, што для мяне дзіка, бо мы маем даволі шырокі ахоп аўдыторыі. Можа, гэта вынік маёй недасведчанасці. Сёлета хацелі прывезці славуты дацкі вулічны гурт Brothers Moving. Хлопцам было цікава пазнаёміцца з нашай краінай, культурай, ім дужа спадабалася наша ідэя, яны пагадзіліся прыехаць зусім за невялікую суму, але і яе мы не знайшлі. Фэст трымаецца на неабыякавых людзях. Адмовілі ў падтрымцы – ваша карма і сумленне. Вырашылі дапамагчы – я такіх людзей не забываю ды імкнуся дапамагаць ім таксама па меры магчымасцяў.
Калі б была магутная фінансавая падтрымка, Антон зрабіў бы фэст на некалькі дзён на розных пляцоўках. Такі, каб пра яго загаварыў увесь свет. На адной сцэне выступалі б Dokooka, Onuka, Intelligency, Shuma, Mujuice і Дэльфін. На другой – “Акіян Эльзы”, Rammstein, Scooter, AC/DC, RHCP, гэта ў ідэале. А ўвечары ля вогнішча – абавязкова “Спеўны сход” з гуртом Vuraj. Па атмасферы Антон хоча, каб гэта быў фэст, падобны на “Пустые холмы”. Арганізатар “Месца пад сонцам” хоча пазнаёміцца з арганізатарамі буйных фэстаў – такіх як “Дикая мята”, “Файне мисто”, фэсту ў Гдыні ды іншых. Задачу пакуль ускладняе тое, што на паездкі для завязвання кантактаў і абмену досведам патрэбныя грошы, а Антон – студэнт, жыве пакуль з бацькамі і грошай у іх не бярэ з прынцыпу. Але “Месца пад сонцам” ён збіраецца рабіць і надалей.
– Думаю ён стане традыцыйным. Мне падабаецца гэты фэст, гасцям, калі не памыляюся, таксама, музыкі хваляць яго. Чаму не. Я сам яшчэ не веру, што мы другі раз яго робім. Думаў, што пасля першага ўся праца і спыніцца. А што да будучыні, то адкажу словамі Гамера Сімпсана: у будучыні – праблемы мяне будучага, і я яму зусім не зайздрошчу.
Фэст “Месца пад сонцам” пачнецца 14 траўня ў 13.00 і працягнецца да 22.00 на 5 пляцоўках.
13.00 – 14.00 Коктейль Шаляпина
14.00 – 15.00 .К
15.00 – 16.00 Mission Jupiter
16.00 – 17.00 Pauline
17.00 – 18.00 Vuraj
18.00 – 19.00 Martin S.
19.00 – 20.00 Re1ikt
20.00 – 22.00 Intelligency
14.00 – 14.40 Yulany
14.40 – 15.20 Спецыяльны госць
15.20 – 16.00 The Barrelhouse
16.00 – 17.00 Big Daddy Blues
17.00 – 18.00 U.G.OSLAVIA
20.00 – 22.00 Дядя Ваня
13.00 – 13.40 Nevrida
13.40 – 14.20 Гарадскi Вал
14.40 – 15.20 Лепшы Квас
15.20 – 16.00 JO!NA
16.00 – 17.00 by street jazz
17.00 – 18.00 Hurma
18.00 – 19.00 Navi
13.00 – 14.00 Дзiвабор
14.00 – 15.00 Ганна Гардзенка
15.00 – 16.00 Эльдорадо
16.00 – 18.00 дудар Сяргей Кулагін + сябры
Таксама ў фэсце возьмуць удзел: “Оркестр Фишера”, “ТЧК”, Юлія Шабанава , “Тувинский джаз”, Анэліс Перэс і гурт “Румба Хавана”, школа танцаў “Кандэла”, Ярамір, Андрэй Бутэнка.
Сяргей Будкін